Прислать новость
  • 14 °C
    Погода в Бресте

    14 °C

  • 3.9458
    Курс валюты в Бресте
    USD2.503
    EURO2.9371
    100 RUB3.4432

«Беларусам не хапае разумення, што мы не ўмеем размаўляць па-расейску»

849 18.12.2016 13:48

Пра мову гаварылі падчас дыскусійнага клубу ў рэдакцыі «БГ».

Пра тое, чаму сучасныя дзеці амаль не разумеюць беларускую мову, пра сітуацыю на філалагічным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна і недахоп беларускамоўнага афармлення краіны размаўлялі ўдзельнікі сустрэчы дыскусійнага клубу, якая прайшла ў рэдакцыі «БГ» у пачатку снежня.

 

Бацькі не павінны выбіваць беларускамоўныя класы

Реклама

Сёння большасць школьнікаў у краіне атрымлівае адукацыю на расейскай мове. Беларуская мова прадстаўлена некалькімі ўрокамі ў тыдзень (напрыклад, у 2 класе расейскамоўнай школы іх два). Апроч таго, школьнікі могуць паразмаўляць па-беларуску на ўроках літаратуры і гісторыі Беларусі, але апошняя можа выкладацца і па-расейску.

Расейская мова гучыць у школах значна часцей. На ёй выкладаюцца большасць прадметаў. Беларускамоўны клас у Берасці толькі адзін. Чаму так адбываецца – бацькі не зацікаўлены, каб дзеці атрымлівалі адукацыю на беларускай мове?

Пытанне не ў мове, а ў якасці адукацыі, лічыць выпускаючы рэдактар газеты «Царква» Ігар Бараноўскі.«Калі бацькі адмаўляюцца хадзіць у беларускамоўны клас, прычына можа быць банальнай – вельмі далёка вазіць. З Рэчыцы даводзіцца вазіць на Усход, не кожны бацька ці маці могуць столькі часу губляць на дарогу. Гэта маленькія дзеці. Дарослыя, можа, маглі бы і самі», – падкрэсліў Ігар Бараноўскі.

Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года, роднай беларускую мову назвалі 60,84% этнічных беларусаў. Але дома большасць (69,77%) размаўлялі па-расейску. За перыяд з 1999 года да 2009-га доля этнічных беларусаў, для якіх была роднай беларуская мова, скарацілася. У 1999-м роднай назвалі беларускую мову 85,6% этнічных беларусаў. Але дома на ёй размаўлялі 41,3%, на расейскай мове – 58,6%.

«Наколькі я чула, была праблема ў бацькоў, дзе ўзяць падручнікі. Па беларускай мове лёгка. А што рабіць з такімі прадметамі, як чалавек і свет, матэматыка? Гэта некаторых адварочвае ад таго, каб ісці з дзіцём у беларускамоўную школу», – лічыць дацэнт кафедры мовазнаўства і дыялекталогіі БрДУ імя А.С. Пушкіна Таццяна Кісель.

«Мне здаецца, гэта праблема канкрэтных чыноўнікаў – пытанне своечасовай замовы і дастаўкі пэўнай колькасці падручнікаў у пэўныя класы. У нас прывыклі ісці па пуці найменшага супраціўлення. Гэта такая абыякавасць – хай бацькі думаюць самі. Але яны не мусяць выбіваць усё, пачынаючы з арганізацыі класа. Гэта не іх функцыя», – працягнуў Ігар Бараноўскі.

Ігар Бараноўскі, выпускаючы рэдактар газеты «Царква»

На яго думку, бацькі не павінны збіраць заявы ад жадаючых аддаць дзяцей у беларускамоўны клас. Гэта задача аддзелу адукацыі – прапанаваць выбар, сказаць, у якіх раёнах горада будуць беларускамоўныя класы.«Сёння у нас гэтага выбару няма. Калі ён з’явіцца, чыноўнікам трэба будзе варушыцца і забяспечваць класы ці школы, гімназіі падручнікамі», – дадаў ён.

