Прислать новость
  • 1 °C
    Погода в Бресте

    1 °C

  • 2.6019
    Курс валюты в Бресте
    USD2.6019
    EURO3.1407
    100 RUB3.5146

Аб жыцці і дзейнасці П.К. Панамарэнкі – без рэтушы

513 16.03.2015 11:08

Звяртаючыся да гісторыі савецкага грамадства, трэба аб’ектыўна ацэньваць тых партыйных і дзяржаўных дзеячоў саюзнага і рэспубліканскага ўзроўняў, якія мелі дачыненне да распрацоўкі і ажыццяўлення найбольш важных рашэнняў. У іх шэрагу заўважнае месца займае Панцеляймон Кандрацьевіч Панамарэнка. «Малавядомым і невядомым старонкам жыцця … П.К. Панамарэнкі прысвечана (рэцэнзуемая. – М.С.) кніга» [1, c. 2]. Яе напісаў прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар гістарычных навук, прафесар Эмануіл Рыгоравіч Іофе. «Аўтар выкарыстаў рассакрэчаныя фонды архіваў і музеяў Беларусі і Расіі, інтэрв’ю з людзьмі, якія блізка ведалі Панамарэнку, і многія іншыя крыніцы» [1, c. 2].

У змястоўным плане кніга ўключае прадмову рэдактара, уводзіны, пяць частак, заключэнне. Для аб’ектыўнай ацэнкі  дадзенай працы неабходна вылучыць найбольш важныя моманты ў кожным з пералічаных структурных кампанентаў.

У прадмове рэдактар звяртае ўвагу на тое, што «Панцеляймон Панамарэнка быў перакананым сталіністам, тыповым прадуктам сталінскай сістэмы падбора і вылучэння кадраў. Кемлівы апаратчык-выканаўца, здольны праявіць ініцыятыву ў межах “калідора”, які ўказаны звыша”  [1, c. 3]. Гэта выснова вынікае з аналізу прафесарам трох перыядаў у біяграфіі дадзенага дзеяча: дабеларускага. беларускага, постбеларускага.

Реклама

Ва ўводзінах выразна абазначаны акцэнт аўтара на другі перыяд. Натуральна, пераважны сегмент тэкста кнігі ўтрымлівае адказ на пытанне: «Які след пакінуў гэты чалавек на беларускай зямлі?… З дзейнасцю П.К. Панамарэнкі звязаны ўсе найбольш важныя падзеі гісторыі Беларусі цэлага дзесяцігоддзя, з 1938 па 1948 год»  [1, c. 3].

Фармаванне П.К. Панамарэнкі як наменклатуршчыка сталінскай эпохі адбылося ў першы перыяд. Адсюль вынікае цікавасць праніклівага чытача да першай частцы кнігі пад назвай «Да прызначэння ў БССР». Аўтар паказвае. як П.К. Панамарэнка праходзіў рабочыя, армейскія ўніверсітэты, рабіў камсамольскую кар’еру, атрымліваў вышэйшую адукацыю, рэалізовываўся ў якасці навуковага супрацоўніка, трапіў у апарат Цэнтральнага камітэта Ўсесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) [ЦК УКП (б)], як яго «ўпершыню ўбачыў і ўчуў Сталін”  [1, c. 13], як ён апынуўся на чале беларускай рэспубліканскай партыйнай арганізацыі.

Рэцэнзенту было цікава даведацца, што яшчэ працуючы ў камсамольскіх  органах у Азова-Чарноморском краі, П.К. Панамарэнка ўпершыню аказаўся непасрэдна дачыненным да рэпрэсіўнай палітыкі таталітарнага рэжыма. Размова ідзе пра напаўненне рэальным зместам абвешчанага бальшавікамі курса на «расказачванне». «Менавіта  там (у Азова-Чарноморскім краі. – М.С.) ён крывёю ахвяр прысягнуў на адданасць партыі бальшавікоў» [1, c. 8].

