Прислать новость
  • 3 °C
    Погода в Бресте

    3 °C

  • 2.6006
    Курс валюты в Бресте
    USD2.6006
    EURO3.1623
    100 RUB3.5054

Аб забытай вайне - без рэтушы

Аб забытай вайне – без рэтушы

292 23.03.2015 17:08

У дадзенай публікацыі аналізуецца наступная кніга - Анатоль Трафімчык. 1939 год і Беларусь: забытая вайна. Мінск: Выдавец А. М. Янушкевіч, 2014.

Архітэктоніка кнігі такая. Спачатку ідзе прадмова, затым ідуць раздзел першы «На парозе новай эпохі: свет і Беларусь пасля Першай сусветнай вайны», раздзел другі «Шлях да верасня 1939 года: Беларусь і суседзі паміж дзвюма сусветнымі войнамі», раздзел трэці «Выбух Другой сусветнай вайны: беларускае вымярэнне», раздзел чацвёрты «Усталяванне савецкай улады ў Заходняй Беларусі: механізмы і працэсы» і, нарэшце, заключэнне. Усе пералічаныя структурныя кампаненты арганічна ўзаемазвязаныя, упісваюцца ў арыгінальную і ў той жа час пераканаўчую аўтарскую канцэпцыю. Дадзеная канцэпцыя вынікае з па-сапраўднаму майстэрскага абагульнення гіганцкага крынічнага масіва, у якім рашуча пераважае сегмент, які ўпершыню ўводзіцца ў навуковае абарачэнне.

Аўтар кнігі кандыдат гістарычных навук і кандыдат філалагічных навук Анатоль Трафімчык вядомы як нястомны працаўнік навукі, добрасумленны даследчык, які падае факты без рэтушы, без арыентацыі на палітычную кан’юнктуру. Сам навукоўца так кажа пра рэцэнзуемую працу: «У кнізе «1939 год і Беларусь: забытая вайна» мне хацелася … напісаць беларускую праўду пра той час. Як той казаў, кропля камень точыць. Пакрысе, я спадзяюся, дзякуючы і маім публікацыям, грамадская думка эвалюцыянуе ў бок беларусацэнтрычнасьці, поглядаў на мінулае з беларускай званіцы».

Реклама

Аб забытай вайне - без рэтушы

Анатоль Трафімчык яскрава дэманструе беларусацэнтрычнасць, даказваючы, што ў часы манапольнага кіравання Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС) падкантрольны ёй даследчыцкі корпус дапусціў антыгістарызм у паказе дачынення пачатковага перыяда Другой сусветнай вайны да Беларусі. Яго храналагічныя рамкі добра вядомыя: 1 верасня 1939 года – 22 чэрвеня 1941 года. Прызнаючы ў якасці стартавай кропкі дачынення Беларусі да Другой сусветнай вайны выключна 22 чэрвеня 1941 года, ідэалагічныя слугі КПСС ігнаравалі тое, што з восені 1939 годы па сакавік 1940 года Чырвоная Армія прайшла «дзве паўнавартасныя вайны: спярша супраць Польскай Рэспублікі, трохі пазней супраць Фінляндыі. Адпаведна СССР стаў удзельнікам Другой сусветнай вайны 17 верасня 1939, калі Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. Паколькі ў складзе СССР знаходзілася Беларусь, а беларусы служылі ў Чырвонай Арміі, дык трэба прызнаць, што і Беларусь уступіла ў Другую сусветную вайну 17 верасня».

Реклама

Драматычны верасень 1939 года меў для нашай Айчыны шмат вымярэнняў, якія вельмі супярэчліва адбіліся на чалавечых лёсах. Зразумела, ёсць сэнс спыніцца менавіта на тых вымярэннях, якія найбольш падрабязна асветлены ў кнізе.

Першае вымярэнне вынікала з рэальнага статуса Беларускай ССР і Заходняй Беларусі на момант пачатку Другой сусветнай вайны. Калі БССР на гэты момант хоць фармальна, але мела міжнародна-прававую суб’ектнасць, то Заходняя Беларусь – ні фармальнай, ні фактычнай. Датычна БССР фактычна размова ішла пра звычайную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку ў межах савецкай сацыялістычнай імперыі, якая не мела аніякіх рычагоў для адстойвання сваіх інтарэсаў, або кажучы мовай сучаснай паліталогіі, нацыянальных інтарэсаў. Гэтыя інтарэсы вынеслі за дужкі як Масква, так і Берлін у працэсе фармулявання палітыкі на беларускім напрамку. «Напярэдадні пакта Молатава-Рыбентропа адной з галоўных высноў па дыпламатычных перагаворах з’яўляецца наступная: у іх не фігуравала Беларусі – ні як суб’екта, ні як – хаця б! – аб’екта.

Пра такія адносіны савецкага кіраўніцтва да аб’яднання Беларусі сведчыць далучэнне Заходняй Беларусі з вялікімі зменамі адносна яе першапачатковага тэрытарыяльнага абазначэння, а таксама шэраг іншых фактаў, у тым ліку выказванняў нямецкіх і савецкіх кіраўнікоў, накшталт:

«Господин Сталин лично говорил мне в то время, что он готов сделать уступки на севере пограничной линии, там, где она проходит через Белоруссию» (Шуленбург);

адной з першачарговых задач Крамля было «прибрать к рукам» дзяржавы, аднесеныя паводле пакта з Германіяй да сферы інтарэсаў Савецкага Саюза (Кагановіч).

Гэта было сімптаматычна для далейшага развіцця падзей. Беларусь як такая ўсплывала ў выключных выпадках – пры неабходнасці».

