Прислать новость
  • 15 °C
    Погода в Бресте

    15 °C

  • 2.5215
    Курс валюты в Бресте
    USD2.5215
    EURO3.0606
    100 RUB3.4062

Парафія Узвіжання Святога Крыжа: гісторыя ў 600 год

28.11.2012 18:53

Гісторыя старэйшага ў Брэсце касцёла поўная сумных і радасных старонак. Неаднаразова перанесены і перабудаваны, ён, падобна птушцы Фенікс, зноў і зноў паўставаў да жыцця. Акурат 25 лістапада гэтага года вернікі парафіі Узвіжання Святога Крыжа мелі двайную нагоду для свята - 600-годдзе паўстання і 20-годдзе аднаўлення дзейнасці. Пра нялёгкую гісторыю святыні расказаў пробашч парафіі ксёндз Юрый Хіневіч. 

Карані касцёла пад вызваннем Святога Крыжа сягаюць ажно ў 1412 год: менавіта гэтую дату падаюць гістарычныя крыніцы. У іх жа ўтрымліваюцца звесткі і пра тое, што святыня паўстала дзякуючы фінансавай дапамозе польскага караля Уладзіслава Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта.

У 16 стагоддзі, пасля зацвярджэння ў Рыме Берасцейскай царкоўнай уніі, у касцёл Святога Крыжа патрапіў абраз Маці Божай Брэсцкай. Слава пра яго цудадзейнасць пасля выздараўлення гетмана Мікалая Патоцкага хутка разляцелася па беларускіх і польскіх землях. Тысячы пілігрымаў на працягу стагоддзяў ішлі да Маці Божай з просьбамі і малітвамі.

Реклама

Але пакой у дзяржаве досыць часта парушаўся войнамі. Так, Берасце пацярпела падчас войнаў з Масковіяй, Швецыяй, падчас падзелаў Рэчы Паспалітай. А 19 стагоддзе стала кропкай адліку найбольш трагічных падзей. Менавіта тады ў ходзе будаўніцтва крэпасці касцёл быў зруйнаваны і пазней, у 1856 годзе, перанесены на новае месца, дзе знаходзіцца і сёння, – на сучаснай плошчы Леніна.

У 1936 годзе, калі наш горад знаходзіўся ў складзе Польшчы, архітэктары распрацавалі план рэканструкцыі касцёла Узвіжання Святога Крыжа, на базе якога мела з’явіцца велічная базіліка. Але 1939 год і ўваход у Брэст савецкіх войскаў не далі гэтым планам здзейсніцца. Больш за тое, у 1948 годзе святыню, якая перажыла две вайны і рэвалюцыі, зачынілі «за ненадобностью». А праз чатыры гады касцёл быў разрабаваны. Унутранае ўбранства – драўляныя алтары і 37 абразоў – былі спаленыя, а ўсе культавыя прадметы вынеслі на вуліцу і скінулі ў вялізную купу. Менавіта з яе гараджанін Андрэй Чарняк змог выцягнуць узгаданы вышэй цудадзейны абраз Маці Божай Брэсцкай, які пасля захоўваў у сваёй хаце замураваным у сцяне.

Да 1990 года католікі Брэста маглі прыходзіць толькі ў капліцу на Кіеўцы: у касцёле на Леніна прапісаўся абласны краязнаўчы музей. Але з прыходам «адлігі» падзеі пачалі шалёна змяняць адна адну. У 1989 годзе пад мурамі касцёла тагачасны пробашч Збігнеў Кароляк адправіў першую за 40 год святую імшу. Ужо праз год імша адбылася ў мурах святыні, а з 1992 года парафія зноў атрымала правы на сабор і адбудову вежаў. У гэтым жа годзе касцёл рэкансэкравалі. А ў 1996 годзе кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на абраз Маці Божай Брэсцкай залатыя кароны, прывезеныя з Рыму. Значэнне касцёла і адважная за яго барацьба не засталіся без увагі апостальскай сталіцы.

Зараз, па словах пробашча Юрыя Хіневіча, парафія працягвае жыць. Касцёл памалу аднаўляецца, набывае былую веліч і абрысы. «Калі ў 1992 годзе на набажэнствах было не больш за 40 чалавек, то сёння на кожнай з чатырох святых імшаў касцёл літаральна забіты людзьмі. Што нас, вядома, не можа не цешыць. Але мы імкнемся перш за ўсе не да колькасных паказчыкаў, а да ўзрастання якасці нашых парафіянаў», – кажа святар. 

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.