Прислать новость
  • 2 °C
    Погода в Бресте

    2 °C

  • 2.6234
    Курс валюты в Бресте
    USD2.6234
    EURO3.1515
    100 RUB3.5161

«Больш Еўропы для Беларусі». Сумесная заява лідараў дэмакратычных сіл

83 10.04.2013 15:44

Лідары трох вядомых палітычных структур Беларусі - рух «За Свабоду», грамадзянская кампанія «Гавары праўду» і партыя БНФ - выступілі з сумеснай заявай. Яны лічаць неабходным аб'яднаць свае намаганні для абароны і прасоўвання інтарэсаў грамадзян Беларусі і ўмацавання суверэнітэту краіны.

Палітыкі, падпісаўшыя заяву, упэўненыя, што істотна пашырыць магчымасці нашай краіны і грамадства для мадэрнізацыі і пабудовы дэмакратычнага ладу дапаможа толькі вяртанне да паўнавартаснага дыялогу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам.

«Мы зыходзім з таго, што паўнавартасны дыялог магчымы толькі пасля вызвалення палітычных вязняў, уключаючы спыненне дзеяння судовых рашэнняў у дачыненні да ўмоўна асуджаных і асуджаных з адтэрміноўкай выканання прысуду. У той жа час мы лічым, што для ўмацавання стабільнасці ў рэгіёне і незалежнасці нашай краіны Еўрапейскі саюз ужо цяпер можа распачаць шэраг крокаў, якія адначасова будуць спрыяць большай адкрытасці беларускага грамадства і правядзенню неадкладных эканамічных рэформаў», – гаворыца ў заяве.

Реклама

«Мы заклікаем ЕС у аднабаковым парадку:

1. Максімальна спрасціць візавы рэжым для грамадзян Беларусі, зыходзячы з магчымасцяў, якія дае Візавы кодэкс ЕС, з далейшым поўным скасаваннем консульскага збору за выдачу шэнгенскіх віз;

2. Выявіць ініцыятыву і пачаць практычную рэалізацыю ў дачыненні да грамадзян Беларусі ўмоў пагаднення аб малым памежным руху з Беларуссю ў 50-кіламетровай зоне на мяжы з Польшчай і Літвой;

Реклама

3. Спрасціць для малога і сярэдняга бізнесу правілы стварэння і функцыянавання ў ЕС сумесных беларуска-еўрапейскіх прадпрыемстваў;

4. Пашырыць магчымасці для беларусаў атрымліваць еўрапейскую адукацыю, у тым ліку шляхам поўнафарматнага доступу беларускіх студэнтаў да ўдзелу ў праграме ERASMUS, павелічэння квотаў для беларусаў на бакалаўрскіх і магістарскіх праграмах еўрапейскіх універсітэтаў; прафесійных стажыровак у дзяржаўных структурах краін Еўрасаюза, НДА і фабрыках думкі; пашырэння даследчых праграм, накіраваных на вывучэнне Беларусі, а таксама істотнага пашырэння праграм абмену для прадстаўнікоў бізнесу, дзяржаўных структур, навуковых арганізацый, грамадзянскага і палітычнага сектараў.

5. Пашырыць падтрымку арганізацый грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл, якія працуюць ўнутры Беларусі.

Мы прапануем у выпадку выканання ўрадам Беларусі раней адзначаных умоваў і аднаўлення паўнавартаснага дыялогу з ЕС вярнуцца да перамоў з афіцыйным Мінскам у межах «Сумеснага часовага плану» (кансультацыі былі распачатыя восенню 2010 года), што будзе спрыяць мадэрнізацыі і лібералізацыі Беларусі.

Мы падтрымаем любыя дзеянні, якія будуць адпавядаць прынцыпу «больш Еўропы для Беларусі і беларусаў».

Мы заклікаем Еўрапейскі саюз:

Реклама

– Спрыяць набліжэнню Беларусі да еўрапейскіх стандартаў у розных галінах, кіруючыся жаданнямі яе грамадзян і нягледзячы на супрацьдзеянне ўладнай эліты.

– Не гуляць па правілах, устаноўленых беларускімі ўладамі, не чакаць рашэнняў беларускіх улад там, дзе ЕС можа прымаць уласныя рашэнні.

Мы ўсімі сіламі падтрымліваем ініцыятыву «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» з беларускім грамадствам і заклікаем улады Беларусі неадкладна далучыцца да яе рэалізацыі.

Заклікаем дэмакратычную супольнасць Беларусі ўсяляк спрыяць здзяйсненню Еўрапейскім саюзам салідарных дзеянняў, якія спрыяюць правядзенню дэмакратычных і рынкавых рэформ у Беларусі і садзейнічаюць руху краіны да еўрапейскіх стандартаў».

Падпісалі дакумент Аляксандр Мілінкевіч, лідар руху «За Свабоду», Уладзімір Някляеў, лідар кампаніі «Гавары праўду», Аляксей Янукевіч, лідар партыі БНФ.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.