Прислать новость
  • 31 °C
    Погода в Бресте

    31 °C

  • 2.5235
    Курс валюты в Бресте
    USD2.5235
    EURO2.663
    100 RUB4.9705

На чым цяпер даводзіцца эканоміць маладым сем’ям?

21.07.2011 13:47

Адной з самых пацярпелых катэгорый насельніцтва падчас цяпершаняга крызіса апынуліся маладыя сем'і.

“КРЫМСКІХ” ГРОШАЙ ЦЯПЕР ХОПІЦЬ ТОЛЬКІ НА ВЯЛІЗНЫ ПІКНІК

Яшчэ гэтай зімой мы ўсёй сям’ёй – я, мой муж і маленькая дачка марылі пагрэцца летам у Крыме. Нават пачалі пакрысе адкладваць у “заначку” грошы. Сёння ж, пасля таго, як да беларусаў прадказальным, але ўсё адно непажаданым госцем “завітала” дэвальвацыя, нашых грашовых запасаў хопіць хіба што на вялізны пікнік на Мінскім моры, а паўднёвы адпачынак перайшоў у шэраг планаў на “калі-небудзь”.

Реклама

Увогуле, імклівае падзенне беларускага рубля і праблемы з легальным набыццём значна больш улюбёнай за рубель валюты істотна падкарэктавалі планы практычна ўсім грамадзянам сінявокай, асабліва маладым сем’ям, якія ў абсалютнай большасці толькі мараць аб матэрыяльнай незалежнасці. Як паўплывала на іх зніжэнне даходаў больш чым удвая? Ці сталі яны больш ашчадна ставіцца да ўласных грошай, акуратна распараджацца сямейным бюджэтам, з аглядкай ісці на рызыку альбо верыць у халяўныя выйгрышы дзяржаўных латарэй, уразаць апетыты альбо шукаць дадатковыя спосабы заробку? На гэтыя пытанні, на ўмовах ананімнасці, пагадзіліся адказаць некалькі маладых сем’яў — як са сталіцы, так і з правінцыі.

“ДЗЕ Б ЯШЧЭ ПАДПРАЦАВАЦЬ?”

33-гадовы Дзяніс і 25-гадовая Тамара — наваспечаныя мінчане, у сэнсе — абое родам з райцэнтраў Мінскай вобласці, але пазнаёміліся ў сталіцы, тут жа і засталіся па размеркаванні пасля заканчэння ВНУ, а год назад пажаніліся. Дзяцей маладая пара пакуль што не мае, затое мае канкрэтныя планы на будучыню — жыць і працаваць менавіта ў Мінску. Тым больш, перадумовы для гэтага ёсць: спадчына ад бацькоў — дом, продаж якога прынёс у скарбонку сям’і каля 40 тысяч долараў, стабільная работа (тры працоўныя месцы на дваіх) і агульны прыбытак у 4,5 мільёнаў беларускіх рублёў.

“Даводзіцца плаціць за здымную кватэру, але на гэта ідуць працэнты з валютнага дэпазіту, так што гаспадары нават скінулі нам цану да 200 долараў, таму гэта асабліва не напружвае, — распавядае Дзяніс. — У бліжэйшы час — цягам бягучага ці ў пачатку наступнага года — плануем прыступіць да будаўніцтва ўласнай кватэры. Думалі яшчэ зімой набыць кватэру на другасным рынку, але апетыты ўладальнікаў уразілі — за “дабітыя” хрушчоўкі і разваленыя “панэлькі” просяць занадта шмат, а там на рамонт спатрэбіцца ці не палова сумы ад кошту кватэры”. Гэтай галоўнай мэце — займець уласнае жыллё — і падпарадкаваны сёння бюджэт нашай сям’і. Нават ад “афіцыйнага” (для сваякоў і сяброў) гучнага вяселля і вясельнага падарожжа Дзяніс і Тома адмовіліся, падлічыўшы, што адпачынак у Турцыі або ваяж у Еўропу “з’ядуць” некалькі каштоўных квадратных метраў будучай кватэры. Большасць заробку сям’я пускае на набыццё “будаўнічых” долараў – у асноўным набываюць іх па адносна ільготным (сярэднім паміж афіцыйным і рынкавым) курсе ў знаёмых, якія атрымліваюць зарплату ў валюце, часам шанцуе прыдбаць у аддзяленнях банкаў у родных райцэнтрах, але з кожным месяцам такая ўдача бывае ўсё радзей.

