Прислать новость
  • 5 °C
    Погода в Бресте

    5 °C

  • 2.568
    Курс валюты в Бресте
    USD2.568
    EURO3.0858
    100 RUB3.4135

Чытаць сваё. Топ-7 беларускіх кніг па версіі «БГ»

Чытаць сваё. Топ-7 беларускіх кніг па версіі «БГ»

01.09.2017 14:00

Да Дня беларускай пiсьменнасцi (3 верасня) рэдакцыя «Брэсцкай газеты» склала спіс любімых кніг беларускіх аўтараў - ад Мележа да Горвата.

Чытаць сваё. Топ-7 беларускіх кніг па версіі «БГ»Янка Маўр «Палескія рабінзоны»

Чым спадабалася: Легкая, цікавая гісторыя пра падарожжа падлеткаў не пакіне абыякавым нікога. Гэта захапляльны расповяд пра тое, як два хлопцы адпраўляюцца ў вандроўку па Палессі. Страціўшы сваю лодку, яны апынаюцца на невялічкім востраве і вучацца выжываць у экстрымальнай сітуацыі. Падлеткам прыходзіцца не толькі навучыцца здабываць, а потым і гатаваць сабе ежу, будаваць жытло і ваяваць з прыроднымі стыхіямі. На шляху хлопцаў паўстае пагроза ад кантрабандыстаў, якія хаваюць свае скарбы на гэтым самым востраве. Палескія рабінзоны нават ратуюць жыццё чалавеку, а затым па сакрэтнай сцежцы разам пакідаюць свае часовае жытло. Нават у складаных умовах падлеткі знаходзяць своеасаблівую рамантыку, захапляюцца прыгажосцю прыроды і радуюцца жыццю. Ну а чытач адчувае ўсё гэта разам з імі.

Реклама

Каму чытаць: Тым, хто з беларускай літаратурай на Вы і думае, што нічога карыснага сярод твораў на роднай мове не знойдзе. Гэта менавіта тая кніга, з якой трэба пачынаць знаёмства с беларускай класікай.


 

Чытаць сваё. Топ-7 беларускіх кніг па версіі «БГ»Іван Мележ «Людзі на балоце»

Чым спадабалася: Аўтар пісаў пра свае родныя мясціны, хоць і не пра свой час. Аднак не пакідае адчуванне, што Мележ быў сведкам усіх гэтых падзей, ведаў сваіх герояў. Жыццё адной палескай вёскі, што згубілася недзе ў палескіх балотах, паказана ўсебакова. Тут вам і першае каханне, і калектывізацыя, і кулакі побач з беднякамі, і бандыты, што хаваюцца ў лясах. Ёсць над чым і паплакаць, і пасмяяцца.

Каму чытаць: Калі вы не чыталі «Людзі на балоце», вы не чыталі беларускай літаратуры ўвогуле. Гэта твор з серыі must read. Калі вам спадабаецца, майце на ўвазе, што раман – першая частка трылогіі «Палеская хроніка». Сачыць за лёсам герояў можна ў наступных яе частках – «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань».


Чытаць сваё. Топ-7 беларускіх кніг па версіі «БГ»Васіль Быкаў «Альпійская балада»

Чым спадабалася: На фоне нечалавечых, страшных абставін, у якія трапілі збеглыя з палону беларус Іван і італьянка Джулія, нечакана ўзнікае іх каханне. Ва ўмовах штохвіліннай небяспекі гэтае пачуццё выступае не толькі вялікім выпрабаваннем, але і падарункам лёсу. Увогуле тэма самаадданага кахання ў час вайны з’яўляецца адной з асноўных у творчасці Быкава.

Каму чытаць: Тым, хто любіць творы, дзе звычайныя людзі ў незвычайных абставінах праяўляюць сябе як сапраўдныя героі. Тым, хто верыць, што каханне выратуе свет.


