Прислать новость
  • -1 °C
    Погода в Бресте

    -1 °C

  • 2.4161
    Курс валюты в Бресте
    USD2.4161
    EURO2.4939
    100 RUB3.9936

«Працягваюцца выезды на палігон, навучанне, тактыка». Ціхан Клюкач — аб палку «Пагоня», творчасці і маладых беларусах

19.10.2022 06:15

«Я ваюю за ідэю, за вольную Украіну, за вольную Беларусь супраць Мордара, супраць Расейкай імперыі». 

Берасцеец Ціхан Клюкач правёў паўтары гады за кратамі за ўдзел у «Маршы еднасці» ў Менску. Пасля вызвалення вырашыў, што хоча са зброяй у руках абараняць Украіну. Пасля нядоўгага часу ў «вучэбцы» палка Каліноўскага сышоў адтуль і пазней дадучыўся да палка «Пагоня». Паразмаўлялі з Ціханам і даведаліся, як ідуць справы, што адбываецца ў шыхтах беларускіх добраахвотнікаў і якой бачыцца Беларусь будучыні.      

— Ціхан, раскажыце, наколькі магчыма, якія ў вас зараз абставіны. 

Реклама

— Зараз усё больш-менш добра. Я ва Украіне, чакаем канца бюракратычных працэдур, праверкі СБУ і гэтак далей. 

Читайте также: «Сказаць аб іх на ўвесь свет, каб пачулі». Тихон Клюкач попросил у Тихановской помочь освободить калиновцев из плена

— Мы пісалі пра вас вясной. Тады было вялікае інтэрв’ю, і вы казалі на той момант, што збіраецеся ехаць ва Украіну. Раскажыце, які шлях прайшлі з таго часу.

— Тады я, як і хацеў, паехаў у полк Кастуся Каліноўскага. Далучыўся, прабыў трохі больш за тыдзень у вучэбнай роце палка. Пазней сышоў адтуль праз канфлікт з адным з камандзіраў. Па-другое, было дастаткова шмат рэчаў, якія я ў палку Каліноўскага не чакаў убачыць, і якія мяне на той момант расчаравалі. Зараз я бачу, што некаторыя памылкі, якія я заўважаў тады, па маіх звестках, зараз выпраўляюцца, то бок каліноўцы намагаюцца рабіць сваё падраздзяленне лепш. Мне гэта бачыць прыемна.

На той момант я з палка сышоў, але для сябе вырашыў, што ў любым выпадку буду ваяваць. Я ваюю за ідэю, за вольную Украіну, за вольную Беларусь супраць Мордара, супраць Расейкай імперыі. У мяне былі кантакты, і я далучыўся да палка «Пагоня». Спачатку прыехаў на трэнавальную базу ў Польшчы, дзе праходзіў мінімальную падрыхтоўку. Адтуль каля месяца таму выехаў ва Украіну ў складзе групы аэравыведкі. У нас працягваюцца выезды на палігон, навучанне, тактыка і г.д. Зараз чакаю канца афармлення дакументаў у войска.

Тихон Клюкач, Цiхан Клюкач, политзаключенный, брестчанин, Брест, Брестская газета
Фото: b-g.by

— Што ўяўляе з сябе полк «Пагоня»? У каліноўцаў добра сфармаваны вобраз у медыя, а пра «Пагоню» мала вядома.

— Калі стваралася «Пагоня», яна была далёкая ад палка. І зараз, калі мы гаворым пра колькасць байцоў, гэта не полк. Але тады разлічвалі на будучыню, на тое, што гэтае падраздзяленне будзе развівацца, павялічвацца. Больш за тое, калі казаць пра каліноўцаў, то іх байцы не ваююць у складзе Сілаў спецыяльных аперацый, а некаторыя чальцы «Пагоні» ваююць. Канцэпцыя трохі іншая, у тым ліку і таму, што няма такой колькасці інфармацыі, такой працы на медыя, якая ёсць у каліноўцаў, і нам столькі не трэба. 

Што датычыцца мяне, я тут бачу больш адэкватнасці ў вырашэнні розных пытанняў. Калі справай займаюцца людзі, у якіх ёсць досвед вайсковай службы ў Беларусі, мінімальная вайсковая адукацыя, то яны гэтую справу разумеюць дакладна лепш, чым тыя людзі, якія звыклі да цывільнага жыцця, і ў якіх уяўленне пра армію ўзятае з фільмаў або з таго, што калісьці дзесьці служыў сваяк. Калі такіх людзей большасць, яны пачынаюць займаць камандныя пасады, зразумела, што чагосьці добрага не атрымаецца. У «Пагоні» я такой праблемы не бачу. 

