Прислать новость
  • -2 °C
    Погода в Бресте

    -2 °C

  • 2.608
    Курс валюты в Бресте
    USD2.608
    EURO3.1417
    100 RUB3.5339

В.БАБКОВА: «Смерцю каралі і за крадзеж з панскіх свірнаў…»

245 13.06.2013 11:49

Гісторык Вольга Бабкова шмат гадоў працуе ў Нацыянальным архіве з самымі рознымі дакументамі. Яна нямала ведае пра смяротныя пакаранні часоў сярэднявечча.

Злодзеяў звычайна вешалі каля гарадскіх варот. Разбойнікам спачатку палілі рукі, потым здзіралі са спіны палоскі скуры, рвалі цела распаленымі абцугамі, а затым адсякалі галаву.

Жанчын, якія забівалі сваіх дзяцей, закопвалі жывымі ў зямлю і зверху прабівалі калом.

Реклама

Вядзьмарак палілі на агні. Важакоў сялянскіх паўстанняў і бунтаў спачатку саджалі на кол, затым падвешвалі за рэбры на крук, ламалі колам, чвартавалі, рассякаючы цела сякерай на чатыры часткі.

Якой была гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі? Каго і за што каралі смерцю? Пра гэта – у сведчаннях беларускіх гісторыкаў.

 

Реклама

Паны вырашалі лёс сваіх падданых без суда і следства

– Вольга, ці часта ў розных дакументах сустракаюцца выпадкі, звязаныя са смяротным пакараннем?

– У судовых актавых дакументах другой паловы XVI – сярэдзіны XVII стагоддзяў, з якімі даводзіцца працаваць найчасцей, такія выпадкі, безумоўна, сустракаюцца, бо гэта адпавядае характару судовых дакументаў. У актавыя кнігі павятовых судоў, магістратаў уносіліся не толькі натарыяльныя акты пра маёмасныя здзелкі, пагадненні паміж людзьмі, але і судовыя дэкрэты па розных крымінальных справах, сведчанні розных асоб пра абставіны злачынстваў і пакаранні за іх, якія маглі быць «грашовыя», «крывавыя», «турэмныя». Часам у судах агучваліся розныя версіі здарэння, пабачаныя з гледзішча розных сведкаў. Пісар ці падпісак у судовай канцылярыі ўсё старанна занатоўваў, часцей са слоў удзельнікаў, дзякуючы чаму зараз мы можам адчуць, апроч іншага, і моўную плынь старабеларускай мовы, уласцівай для таго часу.

– Якія з гісторый пра смяротную кару, апісаныя ў дакументах, вас найбольш шакіравалі?

– У артыкулах Статута ВКЛ 1588 года распісаны шматлікія людскія правіны і пакаранні за іх, якія былі адпаведныя тагачасным нормам права. У артыкуле 7 раздзела 11 згадваецца пакаранне, якое сапраўды шакіравала, хаця на старонках прачытаных мной актавых кніг падобных выпадкаў я не сустракала. За наўмыснае забойства бацькі або маці ці дзіцяці сваімі бацькамі вінаватага чакала «ганебная смерць» і страта пачцівасці. Злачынца вазілі па рынку, ірвучы цела абцугамі, а пасля, пасадзіўшы ў скураны мех, садзілі туды ж сабаку, пеўня, вужаку, котку, мех зашывалі і ў глыбокім месцы тапілі… Нейкая азіяцкая манера пакарання!

Уразіла таксама і беспакаранасць пана Мікалая Шостака, які ў сваім маёнтку на Слонімшчыне ў 1576 годзе спаліў па ўласным загадзе падданую, абвінавачаную ў чарадзействе. Перад гэтым няшчасную тапілі ў рацэ.

– Дарэчы, пра чарадзейства. Гісторык Андрэй Кіштымаў распавядаў, што вы шмат ведаеце пра тое, як каралі смерцю вядзьмарак і чараўніц…

Реклама

– У кнізе гістарычных эсэ «…І цуды, і страхі», якая выйшла ў 2010 годзе, ёсць раздзел «Чарадзейства», дзе згадваюцца праявы, звязаныя з чарадзействам, сустрэтыя пры распрацоўцы актавых кніг. Але ж гэтыя звесткі даволі рэдкія, сабраны практычна па крупіцах. Выпадак на Слонімшчыне, калі на вогнішчы спалілі дзяўчыну Агнешку за ваджэнне «кола чарадзейства» з іншымі маладымі дзяўчатамі, апісаны там больш падрабязна. Хапала і іншых уяўленняў, якія тагачасныя людзі звязвалі з іншасветам, хаця найчасцей за гэтым хаваўся звычайны страх перад невядомасцю.

Перад Ратушай рэзалі горла

– Ці можна назваць гісторыю Беларусі крывавай з пункту гледжання распаўсюджвання вышэйшай меры пакарання?

– Крывавай гісторыя Беларусі была з-за свайго тэрытарыяльнага становішча, вынікам чаго сталіся шматлікія бясконцыя войны на яе тэрыторыіі. А таксама крывавай і бязлітаснай – у часы бальшавіцкага тэрору і рэпрэсій. На гэтым фоне смяротныя пакаранні напрыканцы сярэднявечча, пачатку новага часу не былі, напэўна, чымсьці выключным. Усе злачынствы, за якія чалавек «траціў горла», былі агавораны ў артыкулах Статута.

– Якія віды смяротнага пакарання былі, калі так можна сказаць, самымі папулярнымі на Беларусі?