Реклама

Ніяк не стыкавалася з нармальнай логікай, але ўпісвалася ў рэаліі таталітарнага рэжыма абранне 35-гадовага П.К. Панамарэнкі першым сакратаром Цэнтральнага камітэта  Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі  [ЦК КП (б)Б]. Ён станавіўся першай асобай у суб’екце савецкай федэрацыі без папярэдняга ўзгаднення паміж  Масквой і беларускімі прадстаўнікамі, з грубейшымі парушэннямі партыйнага статута. У гэтай сувязі прывядзём два абзацы з кнігі  :

«10–18 чэрвеня 1938 года ў Мінску адбываўся XVII з’езд кампартыі Беларусі, на якім у апошні дзень  – 18 чэрвеня прысутнічаў член Палітбюро і сакратар  ЦК УКП (б) Андрэй Андрэявіч Андрэяў. Ён прадставіў дэлегатам з’езда Панцеляймона Панамарэнку і параіў абраць яго членам  ЦК КПБ, нягледзячы на тое, што з’езд кампартыі рэспублікі ўжо скончыў сваю працу, абраў новы склад  ЦК і Рэвізійнай камісіі.

З  Масквы па тэлефону распарадзіліся адкласці абвяшчэнне вынікаў галасавання да вячэрняга паседжання. На гэтым паседжанні Панамарэнку ўвялі ў склад ЦК, а раніцай наступнага дня адбыўся  пленум ЦК, на якім яго абралі  членам Бюро і першым сакратаром ЦК КП Беларусі» [1, c. 24],

Успрымаючы Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку  (БССР) не як рэальны суб’ект рэальнай федэрацыі, а як звычайную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку у межах жорсцка цэнтралізаванай савецкай сацыялістычнай імперыі, Крэмль прызначыў у асобе  Панамарэнкі  «глядзячага» Масквы. Два апошніх слова, якія поўнасцю супадаюць з найменнем другой часткі, адэкватныя яго сапраўднаму функцыянальнаму прызначэнню на беларускай зямлі.

Як кіраўнік БССР П.К. Панамарэнка адзначыўся, перш за ўсё, па наступных пазіцыях.

Першая пазіцыя: зацвярджэнне «жорсцкай сістэмы прыняцця сумесных пастаноў ЦК КП(б)Б і СНК БССР»  [1, c. 41], Пры гэтым Савет Народных Камісараў (СНК) успрымаўся першым сакретаром ЦК КП(б)Б як «аддзел ЦК» [1, c. 41], ім пастаянна дэманстравалася “нежаданне зразумець, што СНК … гэта ўрад рэспублікі, які павінен самастойна, без лішняй апекі прымаць свае рашэнні» [1, c. 41].

Реклама

Другая пазіцыя: «скасаванне хутароў» [1, c. 43]. Яно вырашальным чынам прадвызначыла  «поўнае скасаванне аднаасобных гаспадарак» [1, c. 43], давядзенне да лагічнага канца намеру партыйна-дзяржаўнай наменклатуры «зрабіць абсалютна ўсіх сялян эканамічна поўнасцю залежнымі ад дзяржавы» [1, c. 43].

Трэцяя пазіцыя: «пакіданне Мінска  сталіцай БССР» [1, c. 45].  Добра вядома, што СНК СССР і ЦК УКП(б) 19 красавіка 1938 года прынялі пастанову, якая санкцыянавала перанос беларускай сталіцы з Мінска ў Магілёў» [1, c. 46]. П.К. Панамарэнка пераканаў саюзнае кіраўніцтва ў неабходнасці перагляду дадзенай пастановы.

Чацвёртая пазіцыя: падрыхтоўка БССР да вайны. Э.Р. Іофе паказвае, што «у 1940–1941 гг. у БССР пад кіраўніцтвам Панамарэнкі праводзілася значная праца абарончага характара… Аб гэтым сведчаць яго дакладныя запіскі Сталіну» [1, c. 47].

