Прислать новость
  • 7 °C
    Погода в Бресте

    7 °C

  • 2.486
    Курс валюты в Бресте
    USD2.486
    EURO2.3759
    100 RUB4.2415

Эканоміка Германіі: ад 1945 года да сённяшніх дзён

21.10.2016 16:00

Аб тым, як складалася эканамічная гісторыя Германіі ў 1945 - 2016 гадах, і тым, які вопыт краіны можа пераняць Беларусь, расказаў доктар гістарычных навук, прафесар БрДТУ Міхаіл Стралец. 

У панядзелак 17 кастрычніка ў Брэсце распачаўся Дзесяты тыдзень нямецкай мовы і культуры. У праграме мерапрыемстваў (глядзі «БГ» №41) прадугледжаны майстэрні для настаўнікаў і студэнтаў, кінапаказы, тэатральная пастаноўка і некалькі дакладаў. Адзін з іх – «Эканамічная гісторыя Германіі, 1945 – 2016. Ключавыя праблемы, тэндэнцыі і дасягненні» – прачытаў у Брэсцкай абласной бібліятэцы прафесар БрДТУ Міхаіл Стралец. «БГ» запісала асноўныя тэзісы.

 

Реклама

Увядзенне дойчмарак і дэманапалізацыя

Пасля Другой сусветнай вайны эканоміка Германіі знаходзілася ў складаным становішчы. З 1948 года з боку ЗША пачалася моцная фінансавая падпітка рэгіёнаў, якія праз год склалі ФРГ. Чалавека, якому амерыканцы дазволілі ажыццявіць сістэмна-эканамічныя пераўтварэнні, звалі Людзвіг Эрхард. У 1948 годзе ён заняў пасаду дырэктара Эканамічнага ўпраўлення Бізоніі і ажыццявіў шэраг рэформ. «Людзвіг Эрхард разглядаў чалавека не як сродак, а як мэту эканамічнай палітыкі. Канцэпцыя, якую ён рэалізаваў, разглядалася скрозь прызму ключавой агульначалавечай каштоўнасці – свабоды», – адзначыў Міхаіл Стралец.

Рэформа прадугледжвала ўвядзенне дойчмарак замест рэйхсмарак, якія насельніцтва ўспрымала як фантыкі. 24 чэрвеня 1948 года Людзвіг Эрхард замацаваў сваім подпісам закон аб прынцыпах гаспадарчай структуры і палітыцы цэн. Цэны выключаліся са сферы дзяржаўнага рэгулявання. Яшчэ да ўзнікнення ФРГ быў адрэгуляваны комплекс пытанняў, звязаных з паступленнем у бюджэт адлічэнняў ад суб’ектаў гаспадаркі. Былі ўведзены нізкія стаўкі банкаўскага працэнта, праведзена дэманапалізацыя. У 1949 годзе, калі пачалася гісторыя ФРГ, Людзвіг Эрхард узначаліў эканамічнае ведамства краіны. Пры падтрымцы Конрада Адэнаўэра, федэральнага канцлера, ён актыўна напоўніў зместам канцэпцыю сацыяльна-рынкавай гаспадаркі. Пазней, у 1963 годзе, Эрхард сам стане канцлерам.

У ГДР тым часам спрабавалі рэалізаваць савецкі варыянт дзяржаўнага сацыялізму.

 

Реклама

Працаатрымальнікі ўдзельнічалі ў кіраванні вытворчасцю

У 1949 годзе ў ходзе першай выбарчай кампаніі ў бундэстаг Конрад Адэнаўэр сказаў: «Дайце нам восем гадоў, і мы перавернем Германію». На самой справе, падкрэсліў Міхаіл Стралец, патрабавалася менш часу. Ужо ў пачатку 1950-х гадоў ФРГ адчула першыя істотныя вынікі сацыяльна-эканамічнай палітыкі, якую праводзілі Адэнаўэр і Эрхард. Другі год існавання Заходняя Германія распачала без таварнага дэфіцыту, з устойлівым вяртаннем да даваеннага паказчыка валавага аб’ёму вытворчасці ў прамысловым комплексе. Была поўнасцю пераадолена гіперінфляцыя, адзначаўся рост рэальнай зарплаты.