Вельмі важна і тое, хто будзе выкладаць у такім класе. Ёсць натхнёныя настаўнікі, якім цікава працаваць з дзецьмі. Ёсць і тыя, хто імкнецца проста адпрацаваць гадзіны. Таму бацькі могуць выбраць расейскамоўную адукацыю, дзе добрыя педагогі, а беларускамоўнасць забяспечваць праз свае кантакты. Напрыклад, дзеці могуць наведваць курсы «Мова нанова», хадзіць у касцёл ці грэка-каталіцкую царкву, дзе таксама гучыць беларуская мова.

Таццяна Кісель, дацэнт кафедры мовазнаўства і дыялекталогіі БрДУ імя А.С. Пушкіна
Таццяна Кісель, дацэнт кафедры мовазнаўства і дыялекталогіі БрДУ імя А.С. Пушкіна

На думку дырэктара культурнага цэнтра «Грунтоўня» Віктара Клімуса, праблема значна шырэй. «У нас не хапае для дзяцей нейкіх культурных, інфармацыйных, забаўляльных прадуктаў на беларускай мове. Ім няма што паглядзець, ім няма куды пайсці, каб пачуць гэтую мову ў нейкім натуральным асяроддзі. Яны не вывучаць беларускую мову, калі будуць вывучаць яе толькі на ўроках», – адзначыў Віктар Клімус.

Реклама

Адукацыя толькі адлюстроўвае агульныя тэндэнцыі стану беларускай мовы. «Дзеці ўспрымаюць мову як замежную. Бываюць выпадкі, калі настаўнікам прыходзіцца нават тлумачыць правіла па-расейску. Дзеці не ўспрымаюць мову як сродак зносінаў, толькі як прадмет», – дадаў ён.

 

У некаторых студэнтаў адмоўнае стаўленне да мовы

Нават на філалагічным факультэце, дзе, здаецца, да любой мовы павінны ставіцца з павагай, адносіны да беларускай мовы розныя.

На беларускамоўным аддзяленні набор ёсць, але матывацыя не на глыбокае вывучэнне мовы, а проста на атрыманне прафесіі, рассказала Таццяна Кісель. Конкурса няма. У гэтым годзе набралі 18 чалавек на бюджэт, але на два платныя месцы ніхто не пайшоў.

У Беларусі не забяспечваецца свабодны выбар беларускай мовы ў сістэме навучання з-за адсутнасці выразнага механізму яго ажыццяўлення, лічаць удзельнікі круглага стала, які правялі 12 снежня па ініцыятыве дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім і аргкамітэта па стварэнні арганізацыі «Маладыя хрысціянскія дэмакраты». На іх думку, пры пастаноўцы дзіцяці на ўлік у дзіцячы сад, а таксама пры напісанні заявы на прыём у школу ці іншую ўстанову адукацыі бацькам трэба пісьмова прапаноўваць у выглядзе заявы выбар мовы навучання. У кожным раёне Мінска прапануецца стварыць як мінімум адну беларускамоўную гімназію, павялічыць колькасць урокаў беларускай мовы. Таксама прапануецца стварыць універсітэт з беларускай мовай навучання.

«На філфаку ёсць аддзяленне журналістыкі. Там чамусьці ў некаторых студэнтаў адмоўнае стаўленне да беларускай мовы. Ёсць студэнты, якія катэгарычна кажуць: «Гэта не мова, я яе вывучаць не хачу». Чаму? Мне здаецца, ты павінен быць гатовы, што аўдыторыя яе запатрабуе. Тым больш ёсць курсавыя працы – частка даецца на расейскай мове, частка на беларускай. Беларускамоўныя працы бяруць у апошнюю чаргу і робяць са скрыпам», – падкрэсліла Таццяна Кісель.