Разам з тым кіраўнік рэспубліканскай партыйнай арганізацыі «не змог адэкватна ацаніць ступень верагоднасці ўварвання войскаў  вермахта на тэрыторыю БССР» [1, c. 52], не здзейсніў крокаў па кардынальнаму прарыву на прадмет «стварэння сістэмы СПА, будаўніцтва бомбасховішчаў, тэрмінаў завяршэння будаўніцтва ўмацаваных раёнаў» [1, c. 53]. У гэтай сувязі прафесар зусім слушна ставіць пытанне пра «адказнасць … першага сакратара ЦК  … за поўны разгром Заходняга фронта і маланкавую акупацыю Беларусі» [1, c. 53]  германскімі войскамі летам 1941 года.

Пятая пазіцыя: рэпрэсіі ў  БССР у  1938–1941 гг. Калі П.К. Панамарэнка стаў на чале  БССР, у СССР  на поўны моц працавала рэпрэсійная машына, генетычна звязаная з прыродай бальшавіцкага рэжыма. Яе функцыянаванне задавольвала новага першага сакратара ЦК. “Дакументы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве РБ і Цэнтральным архіве КДБ РБ, неабвяргальна сведчаць аб прамой адказнасці Панамарэнкі ў правядзенні палітычных рэпрэсій на Беларусі ў перыяд  1938–1948 гг.” [1, c. 62].

Шостая пазіцыя: дачыненне да буйных тэрытаряльных зменаў у гісторыі  БССР. Рэцэнзент не мог, канешне, не звярнуць увагу  на знак пытання ў наступным сказе: «Панамарэнка – «збіральнік» беларускіх  зямель?» [1, c. 62], які поўнасцю ідэнтычны найменню апошняй главы другой частцы, цалкам прысвечанай указаным зменам.

Добра вядома, што ў выніку ўключэння  Заходняй Беларусі ў склад кіруемай Панамарэнкам рэспублікі увосень  1939 года «тэрыторыя БССР  павялічылася ледзь не ўдвая» [1, c. 82] і, натуральна, у яго  была магчымасць зарабляць  прапагандысцкія ачкі як «збіральніка» беларускіх земляў» [1, c. 82]. У  сапраўднасці ж Панамарэнка далёка не  заўсёды адстойваў нацыянальныя інтарэсы БССР  на прадмет тэрытарыяльных змен, якія яе тычыліся.

Канешне, нельга не ацаніць станоўча той факт,  што яму ўдалося адстаяць перад Сталіным у абставінах жорсцкага супрацьдзеяння з боку Хрушчова дадзеныя інтарэсы пры вырашэнні пытання аб усталяванні новага размежавання абласцей і раёнаў паміж суб’ектамі савецкай федэрацыі  БССР і Украінскай ССР.

Разам з тым  першы сакратар ЦК КПБ ніяк не супрацьдзейнічаў рашэнню саюзнага кіраўніцтва аб перадачы Вільні і Віленскай вобласці Літве ўвосень 1939 года. З вобразам “збіральніка беларускіх земляў” відавочна дысаніраваў выступ гэтага дзеяча  на VII сесіі Вярхоўнага Савета СССР, датуемы 1 жніўня 1940 года. Ім было заяўлена наступнае: “Урад і Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, а таксама ЦК КП(б)Б уносяць прапанову аб далучэнні да Літоўскай ССР Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі … Астравецкага, Відзаўскага, Радунскага, Гадуцішкаўскага  раёнаў, якія знаходзяцца зараз у складзе Вілейскай і  Баранавіцкай вобласці БССР” [1, c. 89]. Панамарэнка даволі хутка капітуляваў перад літоўскім бокам, які пажадаў займець спрадвечна беларускі курорт Друскенікі. “Усяго ў  1940 годз з БССР  у склад  Літоўскай ССР  было перададзена 2646 кв.км. з насельніцтвам 76 тыс. чалавек” [1, c. 92].  Для параўнання: тэрытарыяльны параметр  на 60 кв. км перавышае плошчу еўрапейскай дзяржавы  Люксембург, параметр па насельніцтву роўны адпаведным паказчыкам па чатырох раёнах Брэсцкай вобласці (Бяроза, Жабінка, Іванава, Івацэвічы), разам узятых.

