Прислать новость
  • 10 °C
    Погода в Бресте

    10 °C

  • 2.4803
    Курс валюты в Бресте
    USD2.4803
    EURO2.3956
    100 RUB4.2813

Лявон Вольскі: «Спявайце мае песні на поўны голас на шырокіх берасцейскіх вуліцах!»

21.04.2011 12:50

Класік сучаснай беларускай рок-музыкі, лідар знакамітай «Крамбамбулі» і легендарнай «N.R.M.» Лявон Вольскі вязе ў Брэст альтэрнатыўны, эклектычны, рознастылёвы і крэатыўны ўрок беларускай літаратуры. 

У вялікай зале грамадска-культурнага цэнтра 28 красавіка ён прэзентуе свой новы альбом «Белая яблыня грому» на вершы беларускіх паэтаў. Напярэдадні канцэрта «БГ» cпытала Лявона Вольскага пра ягоны музычна-літаратурны праект, сямейныя правілы і асацыяцыі з Брэстам.

«Багушэвіч – гэта гангста-рэп»

– Спадар Лявон, калі і пры якіх умовах з’явілася ідэя запісаць песні на вершы беларускіх паэтаў і стварыць альбом «Белая яблыня грому»? Што натхніла на гэтую працу?

Реклама

– Неяк я набыў зборнік Францішка Багушэвіча. Дагэтуль ягоныя вершы я чытаў і вучыў толькі ў школе. А вы самі ведаеце, як выкладаецца мова ў школе (ёсць, праўда, выключэнні, калі настаўнік любіць свой прадмет). Ну дык вось я набыў кнігу Багушэвіча, пачытаў усё і зразумеў: гэта канкрэтны рэп. А некаторыя вершы, напрыклад, «У судзе», дык і гангста-рэп. Там ёсць усё, што адпавядае жанру: ірваны рытм, абурэнне, злосць і нянавісць. Я адразу патэлефанаваўАляксандру Памідораву і прадэмакляваў тое-сёе. Ён аж аслупянеў: «Што гэта?» Я кажу, маўляў, Саша, гэта класіка беллітаратуры, якую мы праходзілі ў школе ды неяк так і не прайшлі. Багушэвіч. Карацей, з таго часу з’явілася задума. Але да рэалізацыі альбому песень на вершы нашых класікаў мінула шмат гадоў, бо я быў заняты іншымі, надзённымі на той час праектамі.

– Па якім прынцыпе адбіраліся творы і аўтары?

– Хацелася ахапіць розныя часы. А ўжо далей чытаў зборы твораў – што больш торкнула, на тое і напісалася.

– Ці магчымы працяг гэтага праекту: запіс другой плыткі з песнямі на вершы сучасных паэтаў?

– Цалкам магчымы. Але ня заўтра і не праз год. Мора таленавітай паэзіі засталося за бортам нашага карабля. Напрыклад, Міхась Стральцоў, Пятрусь Макаль, Анатоль Вялюгін… А таксама сучасныя паэты і, безумоўна, рэпрэсаваныя, збітыя на ўзлёце.

– Чаму менавіта «Белая яблыня грому» Барадуліна стала назвай плыткі?

– Бо сакрамэнтальна гучыць.

– Вокладка для дыску і партрэты паэтаў – гэта дэбют Лявона Вольскага-мастака? Ці чакаць шанавальнікам Вашай творчасці выставы ў галерэі «Ў», альбо пакуль пане Лявон малюе «у стол»?

– Не, гэта далёка не дэбют. Я маляваў і малюю: і карціны, і коміксы, і ілюстрацыі. Увогуле я маю мастацкую адукацыю. У адрозненне ад музычнай (смяецца). Наконт выставы – можа, праз паўгода нешта і адбудзецца.

Реклама

– Апошнім часам Вашых прыхільнікаў вельмі цікавіць пытанне: чаму іншыя праекты сталі для Вас больш прыярытэтнымі, чым «N.R.M.»? І што чуваць пра Ваш удзел у «Крамбамбулі»?