Што тычыцца беларускага аддзялення, то напачатку большасць студэнтаў скіравана на паўсядзённае расейскае маўленне. Але ад курса да курса назіраецца паварот да беларускай мовы. «Асабліва гэта бачна пасля практыкі. У некаторых з’яўляецца жаданне ісці выкладаць толькі беларускую мову», – адзначыла выкладчыца БрДУ.

На жаль, некаторыя спецыяльнасці, напрыклад, «Беларуская мова і літаратура. Польская мова» на філфаку закрыліся. Але Таццяна Кісель лічыць скарачэнне вялікага разнабою спецыяльнасцей агульнай тэндэнцыяй, якая не звязана з мовай.

Віктар Клімус, дырэктар культурнага цэнтра «Грунтоўня»
Віктар Клімус, дырэктар культурнага цэнтра «Грунтоўня»

Людзі хочуць размаўляць, але часам баяцца

Часткова выйсце можна знайсці ў пазадзяржаўных ініцыятывах. Напрыклад, вучыць беларускую мову на бясплатных курсах «Мова нанова» ці наведваць мерапрыемствы, якія ладзяць культурныя прасторы.

«Мы ў сваёй практыцы стараемся не столькі размаўляць пра мову, але і рабіць розныя актыўнасці менавіта на мове, каб паказаць, што любую дзейнасць можна весці і абмяркоўваць па-беларуску. Не важна, будзе гэта прагляд кінастужак, творчыя майстэрні, настольныя гульні», – расказаў Віктар Клімус.

Дысбаланс паміж беларускай і расейскай мовамі можа заўважыць кожны. «Я не хачу казаць, што ўсё мусіць быць на беларускай, але з улікам, што яе не хапае, мы бачым сэнс рабіць больш беларускамоўных мерапрыемстваў», – падкрэсліў ён.

Сёння назіраецца тэндэнцыя паварота да беларускай мовы. Напрыклад, з’яўляюцца беларускамоўныя запраўкі. «Але пэўны дысбаланс ёсць. Мы за здаровы білінгвізм», – дадаў дырэктар культурнага цэнтра «Грунтоўня».

«Па маім назіранні, нават на курсы «Мова нанова» большасць людзей прыходзіць не каб вывучыць мову. Яны яе ведаюць, хоць падзабылі. Ім не хапае камунікацыі беларускамоўнай», – падзяліўся Ігар Бараноўскі.

Сёння «Мова нанова» працуе чацвёрты сезон, і мінімальная колькасць наведвальнікаў курсаў з кожным годам расце. «У мінулым годзе на занятках у нас было мінімум 24 чалавекі, у гэтым – 31. Максімум у мінулым годзе было 70 чалавек, у гэтым – 87», – расказаў вядоўца курсаў «Мова нанова» Максім Хлябец.

Максім Хлябец, вядоўца курсаў «Мова нанова»
Максім Хлябец, вядоўца курсаў «Мова нанова»

Сфармаваўся касцяк, які наведвае заняткі кожны тыдзень. Скласці партрэт сярэднестатыстычнага слухача курсаў няпроста. Можна сказаць, што ў касцяку большасць людзей дасягнула 30-гадовага ўзросту, але ёсць і шмат маладзейшых.

«У мінулым годзе мы рабілі анкетаванне і запытвалі людзей, чаму яны да нас прыходзяць. Адсоткаў 70 пісалі, што яны проста хочуць чуць беларускую мову. І калі чуюць яе, могуць размаўляць. Нават калі я пасля курсаў сустракаю людзей на вуліцы, яны размаўляюць са мной па-беларуску. Таму што ведаюць, што могуць і я не пачну выпраўляць іх памылкі і смяяцца», – адзначыў Максім Хлябец.