Можна адназначна сцвярджаць, што прафесар пераадолеў шэраг стэрэатыпаў, якія глыбока ўкараніліся ў гістарычнай навуцы, у трэцяй частцы «Час вайны».

Стэрэатып першы: кіраўніцтва рэспублікі ў самым пачатку вайны строга і няўхільна прытрымлівалася  «зацверджанага 17 мая 1941 года ЦК КПБ мабілізацыйнага плана на выпадак ваенных дзеянняў, распрацаванага  ЦК сумесна з камандаваннем Заходняй Асобай ваеннай акругі » [1, c. 93]. Аўтар кнігі звяртае ўвагу на грубейшаее парушэнне дадзенага  плана ў выніку «надзвычай паспешнага (24 чэрвеня, на трэці дзень вайны!) ад’езда кіраўніцтва рэспублікі ў Магілёў, здзейсненага па ініцыятыве першага сакратара ЦК КПБ …Эвакуацыя адбывалася ў тайне ад жыхароў беларускай сталіцы» [1, c. 93, 102].

Стэрэатып другі: Панамарэнка рабіў усё магчымае для паспяховай эвакуацыі насельніцтва ў  1941годзе. Э. Р. Іофе пераканаўча даказвае, што першы сакратар ЦК «упусціў час для арганізаванай эвакуацыі насельніцтва, што прывяло да неапраўданай гібелі тысяч людзей. Сам ён і большасць яго паплечнікаў больш думалі пра тое, як правільна зрабіць справаздачу перад Сталіным, чым аб своечасовай і добра арганізаванай эвакуацыі. Прычым, іх цікавіў у першую чаргу вываз матэрыяльных рэсурсаў і архіваў, а не людзей  » [1, c. 126–127].

Стэрэатып трэйці: мудрая кадравая палітыка начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху  СССР (ЦШПР) П.К. Панамарэнкі. Прафесар, канешне, не ўмаляе  заслуг П.К. Панамарэнкі на гэтай пасадзе, не ставіць пад сумнеў важную ролю ЦШПР, існаваўшага з  30 мая 1942 года па 13 студзеня 1944 года, у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Аднак тыя дакументы, якія мае ў сваім рампараджэнні сучасны даследчы корпус, натхняюць з усёй сур’ёзнасцю аднесціся да выказванняў вядомага арганізатара, кіраўніка партызанскага руху Іллі Рыгоравіча  Старынава, які пазіцыянаваў сябе ў якасці апанента П.К. Панамарэнкі. Беларускі навукоўца поўнасцю пацвярджае абгрунтаванасць наступнага меркавання Старынава: «З-за непісьменасці, некампетэнтнасці кіраўніцтва  было нанесена нямала ўдараў па саміх партызанах  – і сталінскіх удараў, і панамарэнкаўскіх» [1, c. 162].

Стэрэатып чацвёрты: Панамарэнка – таленавіты распрацоўшчык і эфектыўны кіраўнік аперацыі «Рэйкавая вайна». Стратэгічная мэта гэтай аперацыі была такая: «У  час змагання на Курскай дузе і наступнага  контрнаступу Чырвонай Арміі пазбавіць германскія войскі на фронце дастаўкі ім з тыла падмацаванняў, боепрыпасаў, тэхнікі, харчавання» [1, c. 169]. Вядома, што пры здзяйсненні дадзенай аперацыі было два аб’екты выбуховых дзеянняў: паравозы и рэйкі. Элементарная логіка падказвала, што акцэнт  павінен быў рабіцца на першы аб’ект.  Нажаль, партызаны-падрыўнікі, падпарадкаваныя Панамарэнку, лічылі прыярытэтным другі аб’ект.  «Увогуле, аперацыя «Рэйкавая вайна» … па сваёй сутнасці аказалася імітацыяй «бурнай дзейнасці». Стратэгічнага выніка яна не прынесла» [1, c. 171].

