Прислать новость
  • 1 °C
    Погода в Бресте

    1 °C

  • 3.9794
    Курс валюты в Бресте
    USD2.6237
    EURO2.9631
    100 RUB3.326

Пінскі майстар Андрэй Шклёда робіць музычныя інструменты ў Празе: “Як у Беларусі працаваў рукамі, так і тут працую”

539 04.12.2021 06:07 Андрэй Шклёда.. Источник фото

Майстар музычных інструментаў праз палітычны пераслед з’ехаў у Прагу ў верасні 2020-га. Там ён працягвае займацца любімай справай: цяпер робіць гітару.

Андрэй Шклёда распавёў “Брэсцкай газеце”, як 28 год займаецца музычнымі інструментамі, як выпадкова трапіў у Пінскі РАУС 10 жніўня 2020 года і быў вымушаны пакінуць Беларусь. Цяпер у Празе Андрэй таксама займаецца вырабам музычных інструментаў.

Реклама

 Жыццё ў Беларусі

– Мне 42 гады, я нарадзіўся ў Пінску і з падлеткавага ўзросту займаўся музычнымі інструментамі. Ніякая іншая праца мяне не цікавіла. Рамантаваў іх, наладжваў з 14 гадоў. Зрабіў спачатку балалайку, потым гітару. Трошку яна грала, першы блін комам, як кажуць. А потым стала лепш атрымлівацца. Збольшага вучыўся гэтаму сам. У асноўным займаўся скрыпкамі, гітарамі. Гітары рабіў класічныя, эстрадныя, электра.

Гітара ад майстра розніцца ад фабрычнай гукам. Я купляю найлепшае дрэва, выкарыстоўваю лепшы клей, лак. На фабрыцы гітары лакіруюць тым жа лакам, што і мэблю, і гэта адлюстроўваецца на гуку. Майстар можа дастасаваць інструмент да індывідуальных патрэб музыканта.

Пазней стаў рабіць і гістарычныя музычныя інструменты. Мяне вучыў пінскі майстар Юрый Дубнавіцкі: лютні барочныя, арфы. Сам я зрабіў яшчэ клавесін, віёлы, гуслі, дуды, колавыя ліры, цымбалы. Быў дужа зацікаўлены гістарычнымі інструментамі. Ездзіў таксама вучыцца да майстроў у Санкт-Пецярбург і Маскву. У нас у Пінску было шмат майстроў. Горад малы, але творчы.

Читайте также: «Ощущение, что мы в Беларуси будущего». История брестской семьи, которая не захотела, чтобы детей воспитывала система

Мае вырабы куплялі ў асноўным беларусы і расіяне, троху менш – украінцы. Былі кліенты і з іншых краін. Гэта быў мой асноўны занятак, я з гэтага жыў. Новых інструментаў я зрабіў менш, чым адрамантаваў. Шмат маіх вучняў сталі самастойнымі майстрамі. Жывуць цяпер па ўсёй Беларусі, у Брэце, у Мінску. Нехта ў Польшчы, нехта ў Расіі.

Я вучыўся таксама граць, год у Акадэміі Гётэ ў Аксэля Вольфа па класе барочнай лютні і барочнай гітары. Гэта міжнародны праект, які праходзіць штогод у новай краіне. Заняткі адбываліся ў Мірскім замку. А так у 16 год пару месяцаў толькі павучыўся ў музычнай школе.

Быў такі момант, што мне перасталі даваць замовы з беларускіх дзяржаўных устаноў. Вызначылі невялікую колькасць майстроў, з якімі працавалі, а астатнім – нічога. Адзін чыноўнік мне так і сказаў “Вы тут непатрэбны, едзьце ў Польшчу”. Ну, я пакрыўдзіўся і сапраўды паехаў. Там працаваў у розных месцах, збіраў грошы. Зрабіў толькі адну скрыпку за два гады, шмат было замоў на рамонт скрыпак і гітар, любімай справы не кідаў. Удзельнічаў у кірмашы традыцыйных музычных інструментаў.

Пакуль жыў у Польшчы, бывала, чуў ад беларусаў, што я не патрыёт, бо з’ехаў. Ну дык, думаў, буду патрыётам, увесну 2020-га вярнуўся, купіў хату ў вёсцы Кудрычы пад Пінскам, абсталяваў там майстэрню, пасадзіў гарод. Туды пераехала мая жонка з сынам.

Реклама

 Жнівень 2020

– Улетку 2020-га я палітыкай увогуле не цікавіўся. У 1990-х быў у маім жыцці такі перыяд грамадзянскай актыўнасці, я ўдзельнічаў у працы пінскай ячэйкі беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. Дзевяностыя былі вельмі цяжкім часам, мая сям’я сапраўды галадала.