Часта людзі проста баяцца размаўляць на мове ў расейскамоўным асяроддзі. Таму для іх важна мець магчымасць дзве гадзіны паслухаць беларускую мову і нават нешта сказаць. «Я ведаю, што некаторыя наведвальнікі ўсё ж перайшлі на беларускую. Мужчына распавядаў, што пачаў на працы размаўляць па-беларуску і нічога не здарылася. Ніхто яго не звольніў», – расказаў вядоўца курсаў.

Наведваюць курсы і людзі, якія ніколі не вучылі беларускую мову. Ці тыя, хто проста шукае нейкую актыўнасць. «І гэта таксама добра, калі яны адшукалі менавіта нас», – дадаў Максім Хлябец.

 

Для малодшага пакалення беларуская мова як замежная

Сёння колькасць беларускамоўных супольнасцей, якія ладзяць мерапрыемствы рознай тэматыкі, расце. Таму прыраўноўваць беларускую мову да замежнай, на думку ўдзельнікаў сустрэчы дыскусійнага клубу, нельга.

«Замежнай беларуская мова стала для малодшага пакалення беларусаў. Яны выраслі не ў 1980-90-я гады, калі мова больш шырока гучала на тэлебачанні, у школах і ўніверсітэтах, – падзяліўся Ігар Бараноўскі. – Я гэта нават па сваіх хросніках бачу. Многія сёння не разумеюць элементарных слоў, напрыклад, «бульба». Таму настаўнікам прыходзіцца шукаць новыя методыкі выкладання беларускай мовы як замежнай, вучыць нават вымаўленню. Гэта стане сур’ёзнай праблемай, калі не змяніць падыход у школе».

Станоўчыя вынікі можна атрымаць тады, калі працаваць з дзецьмі па-за ўрокамі, адзначыла куратар праектаў агенства рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» Алена Каховіч. «Мая знаёмая ў Віцебску ладзіць балі з усёй атрыбутыкай, дзе вучаць беларускай мове. Тады дзеці больш-менш прыязна да мовы адносяцца, спрабуюць размаўляць. Гэта не так, што 45 хвілін прайшлі, і яны далей пабеглі», – расказала Алена Каховіч.

Алена Каховіч, куратар праектаў агенства рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч»
Алена Каховіч, куратар праектаў агенства рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч»

Для вывучэння беларускай мовы, як і іншых прадметаў, трэба матывацыя. «Тут, як з любым прадметам. Калі ты ва ўніверсітэце будзеш вучыць біялогію, навошта табе алгебра. Так і з беларускай мовай», – дадала Таццяна Кісель.

Часта нават гісторыя Беларусі выкладаецца па-расейску, падкрэсліла выкладчыца ўніверсітэта. Але такія прадметы варта пераводзіць на беларускую мову.

«Беларускамоўныя падручнікі па гісторыі замовіць цяжка. Нават тыя настаўнікі, якія вельмі прыязна ставяцца да беларускай мовы і могуць весці на ёй гісторыю, выкладаюць па-расейску, каб у дзяцей не было кашы ў галаве, калі яны чытаюць на адной мове, адказваюць на іншай», – дадала Алена Каховіч.

На думку Ігара Бараноўскага, гэта была б нармальная сітуацыя. «У нашым рэгіёне было б натуральна, каб кожны карыстаўся мовай, якую лічыў патрэбнай. То бок валодаў беларускай і расейскай мовамі на такім узроўні, каб не было праблем у камунікацыі. Раней у нас былі свае гаворкі. Але сучасная моладзь, калі сутыкнецца з гаворкамі, зусім разгубіцца», – паясніў ён.

 

Самая жывая сярод мёртвых моў

Для маладога пакалення варыянтам пляцоўкі для вывучэння беларускай мовы можа стаць інтэрнэт, мяркуе Максім Хлябец. «Ёсць беларускія суполкі, дзе сядзяць па 100 тысяч чалавек, – падкрэсліў ён. – У інтэрнэце беларуская мова жывая. Яна самая жывая сярод мёртвых моў. Інтэрнэт выхоўвае дзяцей. Няхай яны спачатку не будуць вучыць мову, таму што ў нас такія школы, такая ўлада, якая не хоча развіваць мову. Але ў інтэрнэце ўбачаць, што людзі размаўляюць па-беларуску, і таксама паспрабуюць размаўляць».

