Прислать новость
  • 4 °C
    Погода в Бресте

    4 °C

  • 2.6431
    Курс валюты в Бресте
    USD2.6431
    EURO3.143
    100 RUB3.4095

Памёр Рыгор Барадулін. Развітанне пройдзе ў аўторак у Мінску

03.03.2014 11:49

2 сакавіка сышоў з жыцця апошні беларус, якому надалі званне народнага паэта, - Рыгор Барадулін. Яму было 79 гадоў.

Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Яго першы зборнік паэзіі «Маладзік над стэпам» быў выдадзены ў 1959 годзе. Барадулін працаваў як рэдактар (у выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісаў «Бярозка», «Полымя» і г. д.) і перакладчык.

Апошняй выдадзенай кнігай Барадуліна ў 2013 годзе стаў «Вушацкі словазбор», куды ўвайшлі слоўнік, народны каляндар, прыказкі ды хуткамоўкі, распаўсюджаныя на малой радзіме.

Реклама

Развітанне з паэтам пройдзе ў аўторак з 09.45 да 11.15 у мінскім касцёле Святых Сымона і Алены, перадае БелаПАН. Паніхіда пачнецца ў 11.15 і пройдзе па ўніяцкай традыцыі. З поўдня ў касцёле пройдзе паніхіда па рымска-каталіцкай традыцыі. Развітальныя словы блізкіх, родных і сяброў паэта прагучаць у 13.00. Пасля гэтага Барадуліна праводзяць у апошні шлях з Мінска ва Ушачы. Паэт будзе пахаваны на ўшацкіх могілках побач з маці.

 

 

Босая зорка

Зорка босая йшла па зямлі.

Я хацеў ёй купіць чаравічкі.

Толькі як згаварыцца,

Калі

У яе незямныя прывычкі.

 

Реклама

Зорка босая йшла па расе,

І сляды яе не астывалі.

І вятры слугавалі красе.

Халады ад яе адставалі.

 

Зорка босая йшла нацянькі,

Бо спазніцца баялася дужа.

Дзе ступала, цвілі васількі,

Дзе стаяла, усміхалася ружа.

 

Зорка босая йшла ў тумане

Кладкай зыбкай над хітрай вадою,

Зорка босая йшла да мяне,

Каб аднойчы назвацца табою.

 

Белая яблыня грому

Белая яблыня грому

Чорных садоў ліхалецця.

Яблык яе нікому

Не пажадаю на свеце.

Голая яблыня грому

Жахам жагнала прысмерк.

Пэўна, што д’яблу самому

Помніцца горкі прысмак.

Светлая яблыня грому

З салаўінае ўсяночнай.

Ласкавага яблыка стому

Я надкусіў аднойчы.

Ціхая яблыня грому,

Першага мілага гневу.

Позірку маладому

Праглася бачыць Еву.

Добрая яблыня грому,

Радасцю поўні наўколле!

Хай жа ня будзе злому

Голлю твайму ніколі.

Белая яблыня грому,

Клопатам, гаманою

I на апошнюю строму

Светла ўзыдзі са мною.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.