У астатнім жа, як сцвярджаюць маладыя людзі, яны асабліва не эканомяць, і сямейны бюджэт на месяц наперад не распісваюць — могуць сабе дазволіць і паходы ў кіно ці тэатр, і сезонныя абнаўленні гардэробу. Балазе, у вялікім горадзе заўсёды знойдзецца магчымасць падзарабіць на дробныя радасці жыцця. “Напрыклад, па буднях я працую лагапедам у дзіцячым садку, а па выхадных — тым жа лагапедам, але ўжо ў прыватным парадку; займаюся таксама рэпетытарствам, пішу курсавыя для студэнтаў, — пералічвае Тамара. — Калі б у сутках было яшчэ гадзін шэсць дадатковых, то шукала б, дзе яшчэ падпрацаваць. Але я добра ўсведамляю, што нам пашанцавала: і пачатковы капітал дзякуючы бацькам ёсць, і ў мужа вельмі добрая праца, нават калі адважымся на дзіця і я пайду ў дэкрэтны адпачынак, то грошай будзе хапаць. А вось як людзі на зарплату 600—700 тысяч выжываюць, нават не ўяўляю!

“ЖЫВУЦЬ ЛЮДЗІ І ГОРШ”

Затое гэта не тое што ўяўляюць, а ведаюць на ўласным вопыце 33-гадовы Мікіта і 30-гадовая Ларыса, якія жывуць у Полацку, выхоўваюць 5-гадовае дзіця і, аб’яднаўшы агульную зарплату, маюць каля 2,3 мільёнаў беларускіх рублёў на траіх. Таму асноўныя артыкулы сямейных выдаткаў яны памятаюць, як “Ойча наш”:

— Безумоўна, больш за ўсё грошай ідзе на харчаванне, — расказвае на правах галоўнага здабывальніка Мікіта. — Квартплата яшчэ нічога: зімой каля 200 тысяч, летам удвая меншая, а вось на прадукты можа і дзве трэці заробку пайсці. Спрабавалі эканоміць, але асабліва не атрымліваецца. У нас як: атрымалі зарплату, можам крыху пашыкаваць — тыдзень-другі раз-пораз ласавацца якія-небудзь прысмакамі, а потым даводзіцца “ўціскацца”…

Часам бягучыя выдаткі перавышаюць прыбытак, і тады на дапамогу прыходзіць Мікітава маці-пенсіянерка, якая то грошай пазычыць, то прадуктаў падкіне. За рамкі разумнага маладая сям’я асабліва не выходзіць і крэдытамі у старэйшага пакалення карыстаецца асцярожна.

А вось буйныя пакупкі маладыя людзі абмяркоўваюць і плануюць загадзя: калі трэба, то выкарыстоўваюць выдадзеныя адным банкам крэдытныя карткі. Прыкладам, зусім хутка давядзецца рабіць значныя выплаты — будзе здадзены дом, у якім Мікіта і Ларыса з дапамогай бацькоў пачалі летась будаваць кватэру (квадратны метр ім абышоўся ў 2,4 млн беларускіх рублёў). Дзеля таго, каб давесці да ладу новенькае жытло, Мікіта і рады б знайсці падпрацоўку, але ў адносна невялікім горадзе з гэтым праблемы, асабліва калі ўлічваць месца працы маладога чалавека, — ён выратавальнік МНС. “Мы павінны максімум часу і сіл аддаваць службе. Калі кіраўніцтва даведаецца, што хтосьці падпрацоўвае, то будзе зусім іншае стаўленне да гэтага чалавека, — тлумачыць Мікіта і адразу ж з прыкрасцю зазначае: — А як тут не жадаць падзарабіць? Мяркуйце самі: да ўсяго гэтага грашова-прадуктовага буму я атрымліваў 600 долараў у эквіваленце, цяпер — удвая менш, хіба мы зможам дазволіць сабе замежны адпачынак альбо нараджэнне другога дзіцяці?! Разумею, што жывуць людзі і горш, але ж для сваёй сям’і хочацца лепшага, натуральна”.

