• 17 °C
    Погода в Бресте

    17 °C

  • 2.095
    Курс валюты в Бресте
    USD2.095
    EURO2.3557
    100 RUB3.2765

У краязнаўчым музеі пакажуць фотаздымкі польска-беларускага памежжа пачатку ХХ стагоддзя

332 03.02.2017 13:08

Вернісаж і прэзентацыя фотапраекта Albom.pl адбудзецца 7 лютага ў 16.30.

На выставе будуць прадстаўлены фотаздымкі першай паловы ХХ стагоддзя з асабістых архіваў жыхароў польска-беларускага памежжа, паведамілі ў Генеральным консульстве РП у Брэсце.

Здымкі былі сабраныя ў 2013 годзе падчас наведвання сямі населеных пунктаў. Гэта вёскі Кляшчэлі і Грудкі ў Польшчы, а таксама гарадскі пасёлак Сапоцкін (Гродзенскі раён), в. Лунна (Мастоўскі раён), в. Воўпа (Ваўкавыскі раён), гарады Ваўкавыск і Камянец у Беларусі. У ім узялі ўдзел фатографы, гісторыкі і журналісты з абедзвюх краін.

Фота: Сямейныя архівы/albom.pl

Падчас экспедыцыі атрымалася знайсці і вярнуць з нябыту некалькіх мясцовых фатографаў. Самым значным адкрыццём сталі негатывы Ежы Костка, знойдзеныя на гарышчы яго хаты ў в. Кляшчэлі. Ён фатаграфаваў свой гарадок на працягу паўстагоддзя. Праз яго атэлье прайшлі амаль усе жыхары горада. Іх партрэты можна ўбачыць на выставе.

Прадстаўлены таксама здымкі іншых сельскіх фатографаў. У міжваенны перыяд амаль у кожнай з мясцовасцяў, якія наведала група даследчыкаў, дзейнічала фотаатэлье, як правіла, габрэйскае. У в. Грудкі самым папулярным, а, магчыма, і адзіным фатографам быў Ёзэф Абраміцкі. Апроч фатаграфіі, ён аказваў паслугі па стрыжцы і галенню.

У гарадскім пасёлку Сапоцкін захавалася шмат здымкаў, зробленых у атэлье фатографа Бяркоўскага, які фатаграфаваў каталіцкія, праваслаўныя і свецкія імпрэзы.

У Ваўкавыску ў міжваенны перыяд дзейнічалі як мінімум чатыры фотамайстэрні. Дзякуючы знойдзеным архівам, здымкам мастакоў і проста рамеснікаў, якія займаліся фотаздымкай дзеля заробку, вымалёўваецца карціна сельскай партрэтнай фатаграфіі пачатку ХХ стагоддзя.

Фота: Сямейныя архівы/albom.pl

Паездка, у выніку якой з’явілася выстава Albom.pl, была рэалізавана ў рамках праекта «Фатаграфічна-археалагічная экспедыцыя на польска-беларускае памежжа» са сродкаў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. У ходзе праекта было сабрана больш за 2 000 фотаздымкаў з 70 прыватных калекцый. На 800 адабраных можна паглядзець на сайце albom.pl. Там жа да прагляду даступныя фрагменты гутарак і гісторый, расказаных людзьмі, якія прадаставілі свае сямейныя архівы і калекцыі для праекта.

Выстава, падрыхтаваная Аб’яднаннем культурнай асветы WIDOK і куратарам Гжэгажам Дамброўскім, арганізавана Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем і Генеральным консульствам РП у Брэсце. Яна працягнецца да 28 лютага.

Фота: Сямейныя архівы/albom.pl
Фота: Сямейныя архівы/albom.pl

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: