Прислать новость
  • 20 °C
    Погода в Бресте

    20 °C

  • 3.5538
    Курс валюты в Бресте
    USD3.5538
    EURO7.032
    100 RUB8.4252

Беларуска-польскія стасункі: дасягненні, праблемы, перспектывы

25.01.2016 15:06

Разввіццё беларуска-польскіх стасункаў на сучасным этапе вызначаецца многімі чыннікамі. 

Па-першае, для абедзьвюх краін характэрна наяўнасць рознапланавых гістарычных сувязяў. Гісторыя распарадзілася так, што звыш 400 тысяч этнічных палякаў з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, без малага 50 тысяч грамадзян Рэспублікі Польшча належаць да беларускага этнасу. Сотні тысяч грамадзян Беларусі з’яўляюцца нашчадкамі тых беларусаў, якія жылі на тэрыторыі Польшчы ў 1921-1939 гг. За сто тысяч пераваліла колькасць нашых суайчыннікаў, якія маюць карту паляка.

Па-другое, беларуска-польская мяжа нясе функцыянальную нагрузку, нашмат больш шырокую, чым тая, якая завязана выключна на стасунках паміж дзьвюма дзяржавамі. У дадзеную дзяржаўную мяжу працягласцю 398,624 км. укладваецца асаблівы сэнс. Гэта – частка мяжы Еўрапейскага Саюза (ЕС), Шэнгенскай зоны, Арганізацыі Паўночна-Атлантычнай Дамовы (НАТО) з Саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі. Наяўнасць агульнай мяжы прадвызначае прыярытэтную ролю памежных абласцей і ваяводстваў у двубаковых адносінах. З боку Беларусі размова ідзе аб Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, з боку Польшчы – аб Люблінскім і Падляскім ваяводствах.

Реклама

Па-трэцяе, будучы членам ЕС і НАТО, Польшча выбудоўвае сваю палітыку на беларускім напрамку ў рэчышчы падыходаў гэтых арганізацый. У сваю чаргу Беларусь уваходзіць у Саюзную дзяржаву, Еўразійскі Эканамічны Саюз, Арганізацыю Дамовы аб каляктыўнай бяспецы і, натуральна, звязана абавязкамі ў кожнай з пералічаных структур.

Па-чацвёртае, хоць у абедзьвюх краінах яшчэ ў мінулым стагоддзі стартаваў этап постсацыялістычнай трансфармацыі, адпаведныя пераўтварэнні ў іх народнагаспадарчых комплексах адрозніваліся па характару, мэтах і маштабах. Палякі палічылі, што падобную трансфармацыю лепш за ўсё ажыццёвіць прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка, а беларусы ў пераломны час аддалі перавагу прэзідэнцкай рэспубліцы.

У-пятых, бакі адчуваюць неспрыяльны ўплыў сусветнай эканамічнай кан’юнктуры. Для айчыннай эканомікі гэты ўплыў адчуваецца вастрэй, чым для польскай.

Калі браць апошнія тры гады, то можна адзначыць відавочную дынаміку ў двубаковых стасунках. Амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авяр’янаў у гэтай сувязі заяўляе, што з 2013 года «беларуска-польскія стасункі ўступілі ў фазу паступальнага ўздыму». Польскую сталіцу наведалі намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства, міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Апошні ініцыяваў стварэнне камісіі па эканамічнаму супрацоўніцтву. Польскі бок адгукнуўся станоўча, і камісія рэальна запрацавала.

Істотна актывізаваўся ўдзел Польшчы ў рэалізацыі праграмы транспамежнага супрацоўніцтва ЕС «Польшча – Україна – Беларусь». Гэта важна як вынік наступнай абставіны. 17 снежня 2015 г. Еўрапейская Камісія прыняла Рашэнне № № C(2015)9138 аб зацвярджэнні Праграмы Транспамежнага Супрацоўніцтва ЕІС Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020. На сакавік 2016 года запланавана першае паседжанне Сумеснага Маніторынгавага Камітэта Праграмы з мэтай абмеркавання ўмоў запуска Праграмы. Няма сумневаў, што польскі бок падыйдзе да гэтага паседжання ў канструктыўным ключы.

