Прислать новость
  • 31 °C
    Погода в Бресте

    31 °C

  • 2.5368
    Курс валюты в Бресте
    USD2.5368
    EURO3.0185
    100 RUB3.4673

Сяргей Абламейка: «Каліноўскі лічыў сябе беларусам, звяртаўся да беларусаў і марыў пра будучую Беларусь»

112 17.01.2021 16:53

Знаёмім чытачоў «БГ» з апошняй кнігай Сяргея Абламейкі, дзе можна даведацца, які палітычны запавет пакінуў Кастусь Каліноўскі беларусам.

Лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў і першы беларускі нацыянальны палітык Кастусь Каліноўскі, паказаўшы нам прыклад, як змагацца за свабодную і дэмакратычную Беларусь, безумоўна, – наш нацыянальны Герой. Але доктар гістарычных навук, пісьменнік і журналіст Сяргей Абламейка, аўтар кнігі «Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі», першае і другое выданьне якой выйшлі адпаведна ў лютым і сакавіку 2020 году, лічыць: азначэнне «Герой» не дакладна адпавядае яго ролі ў гісторыі. Герояў беларусы маюць шмат, а Каліноўскі ў нас адзін. Ён – сапраўдны бацька беларускай нацыі, бо паказаў нам шлях, па якому трэба ісці, каб мець сваю незалежную і дэмакратычную радзіму. Кніга пра Кастуся Каліноўскага выклікала моцны інтарэс і разышлася па чытачах вокаімгненна. Таму мы папрасілі яе аўтара, які жыве ў Празе і працуе на «Радыё Свабода» (ствараў цыклы гістарычных і культуралагічных перадач «Terra Incognita», «Беларускія раздарожжы», «Сымбаль Веры»), пазнаёміць з ёй чытачоў «БГ».

Каля саркафагаў з парэшткамі паўстанцаў на могілках Росы ў Вільні

Да пераасэнсавання ролі і значэння Кастуся Каліноўскага ў гісторыі павінна было прывесці разуменне таго, што ў іх ранейшай трактоўцы яны былі не зусім дакладна вызначаны. Якім паўстае гэты чалавек у Вашай кніге, якую Вы самі вызначылі як гісторыка-філасоўскае эсэ?

Реклама

– Раней гісторыкі казалі пераважна пра ўласна паўстаньне, паўстанцкіх камандзіраў і паўстанцкага лідэра. Шмат пісалі пра асобныя баі і баявыя сутычкі, пра камандзіраў таго або іншага паўстанцкага атраду. І значна менш – пра ідэялогію паўстаньня, пра яго палітычны бок і палітычных лідараў, якія зусім не бралі ўдзелу ў баях.

Вокладка кнігі

Я ўважліва прааналізаваў працы гісторыкаў-папярэднікаў, дакумэнты паўстання, публіцыстыку паўстанцаў і ўспаміны сучаснікаў і зрабіў свае даволі нечаканыя высновы.

У кнізе я паказваю, што Каліноўскі і група ягоных прыхільнікаў неслі выразную беларускую нацыянальную ідэялогію. Я ўбачыў, што з агульнапольскага руху менавіта тады вылучыўся беларускі нацыянальны рух.

1 лютага 1863 году Кастусь Каліноўскі з паплечнікамі ўтварылі ў Вільні Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі. І гэты дзень можна лічыць днём нараджэння сучаснай мадэрнай Беларусі, якая да таго існавала пад назвамі і Русь, і Літва. Адпаведна, мы можам гаварыць, што беларуская нацыянальная палітыка ўзнікла не ў пачатку ХХ стагодздзя, але менавіта ў часы паўстання, на 50 гадоў раней.

Ужо летам 1863 году другі ўрад Каліноўскага, так званы «Чырвоны жонд», узяў курс на аддзяленне былога Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы.

Перапахаванне парэшткаў паўстанцаў і Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Ёсць у кнізе і главы, дзе мова вядзецца пра тое, як тагачасныя адукаваныя ліцвіны і русіны выбралі этнонім і палітонім «беларус» у якасці сваёй нацыянальнай назвы, і ролю ў гэтым працэсе братоў Каліноўскіх.

Важна было паказаць, што Каліноўскі не быў каталіцкім шавіністам, як яго спрабуюць прадставіць. У кнізе расказваецца, што ў шэрагах паўстанцаў былі як каталікі, так і праваслаўныя. Удзел у паўстанні бралі праваслаўныя святары, 14 з якіх было арыштавана, праваслаўныя манахі Жыровіцкага кляштару на баку паўстанцаў бралі ўдзел ў бітве пад Мілавідамі, некаторыя праваслаўныя шляхціцы былі паўстанцкімі начальнікамі паветаў і г. д.

Вы менавіта Кастуся Каліноўскага называеце родапачынальнікам і бацькам беларускай нацыі, а таксама яе дзяржаўнасці і сучаснай беларускай мовы. Для тых, хто не мае магчымасці пазнаёміцца з кнігай, растлумачце, калі ласка, чаму так.  

