Прислать новость
  • 21 °C
    Погода в Бресте

    21 °C

  • 2.5992
    Курс валюты в Бресте
    USD2.5992
    EURO3.0318
    100 RUB3.3813

Паэт Дранько-Майсюк і бард Акулін сустрэліся з брэстчанамі

164 22.03.2013 17:42

У сярэдзіне тыдня Брэст з творчым візітам наведалі вядомы беларускі паэт з палескімі каранямі Леанід Дранько-Майсюк і паэт і бард Эдуард Акулін. Дзве сустрэчы з аматарамі творчасці майстраў слова прайшлі ў дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна і ў гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.С. Пушкіна 20 сакавіка.

«Злыя людзі здатныя на дабрыню?» – такім пытаннем распачаў размову ў бібліятэцы спадар Леанід. Пагадзіўшыся з адказам адной са слухачак, якая сцвердзіла, што кожны чалавек здольны рабіць дабро, паэт расказаў цікавую ўласную гісторыю пра чэмпіянат свету па футболе і экзамен па хіміі. Вывадам яе стала: «Чалавечая дабрыня – найвялікшая каштоўнасць у свеце».

Акрамя дабрыні было ўзгадана шчасце, а дакладней – шчасце заўтрашняга кахання. Дранько-Майсюк горача настаўляў маладое пакаленне: «Калі вас сёння не кахаюць, не сумуйце, вас пакахаюць заўтра! А першая памочніца кахання – цудоўная беларуская літаратура».

Реклама

Насамрэч, вершы і песні, якія брэсцкая публіка слухала ў выкананні мінскіх мастакоў, натхняюць менавіта на светлыя пачуцці і дзеянні. Леанід Дранько-Майсюк чытаў вершы са сваёй апошняй «Кнігі да спадарыні Эл». Эдуард Акулін, якога, дарэчы, віншавалі са снежаньскім пяцідзесяцігадовым юбілеем, выконваў песні са свежага аўтарскага дыска «Не магу жыць без крыл…», а таксама прэзентаваў новы зборнік уласных вершаў «Малітва воч».

Паэт Дранько-Майсюк і бард Акулін сустрэліся з брэстчанамі

Реклама

Да таго ж Эдуард з’яўляецца галоўным рэдактарам літаратурнага часопіса для моладзі «Верасень», таму на сустрэчах ён заклікаў не толькі чытаць, але і пісаць у часопіс. І пісаць менавіта па-беларуску, бо адна з мэтаў часопіса – прывіваць любоў да роднай мовы, а другая – шукаць і адкрываць новыя таленты нашай зямлі.

Падчас сустрэч гучалі пытанні і падзякі, прыхільнікі творчасці мелі магчымасць займець аўтографы, кнігі і дыскі мастакоў слова.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.