Моцны рост эканомікі можна было назіраць і далей. Упершыню ў гісторыіі капіталізма быў узяты курс на юрыдычна абгрунтаваны сумесны ўдзел працаатрымальнікаў у кіраванні вытворчасцю. Прадстаўнікоў прафсаюзаў делегавалі ў назіральны савет кампаніі, і тыя сумесна з кіраўнікамі вытворчасці разглядалі пытанні зарплаты, сацстрахавання, умоў працы, тэхнікі бяспекі. «У савецкія часы нам таксама казалі, што працоўныя ўдзельнічаюць у кіраванні вытворчасцю. Але які мог быць удзел, калі быў дыктат камуністычнай наменклатуры, якая не давала рэальна ўдзельнічаць», – дадаў Міхаіл Стралец.

Да трэціх парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў 1957 годзе, ФРГ падыйшла ў статусе эканамічнага гіганта. Па прамысловаму патэнцыялу краіна ўвайшла ў тройку лідэраў несацыялістычнай прасторы, наперадзе былі толькі ЗША і Велікабрытанія. Кардынальна змянілася сітуацыя на рынку працы. Попыт апярэджваў прапанову.

Дасягненні ГДР былі менш важкімі. У 1953 годзе ў краіне адбылося народнае паўстанне. Кіруючая сацыялістычная партыя абвясціла новы курс.

 

ФРГ на стадыі постіндустрыяльнай цывілізацыі

У 1957 – 1961 гадах ФРГ зрабіла чарговы эканамічны рывок, стаўшы другой прамысловай дзяржавай у свеце. У 1958 годзе дойчмарка набыла статус свабоднай канверсаванай валюты. У 1961-м кожны трэці немец быў уладальнікам аўтамабіля.

Краіна дасягнула пачатковай стадыі постіндустрыяльнай цывілізацыі. «Я задаю студэнтам пытанне, да якой цывілізацыі належыць Беларусь? Правільны адказ такі: Беларусь знаходзіцца на этапе вельмі складанага, супярэчлівага пераходу ад індустрыяльнай цывілізацыі да постіндустрыяльнай. І калі гэты пераход скончыцца, невядома. Германія дасягнула постіндустрыяльнага этапу 55 гадоў назад», – распавёў Міхаіл Стралец.

Кіраўніцтва ГДР, насупраць, дапусціла шэраг памылак. Адной з галоўных была прымусовая калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Гэтыя дзеянні прывялі да Бярлінскага крызісу 1958 – 1961 гг., у выніку якога з’явілася Бярлінская сцяна.

 

ГДР наладзіла вытворчасць легкавых машын і каляровых тэлевізараў

У пачатку 1960-х гадоў у ФРГ адбылася змена акцэнтаў федеральнай палітыкі. Кіруючыя колы Германіі былі сведкамі рэвалюцыйных рухаў у тэхналагічным базісе краін-экспарцёраў. Паўстала дылема: узяць прыклад або ісці ранейшым курсам. Урад ФРГ выбраў першы варыянт. Бонская рэспубліка актыўна нарошчвала аб’ёмы вытворчасці ў нафтаперапрацоўчым комплексе. Намецілася дынаміка ў айчыннай вытворчасці аўтамабіляў. Выпрацоўка на однаго працаатрымальніка ўзрасла, але не было адпаведнага павелічэння колькасці беспрацоўных. «У пачатку 1970-х гадоў 10 прамысловых рабочых выконвалі такі ж аб’ём працы, што дзесяць гадоў таму 16 іх калег», – падкрэсліў Міхаіл Стралец.

Ажыццяўлялася значная падтрымка навукова-даследчага і даследча-канструктарскага корпусаў. Пачалі ўзнікаць транснацыянальныя карпарацыі.

Аднак нельга сцвярджаць, што ў эканоміцы ФРГ не было праблем. Рэцэсія 1966-1967 гадоў сведчыла аб тым, што палітыка, якая будавалася на канцэпцыі Людзвіга Эрхарда, зайшла ў тупік. У 1966 годзе да ўлады прыйшла вялікая кааліцыя ХДС, ХСС, СДПГ. Яе першай асобай, федэральным канцлерам, стаў Курт Георг Кізінгер, які паходзіў з Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу. Пытанні фінансавай палітыкі вырашылі шляхам збалансавання функцыі суб’ектаў федэрацыі і функцыі выканаўчай улады.

Насупраць, для эканомікі ГДР гэты адрэзак часу стаў лепшым у гісторыі краіны. Аб’ём прамысловай вытворчасці перавысіў узровень даваеннай Германіі. ГДР першая з сацкраін наладзіла масавую вытворчасць легкавых машын, каляровых тэлевізараў, складанай бытавой тэхнікі.

