Прислать новость
  • 14 °C
    Погода в Бресте

    14 °C

  • 2.6534
    Курс валюты в Бресте
    USD2.6534
    EURO2.7896
    100 RUB3.6694

Станіслаў Шушкевіч

«Годны арыстакрат». Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, якога вылучалі на Нобэлеўскую прэмію

05.05.2022 06:15 Станіслаў Шушкевіч. Источник фото

Станіслава Шушкевіча вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру за тое, што распад СССР адбыўся безь вялікай крыві.

3 траўня ў 23.35 у Менску памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Аб гэтым паведаміла яго жонка Ірына.

Палітыку было 87 гадоў. У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасьля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай. Станіслава Шушкевіча паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленьне Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта (так званая «лечкамісія») з прычыны наступстваў каранавірусу.

Реклама

Читайте также: На 85-ом году жизни умер первый премьер-министр независимой Беларуси Вячеслав Кебич

Станіслаў Шушкевіч у 1991–1994 быў старшынём Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Адзін з падпісантаў Белавескага пагадненьня, якое паставіла кропку ў існаваньні СССР.  Член-карэспандэнт Акадэміі навук.

Станіслаў Шушкевіч
Падпісанне Пагаднення аб стварэнні СНД / фота Юрый Іваноў

«Радыё Свабода» паглядзела, што кажуць вядомыя дзеячы Беларусі і свету пра Станіслава Шушкевіча.

Што думаюць у свеце пра Станіслава Шушкевіча?

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа:

«Пайшоў з жыцьця Станіслаў Шушкевіч, першы лідэр свабоднай Беларусі — краіны, якая выбрала эўрапейскую будучыню ў 1991 годзе. Адзін з тых, хто спрыяў мірнаму развалу савецкай імпэрыі. Літва заўсёды будзе паважаць яго за гэтую найважнейшую справу ягонага жыцьця. Жыве Беларусь!»

Читайте также: 25 августа. Что изменил этот день в истории, и почему белорусы до сих пор спорят о правильном Дне независимости

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Літвы (пазьней Сэйму) Вітаўтас Ландсбергіс:

«Гэта быў цудоўны, добры чалавек. Шчыры патрыёт сваёй краіны. Ён верыў, што ў Беларусі будзе свабода і дэмакратыя. На жаль, не дачакаўся»

Реклама

Міністар замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч:

«Мае глыбокія спачуваньні беларускаму народу, родным і блізкім Станіслава Шушкевіча — першага кіраўніка дзяржавы Беларусь. Мы ў Латвіі шануем яго спадчынай стварэньня незалежнай Беларусі і разбурэньня імпэрыі зла — Савецкага Саюзу».

Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў:

«Пайшоў з жыцьця Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік Беларусі, якую ён увёў на шлях незалежнасьці і дэмакратыі пасьля распаду СССР. З глыбокім сумам разьвітваюся з праведнікам, адданым свайму народу, сваёй Айчыне, справе свабоды, сябрам Польшчы і вольнага сьвету».

Спэцыяльны прадстаўнік МЗС Францыі ў пытаньнях Беларусі Нікаля дэ Лякост:

«Крануты сьмерцю мінулай ноччу першага Прэзыдэнта незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, выказваю спачуваньні яго жонцы Ірыне, чальцам яго сямʼі і ўсяму беларускаму народу».

Амбасадарка Джулі Фішэр, спэцыяльная пасланьніца ЗША ў Беларусі:

«Я далучаюся да многіх у Беларусі і па-за яе межамі ў жалобе па сыходзе Станіслава Шушкевіча, лідэра Беларусі ў часе [здабыцьця] незалежнасьці ад СССР. Я выказваю глыбокія спачуваньні яго блізкім».

Экс-кіраўнік ураду Ўкраіны Вітольд Фокін, які разам зь Леанідам Краўчуком падпісаў Белавескія пагадненьні:

«Я спачуваю беларускаму народу, што з жыцьця пайшоў выбітны дзеяч. Мы няшмат камунікавалі зь ім, але я ведаю, што гэта быў вельмі кампэтэнтны, глыбокі чалавек. Я хацеў бы пажадаць беларусам мірнага неба, дабрабыту і доўгіх гадоў заможнага жыцьця».

Читайте также: «Мы просим Европу о помощи»: у офиса ЕС в Варшаве голодают пять человек. Среди них – внучка Шушкевича (ФОТО)

Што думаюць у Беларусі пра Станіслава Шушкевіча?

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская:

Шушкевіч стаў адным з айцоў беларускай незалежнасьці — ён на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета паспрыяў наданьню Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закона. Менавіта Шушкевіч 25 жніўня 1991 года ў прамой трансьляцыі павіншаваў беларусаў з абвяшчэньнем незалежнасьці.

«Станіслаў Шушкевіч быў не проста першым кіраўніком Беларусі. Ён вядомы вучоны, доктар фізыка-матэматычных навук, былы прарэктар Мінскага радыётэхнічнага інстытута і Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.