“ВОПРАТКУ ЯКАЯ ЁСЦЬ, ТАКУЮ І НОСІМ”

Вяскоўцы з Нясвіжскага раёна Іна і Васіль (абодвум па 30 год, ён працуе механізатарам, яна – бухгалтар), пэўна, якраз і належаць да катэгорыі “жывуць жа людзі і горш за нас”: маладая сям’я з двума дзецьмі ўпісваецца ў агульны бюджэт 2 мільёна рублёў. Гэта цяпер, летам, калі механізатары ў калгасе, лічы, няблага зарабляюць; а зімой выходзіць мінус 500 тысяч – у халодны ва ўсіх сэнсах сезон зарплата Васіля змяншаецца з 1,5 да 1 мільёна рублёў. Пры гэтым зімой каля 300 тысяч (летам удвая менш) даводзіцца выкладваць за камунальныя паслугі — калгас выдзеліў для сям’і домік, які пры жылой плошчы 35 квадратных метраў абыходзіцца даволі дорага. А прыватызацыя яго яшчэ даражэйшая, таму пра яе маладыя людзі пакуль што нават і не думаюць.

Реклама

“Пасля камуналкі ў нас галоўны пункт выдаткаў, відаць, як і ва ўсіх, — ежа, — расказвае Іна. — Хоць ёсць свой участак 10 сотак, але ён асабліва не выратоўвае: каб пасадзіць бульбу, апрацаваць і выкапаць яе, трэба заплаціць па 9 тысяч за сотку, і гэта нам яшчэ зніжкі як сям’і, дзе і муж і жонка працуюць у калгасе. Так што прыбытку ўчастак не дае, пару свіней і курэй таксама трымаем толькі для сябе, але, шчыра кажучы, марым аб тым, каб развітацца з гэтай гаспадаркай, бо занадта сіл і часу яна забірае”.

Наконт эканоміі бюджэту Іна і Васіль жартуюць: маўляў, на ўласным аўто сэканомілі — набылі да 1 ліпеня, а дакладней, яшчэ да жаніцьбы Васілю дапамагла з пакупкай маці. Летась прыдбалі таксама новую лядоўню, чаму вельмі рады: “Цяпер не тое што бытавую тэхніку не змаглі б памяняць, калі паламаецца! Вопратку якая ёсць, такую і носім; перыядычна ператрасаем стары гардэроб, глядзім, што можна данасіць самім або перашыць малым”. Акрамя адзення, эканоміць атрымліваецца таксама на ласунках: як адзначае Іна, “ва ўсёй сям’і і зубы, і страўнікі будуць больш здаровымі, так што, можна лічыць, і на будучых візітах да ўрачоў эканомія”. Але неўзабаве давядзецца істотна патраціцца — збіраць сына да чарговага навучальнага года. Крэдыт на гэтыя мэты сям’я катэгарычна вырашыла не браць — адклалі пэўную суму загадзя, ды зноў жа, бацькі абяцалі дапамагчы. “Цяжка? — перапытвае Васіль. — Ну, цяжка. А каму зараз лёгка? Мы ўсё ж верым, што сітуацыя паступова зменіцца ў лепшы бок”.

…Напэўна, гэта і ёсць сапраўдны беларускі эканамічны цуд — не бескарыснае тэрміновае друкаванне трыльёна новых грошай, не тры розныя, адначасова існуючыя курсы валют (афіцыйны, міжбанкаўскі біржавы і “шэры” рынкавы), а ўменне беларускіх сем’яў выжываць на любыя грошы ў любых умовах, і пры тым яшчэ верыць, што рана ці позна будзе лепш.

P.S. Яшчэ адну мінскую сям’ю, якая хутка пяройдзе ў статус шматдзетнай, я заспела літаральна на парозе. “Няхай тут застаюцца дурні і аптымісты, — не ўтойваў ні эмоцый, ні свайго імя спецыяліст па лагістыцы Аляксандр Васілеўскі, — а я з’язджаю ў Піцер на заробкі і сваіх адвязу. Калі ўсё ж вернемся, то пагутарым”.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.