Мне б не хацелася каментаваць дадзеную сітуацыю. Пакуль што я не магу адэкватна, без пачуццяў выказацца на гэты конт. Хто хоча зразумець – той зразумее, хто ня хоча – і тлумачыць няварта. А што тычыцца «Крамбамбулі»,то ўжо рыхтуецца да выдання чарговы альбом. Гэта традыцыйныя песні народаў Еўропы, у тым ліку і беларускага, апрацаваныя ў сучасных стылях.

– У Інтэрнэце карыстаюцца папулярнасцю Вашы палітычна-гумарыстычныя частушкі, якія Вы спяваеце на розныя галасы. Што дапамагае пераўвасобіцца ў вобразы ідэйных апанентаў – такіх розных Саўкі ды Грышкі?

– Я не пераўвасабляюся. Я занатоўваю, як медыум. Падключаюся да беларускага космасу і занатоўваю.

– Ці падтрымлівае пан Лявон благачыннасць? Калі апошні раз выступаў на благачынным канцэрце альбо неяк садзейнічаў благачыннасці?

– Я аддаў LP «Мроі» «Дваццаць восьмую зорку» (хто ня ведаеце, зірніце ў Інтэрнэце) на дабрачынны аўкцыён, каб здабыць грошы на перасадку сэрца хвораму хлопчыку напрыканцы 2008 года. Гэта пра апошні раз.

– Наш губернатар Канстанцін Сумар нядаўна заспяваў. У якасці дасведчанага музыкі як Вы можаце ацаніць музычныя здольнасці спевака-аматара спадара Сумара?

– Ну, так лірычненька спявае. Чамусьці ў рускай рэгіянальнай манеры. Цёткам за 50 павінна спадабацца.

А як Вы ацэньваеце цяперашні стан беларускай музыкі? Якія калектывы заслугоўваюць увагі, на Ваш погляд?

– Стан парадаксальны. Шмат гуртоў, якія граюць на сусветным узроўні, шмат добрых песень. Але ў адсутнасць нармальнага, незалежнага ад дзяржавы шоў-бізнесу выжывуць толькі тыя, хто будзе запатрабаваны на іншых тэрыторыях, хто ўвальецца ў шоў-бізнес іншых краін. Гэта даволі складана, але я ўсім зычу поспехаў!

«Вясёлы і жвавы спадар Лявон Вольскі»

– Пане Лявоне, Вы на канцэртах паводзіце сябе вельмі энергічна, актыўна. Гэта патрабуе выключнай фізічнай падрыхтоўкі. Якім чынам трэніруецеся?

– Я асабліва не трэніруюся. Прынамсі ў спартыўную залу не хаджу, але сам займаюся. Раблю некаторыя элементы ёгі, напрыклад. Ну і яшчэ тое-сёе. Але не прафесійна, так, для падтрымкі формы.

– Як шмат часу праводзіце з сям’ёй? Ці ёсць у Вашай сям’і непарушальныя правілы?

– Досыць шмат. Апошнім часам канцэртовы графік гэта дазваляе. Правілы? Ёсць, напэўна. Напрыклад, ня красці, не забіваць, не пампаваць на кампутар галавы сям’і гульні і папсовыя песні…

– Якая песня любімая ў Вашай жонкі? Ці чыталі сваёй дачцэ Адэлі казкі? Ці спявалі нанач свае песні?

– Вы ж ведаеце, любімыя песні ў розны час розныя. Зараз Ганна слухае апошні альбом Пі Джэй Харві. Казкі Адэлі я чытаў, безумоўна. Песні таксама спяваў.

– Спадар Лявон Вольскі прымхлівы? Верыць у забабоны?

– Калі будзеш верыць, тады i прыцягнеш. Намагаюся не надаваць гэтаму значэння. Але паўсюль усе вераць, гэта перашкаджае. Зрэшты, можна ратавацца такім чынам, што, напрыклад, лічба 13 у Брытаніі шчаслівая. Тое ж і з іншымі беларускімі забабонамі: недзе ў іншым месцы на зямлі яны трактуюцца зусім супрацьлегла.

– Чаго ніколі ў жыцці не зробіце? І не прабачыце?

– Нельга ні ад чаго заракацца. У розных жыццёвых абставінах усё можа здарыцца. Так што на першае пытанне я ня здольны адказаць. А прабачаць трэба імкнуцца абсалютна ўсё. Крыўда нас з’ядае.