– Я прааналізаваў тэксты Каліноўскага і ўбачыў там нацыянальны запавет сучасным беларусам. Шмат размоваў у асяродздзі непрыхільных да Беларусі гісторыкаў пра тое, што Каліноўскі быў палякам, а беларускую мову выкарыстоўваў толькі як сродак прапаганды сярод сялянаў.

Реклама
Сяргей Абламейка на перапахаванні парэшткаў паўстанцаў і Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Гэта наш першы палітык, першы незалежнік.

Думаю мне ўдалося на падставе тэкстаў Каліноўскага пераканаўча паказаць, што ён лічыў сябе беларусам, звяртаўся да беларусаў і марыў пра будучую Беларусь.

На падставе тэкстаў Каліноўскага ў кнізе фармулююцца дзесяць пастулатаў беларускай нацыянальнай ідэі, якія застаюцца дагэтуль актуальнымі.

Таму я і назваў яго бацькам сучаснай беларускай нацыі. У палітычным сэнсе ўсё пачалося менавіта тады, хоць гэта пры першым поглядзе на тыя падзеі і не кідаецца ў вочы.

Дарэчы, знайсці кнігу проста, яна выстаўлена для свабоднага спампоўваньня.

Саркафаг з парэшткамі Каліноўскага

– Сёння ў Беларусі таксама ёсць тыя, хто сваёй самаахвярнасцю падобныя на Кастуся Каліноўскага: Мікалай Статкевіч, Павел Северынец і многія іншыя. А ці маглі б Вы правесці паралелі паміж тым, за што змагаўся Каліноўскі, і мэтамі сучаснага пратэстнага руху, ці ёсць сувязь, пераемнасць ідэйных зместаў паўстання 1863-1864 гг. і сучасных падзей?

– На сайце “Радыё Свабода” яшчэ 20 чэрвеня 2020 году па выніках кампаніі па збору подпісаў і рыторыцы людзей ў чэргах да перадвыбарчых пікетаў кандыдатаў, я апублікаваў эсэ «Нацыя беларусаў закончыла фармаваньне. На чарзе – перамога беларускай мовы». Я нечакана для сябе ўбачыў, што ў Беларусі адбываецца шырокі нацыянальны пратэстны рух. І пра гэта таксама напісаў у шэрагу публікацый летам-восенню 2020 года.

Падставы і сувязі, на якіх у ХІХ і ХХ стагодздзях фармаваліся нацыі, гісторыкі вызначаюць так. Падстаў можа быць шмат, але тры з іх застаюцца нязменнымі. Гэта 1. Памяць пра агульнае мінулае, якое ўсведамляецца як агульны лёс усёй этнічнай групы ці хаця б яе ключавых элемэнтаў. 2. Шчыльныя моўныя або культурныя сувязі, якія забяспечваюць больш высокі ўзровень сацыяльнай камунікацыі ўнутры групы ў параўнаньні з навакольным светам. 3. Канцэпцыя роўнасці ўсіх членаў групы. Усе гэтыя пункты прысутнічалі ў палымянай публіцыстыцы Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. І ўсё гэта можна бачыць і чуць ад простых людзей у сучаснай Беларусі.

Перапахаванне парэшткаў паўстанцаў і Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Пра тое ж гавораць названыя вамі палітыкі, якія цяпер сядзяць у турме. Але не толькі. І тыя палітыкі, што на свабодзе і ў эміграцыі, у тым ліку новыя палітыкі, што толькі ў 2020 годзе прыйшлі ў палітыку, гавораць пра тое ж. Я бачу ў сучасным беларускім пратэсце глыбокі нацыянальны, патрыятычны зьмест.

Нягледзячы на пераважную рускамоўнасьць, ніхто з удзельнікаў пратэстаў сёння не выступае супраць беларускай мовы. Наша гісторыя, наш бел-чырвона-белы сьцяг, наша Пагоня як сымбалі-коды не дадуць загінуць і беларукай мове.

Людзі адчулі сябе супольнасцю, нацыяй, хочуць самі кіраваць у сваёй краіне, хочуць, каб яна была незалежнаю, хочуць быць грамадзянамі і беларусамі.

Я ўжо не раз казаў і магу паўтарыць. Для мяне ў гэтую выбарчую кампанію ўжо ўсё адбылося, незалежна ад таго, чым бы яна не скончылася. Я ўбачыў тое, што даўно марыў убачыць і чаго баяўся не ўбачыць – сучасную беларускую нацыю.

Перапахаванне парэшткаў паўстанцаў і Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Сфармуляваныя Кастусем Каліноўскім у сярэдзіне XIX ст. пастулаты, што леглі ў аснову беларускай нацыянальнай ідэі, сталі яго своеасаблівым палітычным запаветам нашчадкам. Мы прапануем для азнаямлення адзін з раздзелаў кнігі пад назвай «Палітычны запавет», каб чытачы, азнаеміўшыся з палітычным запаветам Каліноўскага ў інтэрпрэтацыі аўтара кнігі, маглі зрабіць самастойную выснову адносна таго, ці мае ён актуальнасць сёння, у кантэксце сучаснай унутры- і знешнепалітычнай сітуацыі Беларусі.