Стэрэатып  пяты: аб’ектыўная ацэнка начальнікам  ЦШПР месца і  ролі падпольных  груп  у антыгерманскім супраціўленні на акупаванай тэрыторыі.  Са зместа кнігі можна даведацца, што  «па віне Панамарэнкі кіраўнікоў першага і другога складу Мінскага падпольнага камітэта партыі доўгі час лічылі здраднікамі, агентурай гестапа, а многіх актыўных падпольшчыкаў асудзілі. Такі ж быў лёс шэрагу камандзіраў партызанскіх брыгад і атрадаў, звязаных з Мінскім гарадскім антыфашысцкім падполлем» [1, c. 171]. Зараз агульнапрызнаныя ацэнкі дадзеных асоб з дакладнасцю наадварот.

З цікавасцю чытаецца і чацвёртая частка  «Разборкі» пераможцаў».

Прафесар паказвае, што ўзначальваючы ў 1944–1948 гг. урад і застаючыся да  1947 года першай асобай у рэспубліканскай партыйнай іерархіі, Панамарэнка шмат зрабіў для аднаўлення разбуранага ў выніку мінулай вайны народнагаспадарчага комплекса. У гэтым плане адназначна станоўчыя наступствы для дадзенага суб’екта савецкай федэрацыі мела «сустрэча Панамарэнкі са Сталіным на зямлі Беларусі … ў ліпені 1945 года. Яна была звязана з паездкай Сталіна на (Патсдамскую. – М.С.) канферэнцыю… Сталіна, ехаўшага ў сваім браніраваным вагоне, Панамарэнка суправаджаў па тэрыторыі БССР, абмяркоўваў з ім план аднаўлення гаспадаркі рэспублікі» [1, c. 180]. У ходзе абмеркавання было вырашана пытанне аб будаўніцтве Мінскага трактарнага завода.

А зараз  зноў зручны момант паразважаць на тэму «Панамарэнка – «збіральнік» беларускіх земляў?» Пасля вызвалення ад германскай акупацыі БССР зноў непасрэдна тычыліся сь немалыя тэрытарыяльныя змены. Пагэтаму ўяўляецца зусім апраўданай наяўнасць у чацвёртай частцы спецыяльнай главы «Торг за зямлю: Полацк, Калінінград, Белавежжа». Калі ў перадваенны час указаныя змены азначалі, што  БССР больш набывала ў тэрытарыяльным плане, чым губляла, то ў пачатку постваеннага перыяда яны былі  для рэспублікі толькі са знакам мінус.

Гэты  знак выглядаў  яшчэ болей унушальна, калі б у  РСФСР з’явілася новая вобласць – Полацкая. «Панамарэнка спачатку падтрымаў прапанову кіраўніцтва СССР  аб  передачы Полацка з прылягаючай тэрыторыяй у склад  РСФСР і толькі потым у сувязі са змяненнем геапалітычнай сітуацыі вакол БССР ён заняў супрацьлеглую пазіцыю – утварыць  Полацкую вобласць  у складзе БССР» [1, c. 205].

Паза сумневу, у  нацыянальных інтарэсах БССР былі дзеянні  першага сакратара  ЦК  пад дэвізам «Даеш  Калінінград!» Калі б гэтыя дзеянні мелі лагічнае завяршэнне,  сучасная Рэспубліка Беларусь з’яўлялася б марской дзяржавай. «Пасля ўтварэння Калінінградскай вобласці ў 1945 годзе,  на тэрыторыі былой Усходняй Прусіі, Панамарэнка накіраваў Сталіну запіску з прапановай далучыць Калінінградскую вобласць да БССР,  дазволіўшы ёй для гэтага калідор праз суседнююю  Литву» [1, c. 205]. Прапанова кіраўніка беларускай рэспубліканскай партыйнай арганізацыі не знайшла адназначнай падтрымкі з боку агульнасаюзнага кіраўніцтва. Разам з тым яно не выключала вяртання да дадзенай прапановы ў будучым. Прайшло тры гады і Панамарэнка на цэлых восем гадоў  увайшоў у кіруючую палітычную эліту саюзнага ўзроўню і, натуральна, мог зноў узняць гэта пытанне, будучы ў якасна новай сістэме палітычных кардынат. Але ён больш не ставіў дадзенае пытанне. Ствараецца ўражанне, што Панамарэнка не быў у ім па сапраўднаму прынцыповым і настойлівым.  Сапраўдны збіральнік беларускіх земляў так бы не зрабіў.