«Добра сказаў Віктар Марціновіч, што мы згубілі беларускую мову, таму што няма планшэтаў, гаджэтаў, на якіх яна ўстаноўлена. Расейская ёсць, а беларускай няма. Мне падаецца, інтэрнэт можа дапамагчы беларусам», – дадаў Максім Хлябец.

Тое, што адбываецца ў інтэрнэце, паказвае патэнцыял грамадства, пагадзіўся Ігар Бараноўскі. Але дзеці, чые бацькі не належаць да беларускамоўнай пляцоўкі, нават не зойдуць на беларускамоўны сайт. Сёння і чыноўнікі ад адукацыі, і кампаніі, якія распрацоўваюць розныя прадукты для інтэрнэта, не разумеюць, што ёсць запатрабаванне ў беларускай мове.

«Праблема інтэрнэта ў тым, што ён стымулюе людзей на тое, каб чыталі як мага менш наогул. Сённяшняе пакаленне прывыкла да твітэр-фармата. Цяперашні фармат інтэрнэта – гэта фотаздымак або гіфка і надпіс, які чытаецца вялікімі літарамі на ўвесь экран з любога гаджэта. Таму ніякія беларускамоўныя лангрыды ніхто з пакалення інтэрнэтаўскіх маладзёнаў чытаць не будзе», – лічыць Віктар Клімус.

«Тое, што людзі мала чытаюць, гэта агульнасустветная тэндэнцыя, і мы з ёй нічога не зробім, – дадала Алена Каховіч. – Калі маладзёны бачаць толькі гіфкі – гэта плюс для нас, таму што мы можам зрабіць гіфкі. І гэтым кантэнтам запаўняць як мага больш прасторы».

 

Варта рабіць беларускамоўныя шыльды і рэкламу

Беларусам трэба падкрэсліваць сваю ўнікальнасць. «Мне не хапае беларускамоўнага афармлення горада і ўсёй Беларусі. Няма патрэбы пісаць «универсам» па-расейску, калі там можа быць беларуская мова. Можна пазначаць беларускімі літарамі, прынамсі ў словах, якія не асабліва адрозніваюцца ад расейскіх, што мы не Расея. Мне здаецца, гэта мусіць быць элементарна забяспечана і ўспрымацца як норма, – адзначыў Ігар Бараноўскі. – А тое, што ў Берасці няма беларускамоўных школ, я лічу проста абразай беларусаў, якія жывуць у сваёй дзяржаве».

Было б добра, каб кампаніі пачалі рабіць рэкламу па-беларуску, дадала Алена Каховіч. «Сёння ўсе ведаюць, што такое «агрэст», таму што па горадзе вісяць білборды. Гэта цікава, і гэта працуе», – пагадзіўся Максім Хлябец.

«Мне падаецца, што беларусам не хапае разумення, што мы не ўмеем размаўляць па-расейску, – дадаў ён. – Сёння я быў у Баранавіцкім раёне, зайшлі гарбаты папіць. І жанчына кагосьці паклікала. Кажа: «Идзи сюды». Гэта ж не расейская мова. Але яны лічаць, што размаўляюць па-расейску. Не трэба думаць, што беларуская мова нейкая вясковая. Мы і так на ёй размаўляем, гэтыя словы ідуць з нас. Калі б было двухмоўе раўнапраўнае, усё было б супер».

Баланс быў бы дасягнуты, калі б кожны беларус ведаў беларускую, расейскую і ангельскую мовы, заключылі ўдзельнікі сустрэчы дыскусійнага клубу.

 

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google, добавьте в избранное в Yandex Новости

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.