Палітычны запавет

У «Лістах з-пад шыбеніцы» ўтрымліваюцца яшчэ не сыстэмна сфармуляваныя, але ўжо дакладна акрэсленыя пастулаты беларускай нацыянальнай ідэі. Іх дзесяць. І ўсе яны дагэтуль актуальныя:

  1. Самы галоўны з іх: Мы – беларусы. Гэта слуп, на якім стаіць Беларусь. Каліноўскі цалкам атаясамлівае сябе з беларускім народам, фактычна, называе сябе беларусам і сцьвярджае суб’ектнасьць беларускага народу: «…Каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае». «…Енарал Касцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся і а каторым народ наш спявае». «…Нам пад рондам польскім не заўсім было добра».
  2. Каліноўскі называе першаступеннай каштоўнасцю сувэрэнітэт народу: «Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль… гэтак не робіць».
  3. У некалькіх месцах Каліноўскі называе вялікай каштоўнасцю патрыятызм. Вось адно з іх: «…Ты, аднак, народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчызну».
  4. Каліноўскі ставіць пытанне пра сацыяльную справядлівасць у будучым беларускім грамадстве: «…Ронд наш павінен быць на ўсё чуткі, каб мог для дабра народнага за ўсяго карыставаць».
  5. Каліноўскі адкідае расейскі тэзіс пра «брацтва» беларускага і расейскага народаў, моцна яго крытыкуе, піша пра рэкруцкія наборы, высылкі ў Сібір і параўноўвае расейскіх чыноўнікаў з са-ранчой. Паводле Каліноўскага, Расея «пабіўшыся з палякамі, каб удзяржаць сваё панаванне, да нашага брацтва хоча ўпісаціся».
  6. Каліноўскі разумее, што з усіх суседзяў Беларусі менавіта Расея распрацавала найбольш грунтоўны комплекс ідэалагічных і гістарычных аргумэнтаў для асыміляцыі беларусаў. Ён піша пра несправядлівую забарону Ўніяцкай царквы і, фактычна, выказваецца за яе вяртанне: «…Каб слёзы мужыцкія не трапілі перад тронам праўдзівага Бога, забралі нам і духоўну нашу пацеху  нашу веру ўніяцкую».
  7. Каліноўскі ставіць пытанне пра адукацыю на роднай мове. Два апошнія тэзісы, відавочна, разумеюцца ім як процівага асыміляцыі: «…Маскаль… там, дзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах вучаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску».
  8. Каліноўскі высоўвае тэзіс пра развіццё ў будучай Беларусі ўсеагульнай адукацыі, культуры і навукі як гарантыю ўсеагульнага дабрабыту: «…Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе».
  9. Каліноўскі называе найбуйнейшую геапалітычную пагрозу для існавання Беларусі і беларускага народу. Гэта  – «маскаль», Расея: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што

тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».

  1. Каліноўскі ставіць пытанне пра неабходнасць арыентацыі Беларусі на Польшчу, а значыць – на Захад. Ён відавочна яшчэ не мае яснага бачання далейшага лёсу сваёй краіны, не ведае, у якой форме будзе захаванае адзінства Польшчы, Літвы і Беларусі – фэдэрацыі, канфэдэрацыі ці нейкай іншай форме дзяржаўнага саюзу – і ці будзе яно захаванае наогул. Але праз увесь тэкст «Лістоў з-пад шыбеніцы» параўноўвае парадкі і падыходы «ронду польскага» з «рондам маскоўскім» і прыходзіць да высновы, што «…Польскае дзела гэта наша дзела, гэта вольнасці дзела». «Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду і свабоду… грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную». Арыентацыю на Польшчу ХІХ стагодзьдзя ва ўмовах тагачаснага процістаяньня з Расеяй – у ХХІ стагодзьдзі можна смела трактаваць як заклік Каліноўскага да празаходняй геапалітычнай арыентацыі Беларусі і жыццёвую неабходнасць такой арыентацыі для народу і краіны ў будучыні. Апошняя цытата наогул усеабдымная. Яна адна можа быць і палітычным запаветам, і нацыянальнай ідэяй. Тут звяртаюць на сябе ўвагу тэзіс пра «чалавечае права» (захаванне правоў чалавека), пра «народнае права» (захаванне нацыянальных правоў), а за заклікам ваяваць «за сваю зямлю радную» зноў стаіць тэзіс пра вялікую каштоўнасць патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны.

Гэта — класіка беларускай палітычнай ідэі, яе вытокі.  

Каля магілы Луцкевічаў на могілках Росы  ў Вільні. Сяргей Абламейка, яго жонка Вольга, Уладзімір Арлоў і дырэктар Беларускай службы РС Аляксандр Лукашук
Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google, добавьте в избранное в Yandex Новости

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.