Інтэрактыўны спектакль паказалі госці з Мінска – тэатр «Жывая гісторыя». Рэжысёр спектаклю – Наталля Бачышча. «Клуб» праходзіў, як заўсёды, у будынку цэнтра «Спасение».
Дылема чалавека, які знаходзіцца на вайсковай службе чужога ўраду, – найбольш гучны матыў «Кніганош», яскравага апавядання Караткевіча. Прапаршчык Алег Буткевіч не перастаў быць беларусам, аднак па волі лёсу – ці тагачасных гаспадароў становішча, расійскага ўраду, – перашкаджае ўсяму беларускаму.
Дзея адбываецца ў другой палове XIX стагоддзя. Супрацьстаяць афіцэрам прыкардоннай службы людзі, якія таемна праносяць кнігі на «беларускай гаворцы» – малітоўнікі, біблейскія тэксты, апавяданні. Людзі з вялікімі карабамі за спіной. Іх мэта простая – каб іншыя людзі разумелі тое, што чуюць вакол сябе.
Аказваецца, што браць у рукі нават адну «крамольную» кнігу небяспечна.
«Апавяданне заснавана на рэальных падзеях, – патлумачыў гісторык і пісьменнік, загадчык аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрусь Унучак. – Сапраўды былі такія выпадкі, калі, прачытаўшы крамольную кнігу, афіцэр мяняў свае погляды, ішоў пад трыбунал, станавіўся чалавекам з жывым сэрцам, пачынаў адчуваць волю свайго народа».
Таксама Андрусь Унучак распавёў пра прафесію кніганош.
«Гэта вельмі і вельмі цяжкая прафесія. Трэба было несці кораб, ночыць дзесьці пад дрэвамі, ведаць усе сховы і паролі, трэба было ў холад, і ў дождж, і ў гарачыню ісці кожны раз па новай дарозе, новай сцежцы. Трэба было падлічваць, перадаваць кнігі іншым людзям, якіх ты ніколі не ведаў, фотаздымкаў якіх не бачыў. Гэта было вельмі рызыкоўна, але гэта гістарычны факт. Жанчын было вельмі няшмат, але адзінкавыя выпадкі былі».
У Літве пастаўлены помнік кніганошам. Па падліках, яны перанеслі больш за 200 тыс кніг.
Уражаннямі ад спектаклю падзяліўся музыка, лідэр групы «Спасение» Ігар Муха.
«Уражанні найбольш моцныя ад таго, што гэта гістарычны факт. А яшчэ – нічога не змянілася. Тое, што адбываецца цяпер, – гэта тыя ж самыя праблемы, звязаныя з сэрцам чалавека. З кім мы сябе атаясамліваем? Гэта першае пытанне для чалавека, які вырас з дзіцячага ўзросту: для чаго я на гэтай зямлі? Што рабіць? Гэта пытанне ідэнтычнасці. За гэта людзі рызыкавалі здароўем і жыццём. Яны плацілі кошт за свабоду, за ідэі, якія звязаныя з Богам, з Бібліяй, з адраджэннем.
Караткевіч – гэта не толькі мастацкія творы. Гэта гісторыя, жыццё чалавека з розных слаёў, з рознай дзейнасцю. Але зноў тыя самыя пытанні… Гэта вельмі цікава».
Таксама Ігар Муха адзначыў, што Караткевіч падобны на Дастаеўскага глыбокім веданнем чалавечай душы, матываў. Між тым ён нават літаратурна больш цікавы, эмацыйна раскрыўся як пісьменнік.
Пасля спектаклю можна было набыць кнігі пра Рэфармацыю, Берасцейскую Біблію і евангельскі рух на Беларусі.
«Берасцейскі клуб» праходзіць чатыры разы на год. Наступная сустрэча плануецца ў снежні і будзе прысвечаная асобе Астафея Валовіча, канцлера ВКЛ і ваяводы берасцейскага.
Сёлета адзначаецца 500 год з яго нараджэння.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро