Прислать новость
  • 10 °C
    Погода в Бресте

    10 °C

  • 2.5004
    Курс валюты в Бресте
    USD2.5004
    EURO2.3953
    100 RUB4.2631

Уладзімір Някляеў: «У 2015 годзе я буду ўдзельнічаць у выбарах»

14.11.2013 11:39

Уладзімір Някляеў сустрэўся з грамадскімі актывістамі Берасця ў аўторак 12 лістапада. Паэт і былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года распавёў, чаму Еўразвяз не ўспрымае Беларусь сур’ёзна, аб адносінах з Расіяй і шляхах развіцця нашай краіны.

Падчас вечара лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» адказаў на пытанні прысутных і ўручыў граматы яе «сапраўдным сябрам». Напрыканцы сустрэчы Уладзімір Някляеў прачытаў некалькі сваіх вершаў, а жадаючыя атрымалі ад яго кнігі і аўтографы. 

«Рэфармаваць дзяржаву трэба ўжо сёння»

– Сёння складаны час, таму ўжо ідуць два працэсы, якія адзін адному супярэчаць. З аднаго боку, яшчэ не скончыўся распад імперыі. Імперыі распадаліся не дзесяцігоддзямі, а стагоддзямі. З другога боку, ідзе працэс узнікнення новых дзяржаў, адной з якіх з’яўляецца наша з вамі Беларусь.

Реклама

Праблема, на маю думку, у тым, што, фармальна маючы дзяржаву, дэ-факта мы яе не маем. Па сутнасці на сённяшні дзень, як была на пачатку таго, што мы называем незалежнасцю, задача пабудовы дзяржавы, так яна і застаецца. Як гэта зрабіць, мы ўсе ламаем галовы і ўпіраемся ў адно: неабходна рэфармаваць эканоміку, палітыку. Без гэтага «ніц не бэндзе», як кажуць нашы суседзі палякі. Рэфармаваць дзяржаву трэба ўжо сёння. 

Сацыяльныя праграмы – лепшы шлях да людзей

– Калі ты не знаходзішся ва ўладзе, ты не можаш прымаць рашэнні. Ты там, дзе цябе называюць пятай калонай, ворагам. І хоць ты ведаешь і яны ведаюць, што ты ніякі не вораг, давесці гэта абсалютна немагчыма і без толку. Значыць трэба рабіць іншую справу праз іншыя інструменты і механізмы. І вось, маючы вельмі абмежаваны выбар гэтых інструментаў і механізмаў, мы шукаем больш аптымальны. У кампаніі «Гавары праўду» мы пачалі з сацыяльнай праграмы.

Гэтыя сацыяльныя праграмы – наш удзел ва ўсіх выбарчых кампаніях, ажно да Народнага рэферэндума. Гэта пошукі тых механізмаў і інструментаў, якімі можна хай паступова, хай не ў тых маштабах, як хацелася б, але вырашаць асноўную задачу, якая сёння стаіць перад намі.

Як бы цяжка ні было з людзьмі размаўляць – даверу мала ва ўсіх і да ўсіх. Але іншага шляху, чым ісці да людзей праз гэтыя механізмы, якія мы можам выкарыстаць, няма.

Реклама

Аб успрыманні Беларусі еўрапейскімі краінамі

– Вякамі было так: Прусія ці Нямеччына – з таго боку, з другога – Расія. Усё, што паміж, – гэта проста шлях ад Берліна да Масквы ці назад. Ёсць такая вялікая праблема, каб Еўропа больш актыўна праводзіла палітыку паляпшэння адносінаў з Беларуссю. Таму што асноўны донар Еўразвязу не хто-небудзь, а Нямеччына.

Мы ўсё чакаем, што нас пачнуць сур’ёзна ўспрымаць як дзейнікаў палітыкі. Але гэтага не будзе, пакуль мы самі да сябе ўсур’ёз не аднясемся, пакуль мы ўсур’ёз не створым дзяржаву, пакуль усур’ёз не створым дэмакратычны ўрад, пакуль усур’ёз не створым рынкавую эканоміку, пакуль усур’ёз не створым дэмакратычнае грамадства. Ніякага іншага шляху няма.

Наогул нам вырашаць стасункавыя, суседскія праблемы будзе вельмі цяжка і далей.

Аб Еўразійскім звязе і планах Расіі

– Гэты год будзе складаным для ўсіх, для нас з вамі. Але радуе тое, што ён будзе не толькі для нас складаным. Асноўная гістарычная дата, якую чакае ўсё прагрэсіўнае чалавецтва, як думае таварыш Пуцін, гэта 1 студзеня 2015 года, калі плануецца падпісанне так званай Еўразійскай дамовы. Для Пуціна гэта не проста падпісанне паперкі, гэта па сутнасці выкананне ці невыкананне сваёй палітычнай праграмы – ідэі аднаўлення «мощи России», а па сутнасці спробы захаваць імперскія пазіцыі. Калі ён гэта правальвае, то правальвае ўсё. Задача – любой цаной гэтага дамагчыся. Не так проста.

