Прислать новость
  • 3 °C
    Погода в Бресте

    3 °C

  • 2.6431
    Курс валюты в Бресте
    USD2.6431
    EURO3.143
    100 RUB3.4095

Хрыстос уваскрос – сапраўды ўваскрос!

04.04.2015 20:35

Паважаныя ў Езусе Хрысце браты і сёстры!

З нагоды надыходзячых святаў Змёртвыхпаўстання Пана Езуса Хрыста прагнем ад імя ўсіх святароў, законнікаў і законніц падзяліцца з вамі гэтай вялікай Вялікоднай радасцю. Сапраўды дзівосныя Божыя справы, неспасцігальныя і велічныя. Святы, што хараством літургіі і сваім духоўным зместам захапляюць сэрца, якое, здаецца, замірае ў чалавеку, які сузірае таямніцу Змёртвыхпаўстання Хрыста. Для Бога не існуюць межы яго ўсемагутнасці. Нават смерць як дэфінітыўнае перакрэсленне жыцця адступае перад Богам, які прыходзіць да чалавека з дарам свайго жыцця.

З нагоды Вялікадня можна засяродзіць думкі над межамі, якімі мы ў сваім сэрцы часам мераем Божую ўсемагутнасць. Дзе мы лічым, што праходзіць мяжа нашага даверу Богу? Дзе, як нам здаецца, Ён ужо бездапаможны? Гэтая мяжа знаходзіцца там, дзе святло нашай веры паволі ператвараецца ў змрок. У Евангеллі амаль заўсёды Езус пытаецца ў патрабуючага дапамогі, ці верыш, што Я магу табе дапамагчы. Іншымі словамі, ці твая вера мае межы твайго даверу да Мяне. Калі веры не стае – не праяўляецца таксама Божае дзеянне. Калі Езус прабываў у Назарэце, не мог там здейсніць шмат цудаў, таму што жыхары яго роднай мясцовасці ведалі Яго ад нараджэння і праўда аб Езусе-цудатворцы ніяк не змяшчалася ў іх свядомасці. «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, і сярод родных яго, і ў доме яго», – паўтараў Езус. (Мк. 6, 4-5)

Реклама

Цуд уваскрасення Лазара, брата Марыі і Марты, паказвае, як Божая Усемагутнасць здольная ахвяраваць больш, чым нашыя найбольш кволыя і таемныя спадзяванні дазваляюць нам чакаць. Марта дакарае Езуса, што Ён спазніўся, і Лазар у выніку хваробы ўжо памёр і чатыры дні знаходзіцца ў магіле. Гэтымі словамі жанчына выражае веру ў тое, што Езус мог аздаравіць хворага, але ў гэтай сітуацыі яе надзея на Бога дае ёй адвагу толькі нясмела прадставіць Яму боль сэрца. Езус узрушваецца і ідзе да месца пахавання Лазара. Пакуль ён хварэў, яшчэ была надзея, цяпер жа яго цела ўжо чатыры дні ў магіле і сталася ахвяраю тлення. Гэта мяжа, якую святло веры, здаецца, амаль не распраменьвае. Езус пытаннем, ці верыш, што брат твой уваскрэсне, распальвае ледзь тлеючую іскрынку надзеі. І на словы Божага Сына памерлы, абвязаны палатном, з’яўляецца перад іх вачамі. Для многіх з нас той найвялікшай мяжой нашай веры з’яўляецца смерць. Свята Змёртвыхпаўстання гэтую мяжу апраменьвае святлом, што яе ўжо больш нябачна.

Шаноўныя вернікі і людзі добрай волі, прыміце пажаданні радасных святаў, напоўненых ззяннем Божай ласкі, пажаданні нязгаснай надзеі і даверу да Бога, дабрыні і спагады ў сэрцы да бліжняга. Няхай Вялікодныя святы дапамогуць нам з надзеяй, падмацаванай верай у Бога, даверыць Яго ўсемагутнасці нашую штодзённасць.

Хрыстос уваскрос!

Са святамі Вялікадня, паважаныя браты і сёстры!

Кс. канонік Тадэвуш АЛЬШЭЎСКІ, настаяцель рымскааталіцкага прыхода імя Багародзіцы ў Брэсце, і святары г. Брэста 

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.