– Чалавека, які здзейсніў злачынства («мужабойцу»), можна было, паводле прававых норм, «са свету згладзіць, а смерць прыправіць» наступным чынам: «сцяццем праз меч», павешаннем на шыбеніцы, чвартаваннем, саджэннем на кол.

Гэтак у Мінску на плошчы Верхняга рынку перад Ратушай у 1600 годзе быў скараны «на горла» праз меч мінскі мешчанін Ян Байкоўскі, абвінавачаны ў згвалтаванні жанчыны ў стадоле на Траецкай гары.

За жорсткае забойства мінскага земскага суддзі і яго слуг, учыненага ў 1618 г. у маёнтку Хатаевічы цэлай бандай нанятых непрыяцелямі суддзі бадзяжных людзей, пакаранымі «ўзбіццём на паль» (на кол) аказаліся не галоўныя ініцыятары забойства, а тры чалавекі, нанятыя ў лясах на Аршаншчыне, якія прызналі сваю «злую работу», свой «злой учынак».

Кат працаваў гадзіну…

– Пакаранні былі жорсткія? Забівалі адразу ці спачатку прымянялі катаванні?

– Так, безумоўна, жорсткімі. І вельмі часта прымяняліся катаванні, каб здабыць патрэбную следству інфармацыю. Гэты чын называўся ў судовых дакументах «падаць на муку», «выдаць на пробу» кату. Артыкул 17 з раздзела 14 Статута ВКЛ агаворваў тэрмін такога катавання і ўмову, каб абвінавачаны не быў знявечаны на тым допыце. Катаванне мусіла цягнуцца адну гадзіну, і, калі абвінавачаны не прызнаваўся, яго адпускалі на волю. Гэтак радашкавіцкі кат пытаў агнём баярына Амбражэя Вараніцу ў справе крадзяжу панскіх рэчаў з клеці. Але мусіў адпусціць, бо той віны сваёй не прызнаў і сапраўды аказаўся не вінаваты, як сведчаць дакументы.

– За якія злачынствы прыгаворвалі да смяротнай кары?

– «Крывавымі ўчынкамі», за якія каралі «на горла», лічыліся забойства шляхціца, гвалтоўны і крывавы напад на шляхецкі дом, напад на храм, гвалтаванне «белых галоў» (жанчын), разбой, падпал ды іншыя крывавыя справы. Статут агаворваў пакаранне і за крадзеж. Цікава, што там жа агаворвалася і магчымасць для рабаўніка, асуджанага на смерць, адкупіцца грашыма ці заступніцтвам знатных асоб, але, калі ён ужо пабываў у руках ката, то тады сярод прыстойных людзей не мог больш карыстацца шляхецкімі прывілеямі. Таксама існавала пакаранне за ўчыненае зладзейства вызнаваць свой учынак і віну перад кожным чалавекам, стоячы каля храма сваёй канфесіі шэсць тыдняў.

Дуніна-Марцінкевіча маглі адправіць на смерць?

– Ведаю, што раней за такую, здавалася б, дробязь, як падробка дакументаў, таксама вешалі…

– Так, падробка дакументаў строга каралася. «Фальшэрамі» называлі людзей, якія падраблялі дакументы дзеля карысных мэт. Асабліва шмат падробак дакументаў дзеля незаконнай набілітацыі (надання шляхецтва асобе простага стану) адбывалася ў XIX стагоддзі. Мінск у тыя часы лічыўся сталіцай фальсіфікацыі дакументаў. У падрабленні дакументаў падазраваўся нават Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які меў дачыненне да адной з мінскіх натарыяльных кантор.

Гартаючы актавыя кнігі XVI – XVIII стагоддзяў, даволі часта можна сустрэць паметкі архівістаў XIX стагоддзя, якія пазначалі на палях алоўкам падробленыя дакументы. У адной актавай кнізе іх магла быць амаль палова.

– Ці можна па архіўных дакументах зрабіць выснову, хто быў вінаваты ў тых злачынствах, за якія каралі смерцю?

– Калі справа ў дакуменце выкладзена падрабязна і калі працяг гэтай справы сустракаецца і далей у актавай кнізе, то часам робяцца відавочнымі матывы злачынства і ягоныя завадатары, а вінаватымі ў выніку маглі апынуцца ўсяго толькі выканаўцы. А часам судовая справа была такой заблытанай у праўных лабірынтах, што дасюль застаюцца цьмянымі яе вытокі.

– Вольга, а вы самі за ці супраць адмены смяротнага пакарання?

– Я катэгарычна супраць смяротнага пакарання ў сучаснай Беларусі!

Па-першае, вынясенне такога рашэння і выкананне яго наносіць удзельнікам і выканаўцам непапраўную шкоду, разбурае душу чалавека, папросту робіць душэўна хворымі, хаця гэта можа быць вонкава незаўважным. Чым больш людзей прымаюць удзел у гэтым, тым больш хворым робіцца грамадства.

Па-другое, толькі пажыццёвае зняволенне за цяжкія злачынствы можа быць сапраўдным пакараннем, бо тут ужо дакладна хопіць часу «з сумненнем сваім справіцца». Не кажу ўжо пра магчымыя судовыя памылкі…

 

Тым часам

«Міжнародная амністыя» заклікае ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

У спецыяльнай заяве праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заклікае беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, а затым цалкам адмяніць гэты від пакарання.

«Смяротнае пакаранне з’яўляецца канчатковым, жорсткім, нечалавечым і прыніжальным пакараннем і парушэннем правоў чалавека», – сказаў выканаўчы дырэктар «Міжнароднай амністыі» па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Дэвіл Дыяз-Жажэ.

У заяве «Міжнароднай амністыі» адзначаецца, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываюць смяротнае пакаранне.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.