Польшча знаходзіцца ў ліку тых краін ЕС, якія займаюць найбольш спрыяльную для нашай краіны пазіцыю ў працэсе распрацоўкі пагаднення аб аблягчэнні візавага рэжыма паміж Беларуссю і ЕС. Айчынныя ўладальнікі дыпламатычных пашпартоў па добрай волі польскага боку прыязжаюць у Польшчу без усялякіх віз. Польскі бок адчыніў спецыяльныя візавыя цэнтры на тэрыторыі Беларусі. З 2011 па 2015 гг. колькасць віз, якія выдаюцца польскай амбасадай беларусам, падвоілася. З 2014 года сталі выдавацца на два гады турыстычныя візы. Два гады таму быў упершыню ўзяты рубеж у 400 тысяч віз. Зараз адна шэнгенская Польшча выдае адпаведных віз столькі, колькі астатнія шэнгенскія краіны, разам узятыя. Не можа пакідаць абыякавым наступнае сведчанне былога польскага амбасадара на Беларусі Лешака Шарэпкі: «Адкрыю сакрэт: у нашых унутраных парадах консулам напісана, што яны павінны максімальна аблягчаць рэжым атрымання віз: выкарыстаць усе магчымасці, каб людзі не плацілі за візы. Сваім рашэннем консул можа зменшыць плату за візу на трэць, напалову або зрабіць яе бясплатнай».

З 2002 г. па 2013 г. тавараабарот вырас у 6 раз. У апошнія гады ён не апускаўся ніжэй адзнакі ў 3 мільярды даляраў, прычым устойлівым было станоўчае сальда для беларускага боку. У гэтыя ж гады вытрымліваецца мінімальны ўзровень у 300 мільёнаў еўра ў плане фінансавай падпіткі айчыннага народнагаспадарчага комплекса польскім бокам. Канешне, беларускія заканадаўцы падвялі патэнцыяльных інвестараў, паставіўшы крыж на прывілеях для тых асоб, якія ўкладваюць свой капітал у функцыянаванне свабодных эканамічных зон. Так што не ў бліжэйшай будучыні магчыма дасягненне рубяжа ў 400 мільёнаў еўра. Зараз у 350 суб’ектаў гаспадарання, якія дзейнічаюць ў нашай Айчыне, прасочваецца польская прысутнасць. У 150 такіх суб’ектаў яна 100-працэнтная, у 200 – частковая. Чым займаюцца гэтыя суб’екты гаспадарання? Забяспечваюць якаснымі будаўнічымі работамі, вытвараюць шырокі асартымент будаўнічых матэрыялаў, робяць мэблю, якая карыстаецца шырокім попытам, паспяхова запоўнілі адну з ніш на фармацэўтычным рынку, маюць трывалыя пазіцыі ў перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, эфектыўны прадстаўлены ў лагістыцы, банкаўскім сектары.

Якая структура беларускага экспарту і імпарту на польскім напрамку? Датычна экспарту трэба назваць калійныя, азотныя ўгнаенні, звадкаваны газ, нафтапрадукты, лесаматэрыялы, паліўную драўніну, металапрадукцыю, правады, кабелі, трактары, спірты, скуры, казеін. Наша Айчына вывозіць з Польшчы садавіну, агародніну, акумулятары, палімеры, палікарбонавыя кіслоты, лекі, гігіянічныя сродкі.

Штогод адбываецца беларуска-польскі эканамічны форум «Добрасуседства», які выконвае функцыі базавай пляцоўкі для абмеркавання розных аспектаў эканамічнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Польшчай. Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступаюць Польска-Беларуская гандлёва-прамысловая палата і Беларуская гандлёва-прамысловая палата ва ўзаемадзеянні з профільнымі міністэрствамі і амбасадамі абедзьвюх краін.

Реклама

Увогуле паспяхова складваюцца справы ў культурнай складовай двубаковых адносін. Можна адназначна сцвярджаць, што напоўняюцца канкрэтным зместам Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Ўрадам Рэспублікі Польшча аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, навукі і адукацыі ад 27 лістапада 1995 года і Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Ўрадам Рэспублікі Польшча аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны ад 25 сакавіка 1995 года.

Конешне, доўгіх 17 год прыйшлося чакаць, каб суайчыннікі Шапэна ў 2013 годзе ў другі раз адчулі значнасць Дзён культуры Беларусі ў Польшчы. Беларуская культурная дыпламатыя спраўдзіла ўскладаемыя на яе чаканні і адзначылася на гэтых Днях проста выдатна.

Строгая польская публіка з захапленнем успрыняла бліскучае выканаўчае майстэрства айчынных майстроў мастацтваў. Яна адкрыла для сябе беларускі балет, беларускую оперу, беларускі аркестр, беларускі фальклор. Жыхары і госці Варшавы сталі сведкамі такой прэзентацыі Мірскага, Нясвіжскага замкаў, якую дазваляюць зрабіць найноўшыя тэхналогіі. Пры гэтым беларускія эксперты прадэманстравалі выдатнае валоданне гэтымі тэхналогіямі.