Я разумеў, што трэба нешта рабіць, нешта мяняць. Быў такі парыў. А потым пабачыў, што асабліва нічога не зробіш. Нейкі час мяне ў Пінску не хацелі браць ні на якую працу, казалі “Вы былі ў апазіцыі, Вы ў нас у спісах” і адмаўлялі, адмаўлялі, адмаўлялі…

Читайте также: «Я тут чужынец, і гэта нармальна»: брестчанин Виктор Климус делится впечатлениями о жизни белоруса в Варшаве

У 2009-м пераехаў у Мазыр, ажаніўся, працаваў у музычнай школе, стварыў ансамбль Alba Ruthenia. Стала больш замоў на выраб інструментаў, жыццё ішло – і неяк было не да палітыкі. Былі ў мяне пчолы, агароды, будаваў майстэрню.

10 жніўня 2020-га я ехаў на ровары з Пінска ў вёску, брату трэба было дапамагчы капаць бульбу. Мы чулі, што 9-га быў нейкі мітынг, думалі, – праедзем па горадзе, паглядзім. А там была спецаперацыя, усіх хапалі. Мы былі ўжо зусім у іншым месцы, але трапілі таксама.

У міліцыі мяне моцна пабілі, я шмат разоў распавядаў у інтэрв’ю пра гэту жахлівую ноч. Што потым было рабіць – незразумела. Калі б я трапіў у бальніцу, то пэўна ў рэанімацыю. Але мне пагражалі, я нікуды не звяртаўся, ляжаў проста ў брата ў вёсцы. Такі быў час, што я баяўся. Думаў – як буду жыць, то буду, а як не – то не.

Я ігнараваў павесткі, што мне прыходзілі. А на брата завялі крымінальную справу як на ўдзельніка, а потым арганізатара масавых беспарадкаў. Ну, думаю, зараз і з мяне зробяць “арганізатара”. Вырашыў, што трэба з’язджаць, усё, што меў, прадаў.

 Пераезд

– У Прагу я прыехаў у верасні 2020-га разам з братам. Спачатку вагаўся, думаў, можа, лепш у Польшчу: да пачатку эпідэміі я там пару год працаваў, вывучыў мову. Але ў Чэхіі нас з братам чакалі, абяцалі дапамогу, і мы вырашылі ўсё ж ехаць туды. Праз пару месяцаў да нас далучыліся нашы сем’і.

Чэскі ўрад дапамог нам жытлом, давалі грошы на першы час, мы купілі ў кватэру лядоўню, мэблю, усё неабходнае па гаспадарцы. Нам далі магчымасць асвоіцца ў новай краіне, некаторы час нават дзейнічала забарона на працу. Можна прайсці розныя курсы перакваліфікацыі, адвучыцца на правы.

Мне дапамаглі лекамі. Я змог сабе дазволіць больш за паўгода не працаваць, толькі праходзіць рэабілітацыю. Калі арганізм пакінуць у спакоі, ён і сам аднаўляецца, а з прафесійнай дапамогай гэты працэс ідзе значна хутчэй.

Мы з сям’ёй жывем у трохпакаёвай кватэры ў Празе. У нас вялікі зал, частку яго я абсталяваў пад майстэрню. Купіў дрэва, станкі, прылады, пілы, гэблікі, лакі. Раблю цяпер гітару на замову беларусаў, якія жывуць у Чэхіі. Ужо гатовы грыф і корпус, засталося склеіць, палакаваць.

Читайте также: Свозил жену в Чехию. Председателя АБФФ Базанова и его жену подозревают в нарушении мер защиты. Они задержаны

Такая гітара каштуе каля тысячы даляраў, рабіць яе – каля двух з паловай месяцаў. Пакуль яна сохне, можна паралельна займацца іншымі музычнымі інструментамі. Калі б я меў прылады і станкі, з якімі працаваў у Беларусі, то зрабіў бы хутчэй, мо за месяц. Там у мяне ўжо было ўсё адладжана.

Ёсць замова яшчэ на адну гітару, пачынаю яе рабіць таксама. Адна гітара семіструнная, другая шасціструнная. Я ўжо прадаў у Чэхіі дзве скрыпкі свайго вырабу. Як у Беларусі працаваў рукамі, так і тут працую. І там рабіў музычныя інструменты, і тут раблю.

Бывае, нас з братам клічуць выступіць на фестывалях. Гралі на Купалле, за лета выступалі мо пяць разоў. Ну і так хаця б раз на некалькі месяцаў выступаем. Брат грае на джамбэі, розных перкусійных і шумавых інструментах, на флейце, на гітары. Я граю практычна на ўсіх інструментах, якія вырабляю. Граем сваю музыку, імправізацыю. Троху класіку таксама. Хаця класіка ўжо троху прыелася, яна такая аднастайная.

Калі працаваць, у Чэхіі можна зарабіць добрыя грошы. Зразумела, што працаваць цяжка, як усюды: што ў Беларусі, што ў Польшчы, што ў іншых краінах… Трэба вывучыць мову. Беларусу гэта не вельмі цяжка: я вучыў чэскую, як і польскую, на працы. Цяпер трохі блытаюцца ў галаве польскія і чэскія словы. Жывем, хоць не заўсёды лёгка, але галоўнае, што жывем!

Читайте также: От 500 до 700 тысяч человек могут подвергнуться системным репрессиям в Беларуси, прогнозирует политолог Павел Усов

 

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google, добавьте в избранное в Yandex Новости

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.