Вернісаж адбыўся 22 снежня ў выставачнай зале па вул. Савецкай, 54.
У пленэры ўдзельнічалі як вядомыя мастакі — Ігар Раманчук, Кірыл Ляшук, Алег Малейка, так і студэнты профільных спецыяльнасцяў. Ён адбыўся ў Івацэвіцкім раёне каля дома-музея Тадэвуша Касцюшкі. Герой двух кантынентаў нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава.
«Выстава «Косава — Радзіма героя» робіцца ў межах грамадска-культурнай кампаніі «Сын свабоды — гонар Беларусі» і прымеркавана да 270-годдзя нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, нашага славутага земляка, — расказаў дырэктар культурнага цэнтра «Грунтоўня», адзін з арганізатараў пленэра Віктар Клімус. — Мы не абмяжоўвалі мастакоў па жанрах. На выставе ёсць фотаздымкі, акварэль, графіка, работы алеем. Кожны мастак са сваім досведам, сваім амплуа».
«Мне здаецца, адзін з галоўных момантаў у тым, што студэнты рабілі свае першыя крокі побач са знакамітымі мастакамі. Многія з іх вучыліся ў нас, прайшлі праз нашу мастацкую школу», — адзначыла старшы выкладчык псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна Марына Марчук, якая таксама прымала ўдзел у арганізацыі пленэра.
На яе думку, Тадэвуш Кастюшка — гэта гістарычная асоба, якая зрабіла смелы крок. «І мы павінны вучыцца рабіць нешта, няхай не такое гераічнае. Вяртацца да сваіх каранёў трэба, таму што яны пітаюць, даюць жыццё», — дадала Марына Марчук.
Выстава будзе працаваць да 5 студзеня ў малай зале.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google