Наладжана прадуктыўнае супрацоўніцтва айчынных і польскіх музеяў. У розных музеях Польшчы неаднойчы працавалі выставы з калекцый беларускіх музеяў. Пералік маючых да гэтага дачыненне музеяў сапраўды ўражвае. У яго ўваходзяць шырока вядомыя Музей сучаснага мастацтва Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Мемарыяльныя комплексы «Брэсцкая крэпасць – герой» і «Хатынь», Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. У Польшчы шырокі рэзананс меў Міжнародны музейны форум, датуемы 12-14 кастрычніка 2012 года. Важна адзначыць, што месцам яго правядзення быў горад Гродна, вядомы добрай арганізацыяй музейнай справы. Наведваючы дадзенае мерапрыемства, шмат узялі для сябе супрацоўнікі шэрагу польскіх музеяў.

Важным напрамкам супрацоўніцтва з’яўляюцца частыя выставы твораў беларускіх мастакоў. Няма ніводнага ваяводства Польшчы, дзе б яны не ладзіліся. Размова ідзе пра мастакоў, якія працуюць у розных жанрах, прытрымліваюцца розных творчых стыляў, прадстаўляюць усе вобласці Рэспублікі Беларусь, адносяцца да розных генерацый. Вялікую цікавасць выклікалі работы Віктара Альшэўскага, Уладзіміра Хадаровіча, Аляксандра Сільвановіча, Юрыя Якавенкі, Уладзіміра Панцялеява, Андрэя Вараб’ёва, Ігара Засімовіча, Уладзіміра Голуба, Васіля Касцючэнкі, Валянціны Шобы, Зінаіды Фядзюнінай, Аляксандра Грышанава.

Цеснае супрацоўніцтва прасочваецца пры правядзенні агульнапольскага конкурса для дзяцей і моладзі «Пазнай Беларусь», Міжнароднага вакальнага конкурса «Бельканто» у Наленьчове, Міжнароднага дзіцячага мастацкага конкурса ў горадзе Торунь.

Ужо 22 гады паспяхова працуе Польскі Інстытут у Мінску. Гэта – польская ўстанова міжнароднага характару, што прадвызначае наянасць у яе дыпламатычнага статусу. Інстытут ажыццяўляе вялікі аб’ём працы па распаўсюджванню дасягненняў польскай культуры і навуковага жыцця, пашырэнню ведаў аб польскай соцыякультуры сярод беларусаў, а таксама развіццю кантактаў і падтрыманню дыялога паміж польскімі і беларускімі прадстаўнікамі навукі, літаратуры, мастацтва, кіно, тэатра і музыкі. Дзякуючы дзейнасці дадзенай установы з года ў год расце колькасць беларусаў, якія ўдасканальваюць свае веды ў галіне польскай мовы з дапамогай выкладчыкаў з Польшчы. Шматлікія нашы суайчыннікі з вялікай карысцю для сябе наведваюць інстытуцкую бібліятэку. Яе фонд налічвае звыш 5000 кніг.

Станоўчай адзнакі заслугоўвае праца беларуска-польскай кансультатыўнай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Члены камісіі імкнуцца знаходзіць развязкі па няпростых пытаннях, якія звязаны з рухомымі і нерухомымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Дзейнасць камісіі садейнічала актывізацыі супрацоўніцтва бібліятэк, музеяў, архіўных устаноў.

Уладныя структуры абедзьвюх дзяржаў нязменна надаюць важнейшае значэнне народнай дыпламатыі. Шырокім фронтам разгарнуліся пабрацімскія стасункі паміж гарадамі. Зараз дзейнічаюць 70 дамоў аб партнёрскіх адносінах і супрацоўніцтве паміж гарадамі і рэгіёнамі Беларусі і Польшчы. Эфектыўна дзейнічаюць таварыствы «Польшча-Беларусь» і «Польшча-Усход». Яны найлепшым чынам арганізавалі сустрэчу параднёных гарадоў абедзьвюх дзяржаў. Гэта мерапрыемства было адзначана як інвентарызацыяй ўсяго таго, што было дасягнута ў галіне ўзаемнага супрацоўніцтва, так і выяўленнем рэзерваў у дадзенным напрамку. Штогод сотні беларусаў, якія заняты ў сферы навукі, адукацыі, культуры, наведваюць Польшчу на грунце стыпендый, выдзеленых польскім бокам. Напаўняюцца рэальным зместам пагадненні аб супрацоўніцтве, якія замацаваны подпісамі кіраўнікоў 16 беларускіх і польскіх устаноў культуры.

 

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.