Станіслаў Шушкевіч быў прыхільнікам нэўтралітэту Беларусі. Гэта пры ім Беларусь добраахвотна і без аніякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі, якая заставалася на тэрыторыі краіны. Ён застаў вайну і памятаў, што гэта такое — таму рабіў усё, каб яна не паўтарылася…»

Ціханоўская таксама выказала меркаванне, што калі мір, закон і сувэрэнітэт вернуцца ў Беларусь, у беларускіх гарадах абавязкова з’явяцца вуліцы і помнікі Станіславу Шушкевічу.

Палітык Зянон Пазьняк:

«Гэта чалавек, які ўвайшоў у гісторыю Беларусі, асабліва ў сувязі з распадам Савецкага Саюзу і падпісаньнем Белавескіх пагадненьняў. Гэта вельмі важна. І другое, што б я адзначыў — ён дапамог на сэсіі Вярхоўнага Савету ў верасьні 1991 году, каб беларускі бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сымбалямі. Гэта быў выпадак, калі ён гэтаму спрыяў. Безумоўна, што гісторыя будзе по-рознаму ацэньваць яго дзейнасьць, але добрыя якасьці застануцца».

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

«Зь вялізарным сумам даведалася пра сьмерць вялікага чалавека, добразычлівага, ветлівага, першага старшыні незалежнай Беларусі доктара Станіслава Шушкевіча. Мела гонар ведаць яго трыццаць гадоў. Апошні раз бачыліся на пахаваньні ў Вільні Кастуся Каліноўскага ў 1919 годзе».

Літаратар Уладзімер Арлоў:

«Станіслаў Шушкевіч назаўсёды застанецца ў айчыннай і сусьветнай гісторыі. Як першы кіраўнік незалежнай Беларусі, да вяртаньня якой на палітычную мапу сьвету ён меў беспасярэдняе дачыненьне. Як палітык, што паставіў свой гістарычны подпіс пад Белавескімі пагадненьнямі, якія спынілі існаваньне савецкай імпэрыі».

Таксама пісьменьнік паабяцаў, што першы кіраўнік незалежнай Беларусі стане героем ягоных будучых кніг.

Паліттэхноляг, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі:

«Станіслава Шушкевіча вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру за тое, што распад СССР адбыўся безь вялікай крыві. Ён ня проста апынуўся ў патрэбным месцы, ён пасьлядоўна выступаў за незалежнасьць Беларусі. Гэта запомняць усе, і гэта застанецца ў гісторыі».

Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак:

«Станіслаў Шушкевіч стаў першым кіраўніком незалежнай Беларусі, але ня стаў першым абраным прэзыдэнтам. Пазьней яго шмат крытыкавалі за тое, што ён не заключыў саюзу з Пазьняком, і яго прама абвінавацілі ў тым, што пры ім узышла дыктатарская зорка Лукашэнкі. Аднак гісторыя ня церпіць умоўнага ладу. Як было б, калі б палітычныя эліты нашай краіны своечасова разгледзелі небясьпеку дыктатуры, мы ня ведаем. Мы бачым і ведаем, як ёсьць сёньня».

Спачывай зь мірам, Станіслаў Станіслававіч. Дзесьці ў Беларусі захоўваецца ваша кніга, якую вы мне падпісалі аднойчы. Я вярнуся і перачытаю.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Францішак Вячорка:

«Дзякуючы Станіславу Шушкевічу Беларусь стала незалежнай падчас распаду СССР. Падпісаў Белавескія пагадненьні. Шушкевіч да апошняга дня свайго жыцьця змагаўся з Лукашэнкам і адстойваў свабоду Беларусі».

Пісьменьніца Сьвятлана Курс прыгадвае даўні выпадак, калі «абвешаная дзіцем і клункамі» яна стаяла ў купэ цягніка і чакала, пакуль іншыя пасажыры пройдуць і дадуць магчымасць выйсьці. Міма ішлі розныя прадстаўнікі апазыцыі, але толькі Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч спыніўся, прапусьціў, прапанаваў дапамогу.

«Ён быў вялікі чалавек і такім застанецца. Памятаю яго з Клінтанам у Курапатах. Мілы, просты, годны, невысочанькі, няпатасны, у сваім прафэсарскім палітэчку. Арыстакрат. Помнік яму няхай стаіць на галоўным пляцы сталіцы, але не на пастамэнце і ў чалавечы рост. Каб быў сувымерны, чалавек сярод людзей».

Дзяржаўныя беларускія СМІ, сярод якіх АНТ, БелТА, Sputnik Беларусь, паведамілі аб сьмерці Станіслава Шушкевіча са спасылкай на словы ягонай жонкі Ірыны.Таксама ў навіне аб сьмерці кіраўніка незалежнай Беларусі дзяржСМІ коратка напісалі ягоныя біяграфічныя зьвесткі.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.