Читайте также: «Буду рабіць усё, каб сітуацыя ў Беларусі змянілася»: Гісторыя былога палітзняволенага берасцейца Ціхана Клюкача

Реклама

Але хачу сказаць, што хоць у каліноўцаў ёсць праблемы і некаторыя людзі ў штабе мне асабіста не падабаюцца, усё роўна гэта беларусы. Такія самыя, якія ваююць у «Пагоні», у батальёне «Тэрор» і ў іншых падраздзяленнях. Гэта нашы людзі. У мяне ў палку Каліноўскага ёсць сябры, ёсць знаёмыя. Я не хачу казаць пра полк, што гэта нейкая нездаровая арганізацыя. Я бачу шмат станоўчага і не хачу, каб маю крытыку ўспрымалі як сцвярджэнне, што полк «Пагоня» — гэта класна, а полк Каліноўскага — нейкая банда. Я за ўсіх беларусаў, якія тут.

— У вас як у творчага чалавека зараз увогуле застаецца час маляваць?

— Яго няшмат, але часам так, нейкая хвілінка знаходзіцца.

— Гэта адлюстроўвае тое, што зараз адбываецца?

— Я б не сказаў. Мяне заўсёды, і ў турме таксама, больш цікавіла тэматыка гістарычная. Зараз усё таксама.

Читайте также: Посмотрите, как 18-летний Тихон Клюкач из Бреста, которого судят за беспорядки в Минске, нарисовал Кастуся Калиновского

— Звычайна беларускія дабраахвотнікі хочуць неяк паўдзельнічаць у вызваленні Беларусі. Як вы ўяўляеце сабе Беларусь будучыні, тую новую Беларусь, пра якую так шмат гавораць? 

— Калі казаць пра мае погляды, як я бачу Беларусь, то найбольш, мабыць, яны падобныя на тое, што выказваў Зянон Станіслававіч Пазняк, на тое, што напісана ў дакументах руху «Вольная Беларусь». Гэта Беларусь, у якой будзе адна дзяржаўная беларуская мова, у якой не будзе прэзідэнта, а будзе парламент, якая будзе рухацца ў бок НАТО. Калі мы кажам пра грамадства, то гэта краіна, у якой усе лукашэнкаўскія каты адкажуць за 2020 год і за ўсё, што было да 2020 і пасля 2020, таксама. Гэта будзе краіна, у якой суды будуць судзіць справядліва, у якой людзі не будуць баяцца выказваць сваё меркаванне, у людзей будзе магчымасць змагацца за свае права і казаць аб сваім праве. Гэта будзе краіна, у якой людзі не будуць баяцца міліцыі, і міліцыя будзе займацца выкананнем сваіх абавязкаў, а не тым, чым яна займаецца ў Беларусі лукашысцкай. 

— Што гэтая Беларусь будзе даваць свету?

— Ёсць тое, што нашая краіна давала свету і раней, калі мы кажам пра некаторыя тавары, той калій, іншыя выкапні. Але першае, што Беларусь можа даць свету, — гэта новыя людзі, гэта розум. Той жа самы IT-сектар у Беларусі, вялікая колькасць бізнэсоўваў. 

Галоўны наш рэсурс — гэта маладыя людзі, людзі з мазгамі, якія ўжо зрабілі шмат, якія, калі б не Лукашэнка, ператварылі б Беларусь у квітнеючую еўрапейскую краіну, і ў якіх гэта пасля нашай дапамогі, я спадзяюся, атрымаецца.

— Ідуць спрэчкі наконт таго, ці дастаткова беларускіх добраахвотнікаў, каб штосьці вырашаць у лёсе краіны. Як вам здаецца?

— Калі мы кажам пра колькасць, то я лічу, што на дадзены момант недастаткова. Але гэта людзі, у якіх ёсць — у часткі яшчэ будзе — баявы досвед, веданне таго, як працуе зброя, як працуе тактыка, стратэгія. У кагосьці наогул будзе досвед камандзіра. І беларускія добраахвотнікі, на маю думку, павінны стаць ядром, вакол якога будзе фармавацца вновае беларускае войска, беларускае паўстанцкае войска. 

— Што б вы маглі параіць людзям, асабліва маладым, якія засталіся ў Беларусі і хочуць нешта рабіць?

— Калі людзі рашучыя і хочуць неяк змагацца, я бачу для такіх людзей два варыянты: ехаць ва Украіну, далучацца да нас, да «Пагоні», да каліноўцаў, да «Тэрору» — усё роўна; або заставацца ў Беларусі і самастойна рыхтавацца да яе вызвалення. Ствараць ячэйкі, падрыхтоўваць акцыі, думаць, якім чынам гэтыя акцыі можна будзе зрабіць, калі прыйдзе час для паўстання, гуртаваць вакол сябе паплечнікаў. То бок займацца стварэннем падполля.  

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.