– Кім марылі стаць у дзяцінстве?

– Мастаком.

– А ці любілі ўрокі літаратуры ў школе?

– Любіў.

– Ваш улюбёны паэт? І верш?

– Я на пытанні гэткага кшталту ня ўмею адказваць. У свеце тысячы геніяльных паэтаў і яшчэ болей суперскіх вершаў.

– Якія сны бачыце?

– Каляровыя, часам са складаным сюжэтам. Цікава, што месца дзеяння часцяком паўтараецца…

– Ці хацелася калі-небудзь стварыць фільм? Альбо напісаць кнігу? І аб чым яны былі б?

– Дэбютны тэлефільм мы з брыгадай знялі год таму. Называецца «Аднойчы ў Барахляндыі». Пашукайце ў Сеціве, можа дзе выкладзены. А кніга мусіць неўзабаве выйсці. Называецца «Міларусь». Гэта мае празаічныя творы за апошнія 20 гадоў.

– Спадар Лявон Вольскі ў семдзесят гадоў – гэта…

– Вясёлы і жвавы спадар Лявон Вольскі, задаволены жыццём.

– Наш чытач цікавіцца: чым займаецеся акрамя музыкі? Магчыма, гадуеце карасёў, а мы нічога ня ведаем?

– Літаратурай, выяўленчым мастацтвам, тэле, радыё, дайвінгам і ёгай (несыстэмна). Маю хату ў вёсцы, куды еду пры першай мажлівасці…

Брэст – гэта «малочная і селядцовая прамысловасць»

– Ці заўважалі калі-небудзь розніцу паміж заходнім рэгіёнам нашай краіны і, напрыклад, усходнім, цэнтральным?

– Хіба ў маўленні жыхароў. На Магілеўшчыне гавораць ня так, як, напрыклад, у Пружанах. А гарады ў нас досыць уніфікаваныя: цэнтральная плошча – уся ў аднастайнай плітцы, з выканкамам і Леніным, спальныя раёны – розных гадоў забудовы… Але ў кожным горадзе, мястэчку яшчэ і зараз ёсць свой непаўторны смак, пах і водар. Тое, што называецца духам, ці атмасфераю.

– Адна з асаблівасцей Брэста – гэта небеларускамоўнасць. Ці можна неяк выправіць гэтую сітуацыю і, ўвогуле, ці патрэбна?

– Я лічу, што трэба распрацоўваць прагрэсіўную праграму ў галіне адукацыі і культуры. Не прыпудраную савецкую, а такую, якая будзе рэальна дзейнічаць, якая паўплывае на свядомасць. Тады ўсё зменіцца ў лепшы бок і народ абудзіцца.

– З чым у Вас асацыюецца горад Брэст?

– Шмат асацыяцый. З Палацам прафсаюзаў, дзе я зграў колькі канцэртаў, Брэсцкай крэпасцю, малочнай і селядцовай прамысловасцю, агрэсіўнай царскай расейскай палітыкай пасля нашых паўстанняў, Францыяй, польскай мяжой, гуртамі «Сьцяна» і «Дай Дарогу!».

– Вашы пажаданні берасцейцам, якія мурлычуць ў лазенцы Вашы песні…

– Спяваць гэтыя песні на поўны голас на шырокіх берасцейскіх вуліцах, плошчах і праспектах.

Бліц-апытанка пра ўсё і ні аб чым

Куршавель ці Нарач?

– Калі толькі такі выбар, тады Куршавель. На Нарачы быў неаднаразова.

Аўто ці паветраны шар?

– Шар.

Жаўранак ці сава?

– Жаўранак.

Графіка ці жывапіс?

Разам.

Тры чарапахі альбо чатыры?

– Тры. Чатыры – гэта для аматараў чарапашак-ніндзя.

Фуа-гра ці дранікі?

Думаў, думаў… У залежнасці ад настрою.

Саўка ці Грышка?

– Яны ж як Ленін і партыя. Адзін ня можа існаваць без другога.

Брэст ці Берасьце?

– Берасьце.

Грудзі ці попа?

– Увесь ансамбль.

Крамбамбуля ці абсэнт?

– Ну-у… Напэўна, першае.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.