Канешне, трэба аддаць належнае Панамарэнку за яго пазіцыю па пытанню аб падзеле Белавежскай пушчы. Вядома, што ў 1944 годзе пачаліся перамовы аб новай савецка-польскай мяжы, напрамую звязаныя з лёсам Белавежскай пушчы. «Адразу пасля перамогі над Германіяй, у маі 1945 года, у кіраўніцтве  СССР узнікла ідэя падзяліць тэрыторыю Белавежскай пушчы на дзве амаль роўныя часткі, адну з якіх аддаць Польшчы … Панамарэнка … усяляк намагаўся перашкодзіць гэтаму” [1, c. 208]. Аднак яго намаганні ў дадзеным накірунку аказаліся марнымі.

Прафесар звяртае ўвагу таксама на тое, што Панамарэнка кіраваў рэспублікай з поліэтнічнай, поліканфесійнай структурай насельніцтва. Любы цывілізаваны кіраўнік такога рангу з павагай ставіўся б да нетытульных этнасаў, якія яе насялялі. Але Панамарэнка быў кіраўніком зусім іншага плана. Ён прынцыпова быў за тое, каб у  СССР  без усялякіх выняткаў ажыццяўлялася палітыка партыйна-дзяржаўнага антысемітызма.

«Менавіта пры Панамарэнку з  лета 1944 года, адразу пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў, пачалася чыстка партыйнага, дзяржаўнага, прафсаюзнага і камсамольскага апаратаў, міністэрстваў дзяржбяспекі, унутраных і замежных спраў, органаў суда і пракуратуры БССР ад габрэяў. З кожным годам іх у гэтых ведамствах станавілася ўсё меньш і меньш. К 1951 году урад БССР складаўся з 22 рускіх, аднаго грузіна (Цанава), 9 беларусаў і толькі аднаго габрэя» [1, c. 213].

Базісны блок зместу кнігі завяршаецца пятай часткай «Канец кар’еры». Яна супадае з  постбеларускім перыядам біяграфіі Панамарэнкі. У гэтым перыядзе найбольш значнымі ў кар’ерным плане былі першыя пяць гадоў, якія скончыліся са смерцю Сталіна. Згаджаючыся з тэзай аб тым, што Панамарэнка быў у фаворы ў Сталіна, прафесар разам з тым знаходзіць  відавочна непераканаўчай версію аб тым, што Сталін разглядаў яго ў якасці пераемніка на пасадзе кіраўніка саюзнага саўміна. Сапраўды, гэтаму няма аніякіх дакументальных доказаў. Пасля смерці крамлёўскага дыктатара гэты дзеяч стаў пакрысе выціскацца з наменклатурнай абоймы. Апошнім яго родам дзейнасці з’явілася выкладанне ў Інстытуце грамадскіх навук пры  ЦК КПСС, спалучаемае з напісаннем прац па гісторыі Беларусі і Вялікай Айчыннай вайны. Э.Р. Іофе вельмі рупліва разбірае гэтыя працы, паказваючы, што яны знаходзіліся ў рэчышчы афіцыйнай савецкай гістарыяграфііі.

У заключэнні зноў абгрунтоўваецца выніковая выснова аб дзейнасці Панамарэнкі, сфармуляваная рэдактарам кнігі ў прадмове. Заўважым, што ў якасці рэдактара выступае вядомы беларускі гісторык А.Я. Тарас.

Такім чынам, Эмануіл Рыгоравіч Іофе вынес на суд чытачоў сур’ёзную навуковую працу. Яна абавязкова будзе ўстрабавана навуковай і адукацыйнай супольнасцю.

  1. Иоффе. Э. Пантелеймон Пономаренко: «железный» сталинист / Эммануил Иоффе. – Минск: Харвест,  2015. – 256 с. : 82 ил.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.