 

Мадэль сацыяльна-рынкавай гаспадаркі даказала эфектыўнасць

Наступныя гады былі не такімі бліскучымі для ФРГ з пункту гледжання эканамічнага развіцця. Краіна прапусціла наперад ЗША і Японію. У 1974 годзе адбылася змена ўлады. Пасаду федэральнага канцлера заняў Гельмут Шмідт, на долю якога выпала роля крызіснага менеджэра. Пачалася рэіндустрыялізацыя ФРГ. Стартаваў першы этап перабудовы народнай гаспадаркі краіны з улікам дасягненняў у галіне інфарматыкі, біятэхналогій, геннай інжынерыі. Істотна павялічыліся запасы ЗВР, умацавалася нацыянальная валюта.

У 1980-х гадах у эканоміцы ФРГ зноў назіралася рэцэсія. «Гельмут Шмідт разумеў, што альтэрнатывы манетарысцкім метадам няма, але як сацыял-дэмакрат ведаў, што партыя яго не падтрымае», – адзначыў Міхаіл Стралец.

У 1982 годзе да ўлады прыйшоў Гельмут Коль. Новы ўрад перагледзеў шэраг артыкулаў дзяржаўнага бюджэта. Быў скарочаны дзяржапарат, статус дзяржаўных аб’ектаў страцілі пошта, чыгунка. Дзяржава адмовілася ад манаполіі ў сферы телебачання. Была праведзена рэформа падатковай сістэмы.

Праўленне Гельмута Коля храналагічна супала з нарастаннем праблем сацыяльна-эканамічнага характару ў ГДР. Пошук выйсця вёўся ў розных напрамках, але не было паслядоўнасці.

Калі параўноўваць сацыяльна-эканамічнае развіццё ГДР і ФРГ у 1945 – 90 гг., можна казаць аб тым, што ў ФРГ была рэалізавана мадэль сацыяльна-рынкавай гаспадаркі, якая даказала сваю эфектыўнасць. Мадэль дзяржаўнага манапалістычнага сацыялізму, навязаная Савецкім Саюзам ГДР, аказалася неэфектыўнай.

 

Што Беларусь можа пераняць у Германіі?

Між тым, у 1957 годзе ФРГ была адначасова эканамічным гігантам і палітычным карлікам. Гэта значыць, краіна вельмі сціпла паводзіла сябе ў міжнародных адносінах. Першы крок у пераадоленні комплекса палітычнага карліка, на думку Міхаіла Стральца, ФРГ зрабіла ў час кіравання Гельмута Шмідта. Аднак поўнасцю выйсці з гэтай ролі краіна змагла, калі пасаду федэральнага канцлера заняў Герхард Шродэр. У 1999 годзе Германія прыняла ўдзел у аперацыі НАТА ў Югаславіі.

Вызначальнай абставінай для развіцця эканомікі Германіі пасля аб’яднання стаў Маастрыхскі працэс, які палажыў пачатак Еўрапейскаму саюзу.

Новы якасны этап намеціўся ў развіцці транснацыянальных карпарацый. «Палітыкі Беларусі і Расіі ўжо больш як 20 гадоў кажуць пра эканамічны саюз. Але моцных транснацыянальных карпарацый у нас няма, – падкрэсліў Міхаіл Стралец. – Моц ЕС у тым, што там ствараюцца транснацыянальныя карпарацыі».

Ангела Меркель дабілася роста макраэканамічных паказчыкаў, зніжэння ўзроўню беспрацоўя да паказчыкаў пачатку 1990-х гадоў. У межах праграмы перамен «Агенда-2010» у Германіі праводзіцца дэрэгуляцыя на рынку працы, паступовае павышэнне пенсійнага ўзросту, змяншаюцца сацыяльныя выплаты мігрантам.

На думку Міхаіла Стральца, першае, што трэба пераняць Беларусі ў Германіі, – гэта разумную дэцэнтралізацыю эканамічнага кіравання, якая абмяжоўваецца толькі логікай дзеяння аб’ектыўных эканамічных законаў. «Нам трэба прымаць закон аб прыватнай уласнасці на зямлю. Калі мы яго не прымем, ніякіх фундаментальных рэформ у Беларусі не будзе», – адзначыў прафесар.

Магчыма ўвядзенне наднацыянальнай адзінкі ў межах Еўразійскага эканамічнана саюза. Трэба выконваць адзіныя стартавыя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання. «Кошты на газ і нафту ўзгадняюцца з шумам. У нармальных інтэграцыйных групіроўках такога няма», – падкрэсліў Міхаіл Стралец.

Неабходна правесці дэбюракратызацыю рэгістрацыі суб’ектаў гаспадаркі і пераняць механізм удзелу працаатрымальнікаў у кіраванні эканомікай.

 

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.