Калі ён дэкляраваў гэты Еўразійскі звяз, тады сярод патэнцыйных падпісантаў былі Украіна, Малдова, Беларусь і Казахстан – чатыры як мінімум. Засталася Беларусь. З аднаго боку, Пуцін павінен гарантаваць подпіс пад гэтай дамовай з боку Беларусі. З другога – ён павінен гарантаваць выкананне гэтага подпісу. Гэта дае падставу меркаваць, што нарэшце прэзідэнцкую кампанію 2015 года мы сустрэнем з расійскімі кандыдатамі. Можа быць такая сітуацыя, я не выключаю.

«Адзіны кандыдат гэта не галоўнае пытанне»

– Калі б сёння былі аб’яўлены выбары, я б на іх не пайшоў. У 2015 годзе ў любым выпадку я буду ўдзельнічаць у выбарах. Але ўсё будзе залежаць, як складзецца сітуацыя. Сённяшняя сітуацыя не спрыяе таму, каб кандыдат ад дэмакратычнай апазіцыі мог нешта зрабіць на гэтых выбарах. Але ўсё можа змяніцца.

Я сёння (12 лістапада – заўв. аўт.) сустракаўся з Аляксандрам Мілінкевічам, ён тут, у Берасці, зараз пасля аперацыі на рэабілітацыі. Ён як раз на тых пазіцыях, што трэба сабраць кангрэс і выдвінуць адзінага кандыдата.

Я ўсім кажу, давайце склічам кангрэс, выбярэм як найхутчэй адзінага кандыдата. Таму што адзіны кандыдат – гэта не галоўнае пытанне, гэта частка пытання. І не будзем больш да яго вяртацца, а будзем займацца больш сур’ёзнымі справамі. Але пакуль не ўдаецца.

Беларусы не ганарацца беларускасцю

– Вельмі цяжкая рэч – давесці сённяшнім нашым беларусам тое, што яны – беларусы. Пасяліць у іх адчуванне годнасці праз гэта. Напрацягу стагоддзяў гэта тапталася. Але гэта можна зрабіць, усё павінна мець падмурак. Я думаю, што пакаленне, якое ўжо з’явілася, трошкі іншае. 

Аб шляхах развіцця краіны

– Калі ў краіне няма выбараў, то праз выбары ўладу памяняць нельга. Развал, а пасля будаўніцтва нечага новага? Ён можа прывесці да страты нашай дзяржаўнасці. Таму я не хачу найхутчэйшых зменаў у краіне. Я згодны патрываць, каб шлях да гэтых зменаў мы прайшлі з найменшымі стратамі.

У напаўненні ракі ёсць роля кожнай ручаінкі, нават кожнай дажджынкі. Калі яна ведае, куды і для чаго цячэ. І ўсе сённяшнія маленькія і большыя дэмакратычныя рэкі выконваюць ролю гэтых ручаінак і дажджынах. «Гавары праўду» – далёка не самая маленькая рэчка ў басейне дэмакратычных рэк Беларусі. А можа быць, і тая, якая пасля 2010 года найпаўней захавалася ў сваіх берагах. 

«Самыя неактыўныя людзі – актывісты грамадскіх рухаў»

– Я пачаў ездзіць па краіне і бачу, што сталася з дэмакратычнымі структурамі, з актывістамі. Мяне гэта змусіла задумацца і прааналізаваць сітуацыю. Я ўбачыў, што самыя разгубленыя неактыўныя людзі – гэта як раз актывісты грамадскіх рухаў, асабліва тыя, якія ў гэтых рухах доўгі час. Усё шчыра робяць, займаюцца тым, чым займаюцца. Але няма таго, дзеля чаго яны ўсё гэта робяць, няма поспеху. А гэта вельмі стамляе чалавека псіхалагічна. Гэты дух паражэнства найменш закрануў нашу кампанію.

«Гавары праўду» трымаецца на рэгіянальных структурах. Усе палітычныя суполкі адцэнтраваліся ў Менску, там стараліся зрабіць арганізацыі. А мы адразу пачалі з рэгіёнаў. Я лічу, што, выбраўшы такую стратэгію, мы і дабіліся таго, што на сённяшні дзень маем. Мы дабіліся таго, што ёсць рэгіёны, ёсць структуры ў рэгіёнах, і праз гэта мы можам працаваць далей.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.