Чытаць сваё. Топ-7 беларускіх кніг па версіі «БГ»Альгерд Бахарэвіч «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча»

Чым спадабалася: Лучына, Калюга, Чарот, Крапіва, Гарун, Бядуля, Танк, Цётка… Ведаеце гэтыя прозвішчы? Так, яны з белліту, з таго белліту, які праходзяць у школе. Пра гэтых і іншых пісьменнікаў і паэтаў і распавядаецца ў «Гамбурскім рахунку Бахарэвіча». Кніга – зборнік эсэ пра беларускіх літаратурных класікаў (іх тут больш за 50 – ад Гусоўскага і Багушэвіча да Шамякіна і Быкава). Але сакрэт назвы яшчэ і ў тым, што гамбурскі рахунак у шырокім сэнсе – гэта рэальны погляд на зʼяву адпаведна яе фактычнай значнасці: без зніжак, саступак і халтуры. І значнасць гэтая ў выпадку літаратуры для кожнага чытача асобная, свая, вельмі суб’ектыўная. Менавіта так, суб’ектыўна і арыгінальна, падае аўтар сваё бачанне: як чытач і як пісьменнік. Так, як у гэтай кнізе, пра беларускую літаратуру яшчэ не пісалі. Амаль ніхто. Амаль нідзе. Амаль ніколі.

Реклама

Каму чытаць: А ў вас, паважаныя чытачы, ёсць свой гамбурскі рахунак ці застаўся толькі белліт?


Чытаць сваё. Топ-7 беларускіх кніг па версіі «БГ»Рома Свечнікаў «Рома едзе»

Чым спадабалася: На вашых вачах праходзіць працэс сталення маладога хлопца, які кідае вучобу ва ўніверсітэце і адпраўляецца ў кругасветнае падарожжа на два с паловай гады. Асаблівага экстрыму гэтай авантуры дадае яшчэ і тая акалічнасць, што ў кішэні хлопца ўсяго 200 даляраў. «Рома едзе» – своеасаблівы дзённік 20-гадовага юнака. У ім можна адшукаць хоць і па-мужчынску стрыманыя, але ўсё ж кранальныя гісторыі аб сталенні, мужнасці, пераадольванні перашкодаў, празе жыцця, пошуку сябе і свайго месца ў свеце.

Каму чытаць: Лакальна – усім, хто марыць пачаць падарожнічаць па свеце, нават калі і не мае шмат грошай; глабальна – усім, хто хоча кардынальна змяніць сваё жыццё і адчуць сябе «грамадзянінам свету».


Чытаць сваё. Топ-7 беларускіх кніг па версіі «БГ»Людміла Рублеўская «Дагератып»

Чым спадабалася: Перапляценнем дзвюх захапляльных гісторый, якія працягваюць адна адну. Першая распавядае пра каханне дзяўчыны да хлопца, які зусім не падзяляе яе любові да гісторыі роднай Беларусі. Ды і прыхільнасць яе да сябе, здаецца, не заўважае таксама. Другая апісвае XX стагоддзе і жыццё двух рэвалюцыянераў, якія рыхтуюць тэракт. Каб іх не рассакрэцілі, маладая дзяўчына і мужчына вымушаны выдаваць сябе за дачку і бацьку, якія з вялікім захапленнем займаюцца фатаграфіяй і трымаюць сваё фотаатэлье. На першы погляд, гэтыя гісторыі зусім розныя, але… Паступова чытач пачынае адшукваць паміж імі відавочную сувязь і разумець, што мінулае і будучыня пераплятаюцца часам нечакана цесна.

Каму чытаць: Напэўна, ўсё ж такі жанчынам. Неверагодна рамантычная гісторыя пра каханне, жаночую мужнасць і кранальную слабасць закаханага мужчыны.


Чытаць сваё. Топ-7 беларускіх кніг па версіі «БГ»Андрусь Горват «Радзіва «Прудок». Дзённік»

Чым спадабалася: «Радзіва «Прудок» – гэта заметкі, якія першапачаткова з’явіліся ў Андруся Горвата на старонцы ў Фэйсбуку, а потым ператварыліся ў кнігу. На першы погляд здаецца, што арыгінальнага тут быць не можа – каго ў наш час здзівіш дзённікавымі запісамі. Але сачыць за прыгодамі аўтара, які пераехаў з Мінску ў дзедаў дом у вёсцы Прудок, што на Палессі, неверагодна цікава. Часам, чытаючы кнігу, рагочаш уголас, а часам і слязу хочацца пусціць. Кніга працята сапраўднай любоўю да беларускай глыбінкі. Чытаць яе рэкамендуем павольна і з асалодай.

Каму чытаць: Тым, хто настальгуе па бабулінай вёсцы і не супраць вярнуцца. Тым, хто любіць добры гумар без жартаў ніжэй пояса.

 

А вы б якія кнігі дадалі ў наш Топ? Пішыце ў каментарах.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.