Реклама

Чытаючы такія радкі, нельга не задумацца наконт існавання сіл, якія адэкватна ўсведамлялі нацыянальныя інтарэсы Беларусі і, натуральна, дэманстравалі падыходы, якія дысаніравалі з палітыкай Масквы і Берліна. У БССР савецкі таталітарны рэжым такія сілы поўнасцю вынішчыў. У Заходняй Беларусі адпаведны сегмент палітычнага спектра захоўваўся аж да прыходу Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі (РСЧА). «Яшчэ да нападу Германіі на Польшчу колішнія грамадоўцы (сябры БСРГ) распрацавалі ідэю стварэння Заходняй Беларускай Рэспублікі (ЗБР). Каб не дапусціць захопу гэтых тэрыторый вермахтам, пачаліся арганізоўвацца ўзброеныя атрады. Першы загад распачаць баявыя дзеянні датычыўся ўзяцця пад кантроль Пінска, у які планавалася ўвайсці 18 верасня. Але за дзень да штурму (вядома, з прычыны пераходу савецка-польскай мяжы Чырвонай Арміяй) аперацыя была адменена».

Як разумець выражэнне «далучэнне Заходняй Беларусі з вялікімі зменамі адносна яе першапачатковага тэрытарыяльнага абазначэння?» «Вялікія змены» былі толькі са знакам мінус. У кастрычніку 1939 года – мінус базісная частка Віленскага края, якая была перададзена Літве. Ключавая статыстыка па дадзенай частцы такая: тэрыторыя 6909 км², насельніцтва 490 тыс. чалавек. На гэтай тэрыторыі маглі б размясціцца 3 Баранавіцкія раёны Берасцейскай вобласці. Згаданае насельніцтва ў 11 разоў перавышае адпаведны паказчык па Баранавіцкаму раёну. Увесну 1940 года знак мінус тычыўся Свянцянскага раёна і сегмента тэрыторыяльнага масіва Астравецкага, Відзаўскага, Радунскага, Гадуцішкаўскага раёнаў. І зноў мінус для Беларусі аўтаматычна азначаў плюс для Літвы. Статыстыка па другому мінусу такая: тэрыторыя 2646 кв.км., насельніцтва 76 тыс. чалавек. Для параўнання: тэрытарыяльны параметр на 60 кв. км перавышае плошчу еўрапейскай дзяржавы Люксембург, параметр па насельніцтву роўны адпаведным паказчыкам па чатырох райцэнтрах Берасцейскай вобласці (Бяроза, Жабінка, Іванава, Івацэвічы), разам узятых.

Другое вымярэннне – раскол беларусаў па іх дачыненню да варагуючых бакоў у якасці суб’ектаў ваенных дзеянняў. Жыхары суб’екта савецкай федэрацыі БССР утварылі адзін з сегментаў асабовага складу войскаў Заходняга фронту. Менавіта гэты фронт ажыццяўляў паход РСЧА у Заходнюю Беларусь і, натуральна, ваяваў супраць войскаў Другой Рэчы Паспалітай, якую афіцыйна называлі Польскай Рэспублікай. Разам з тым Анатоль Трафімчык звяртае ўвагу на 70 тысяч заходніх беларусаў, якія служылі ў войсках Другой Рэчы Паспалітай і спачатку змагаліся супраць вермахта, а затым супраць РСЧА. Праз гэта, напрыклад, прайшлі абаронцы Берасцейскай крэпасці беларускага паходжання. «З 14 па 17 верасня палкі са значнай колькасцю беларусаў пад камандаваннем генерала Канстанціна Плісоўскага абаранялі крэпасць ад 19-га танкавага корпуса Гудэрыяна. Пасля таго, як супраціў стаў бесперспектыўным у сувязі з уступленнем на тэрыторыю Польскай Рэспублікі Чырвонай Арміі, абаронцы Брэсцкай крэпасці вырашалі пакінуць яе. Але ў ёй засталася купка дабраахвотнікаў на чале з капітанам Вацлавам Радзішэўскім. У хуткім часе давялося супрацьстаяць ужо савецкаму войску. У ноч на 27 верасня лічаныя жаўнеры паасобку выходзілі з акружэння».

Трэццяе вымярэнне – адчуванне беларусаў у якасці ахвяр германскай агрэсіі. Навукоўца ўпершыню ў гістарычнай беларусістыцы выявіў, што ў верасні 1939 года «нямецкія самалёты даляталі практычна да польска-савецкай мяжы», што «ў выніку (здзейсненых імі – М.С.) бамбардзіровак былі забітыя і параненыя».

Чацвёртае вымярэнне – Беларусь як тэрытарыяльны масіў для савецка-германскага вайсковага супрацьстаяння. У гэтай сувязі падаецца цікавым наступны факт. «23 верасня ля Відамлі (цяпер Камянецкі раён Берасцейскай вобласці), часткі 10-й танкавай дывізіі вермахта абстралялі конны раз’езд разведбатальёна 8-й стралковай дывізіі. У выніку абстрэлу 2 чалавекі загінулі і яшчэ дваіх паранілі. У адказ з бронемашын разведбатальёна быў адкрыты агонь па нямецкім танкам, адзін з якіх быў знішчаны разам з экіпажам».

Пятае вымярэнне – успрыманне сярэднестатыстычным заходнім беларусам новых улад. А. Трафімчык паказвае, што спачатку ў гэтым успрыманні пераважаў пазітыў, а затым негатыў. Гэты беларус с цягам часу пераканаўся ў тым, што нават санацыйная Польшча была больш дэмакратычная, чым сталінскі рэжым, праводзіла больш эфектыўную эканамічную палітыку.

Кніга выглядае ўдалай не толькі па зместу, але і па стылю выкладання. Пастаянна адчуваецца, што яе напісаў гісторык і літаратар у адной асобе.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.