Прислать новость
  • 1 °C
    Погода в Бресте

    1 °C

  • 3.9432
    Курс валюты в Бресте
    USD2.5914
    EURO2.93
    100 RUB3.3434

У Берасці чыталі п’есу «Сэкс мне не патрэбен»

751 04.08.2016 12:21

Пра права людзей з інваліднасцю на інтымнае жыццё, стэрэатыпы, пагібельныя для адносін, размаўлялі на чытцы п’есы Лёхі Чыканаса «Сэкс мне не патрэбен».

У той час, калі жыхары актыўна святкавалі Дзень горада, знайшліся ў Берасці і прыхільнікі тэатральнага мастацтва, якія аддалі перавагу не гучнай музыцы і натоўпам людзей, а сустрэчы, якая адбылася ў «Прасторы КХ». Тут 30 ліпеня драматург Лёха Чыканас і акторка тэатра «Крылы халопа» Святлана Гайдалёнак чыталі п’есу «Сэкс мне не патрэбен».

Тэкст, які ўжо паспеў увайсці ў шорт-ліст фестываля маладой драматургіі «Любімаўка» і шорт-ліст першага конкурсу-фестывалю сучаснай беларускай драматургіі WriteBox, уключае тры гісторыі. Асноўнай (ці, па меншай меры, самай яскравай) можна назваць гісторыю прафесара этыкі з Нью-Джэрсі Ганны Стабблфілд. Жанчына паўстала перад судом па абвінавачванні ў гвалтоўных дзеяннях сэксуальнага характару ў адносінах да Дзімана Джонсана, мужчыны з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця. Родныя Джонсана настойвалі на тым, што чалавек «з інтэлектам трохгадовага дзіцяці» не мог даць добраахвотную згоду на сэкс. Ганна спрабавала пераканаць суд, што іх з Дзіманам звязвае сапраўднае каханне. У пачатку 2016 года Стабблфілд асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі.

Реклама

Другая гісторыя тычыцца маладой пары, у адносінах якой на першы погляд усё выдатна. Яны маюць падобныя погляды і інтарэсы і сканчаюць фразы адзін за другім. Але за ідэальнымі фатаздымкамі ў інстаграме хаваюцца праблемы ў сэксуальным жыцці.

Трэцімі выходзяць на сцэну лекарка, што працуе з людзьмі, якія маюць праблемы ў сэксуальным плане, і яе пацыент.

Аднак п’еса, якая ў сціснутым пераказе здаецца сцэнаром скандальнага ток-шоу (Лёха Чыканас, чытаючы тэкст, прапануе гледачам апладзіраваць пасля чарговай фразы), на самай справе не пра сэкс. Драматург падымае некалькі важных пытанняў, якія амаль не гучаць у нашым грамадстве: правоў людзей з інваліднасцю на інтымныя адносіны, асэксуальнасці і стэрэатыпаў, якія перашкаджаюць будаваць адносіны.

«Мне здаецца, што разуменне кахання змянілася, – кажа Лёха Чыканас. – Існуе шмат шаблонаў, якія людзям навязваюць сродкі масавай інфармацыі. Таму, на мой погляд, сапраўднае пачуццё магчыма толькі паміж зусім маладымі людзьмі, калі яшчэ добра працуе фізіялогія і калі няма напрацаванага стэрэатыпу ў свядомасці».

«Мне падаецца, калі дазволіць кожнаму быць сабой, не рабіць пункцік на сэксе і не прапагандаваць яго ў рэкламе і фільмах, нярвоз ў грамадстве сыдзе, – адзначае выканаўца жаночых роляў Святлана Гайдалёнак. – Вельмі адчуваецца ціск. Напраклад, калі ў цябе няма хлопца, кажуць, што ты лузерша. Калі табе трыццаць і ў цябе няма дзяцей – лузерша. Мне здаецца, што гэтую праблему трэба развязаць».

Реклама

Для большасці герояў п’есы, як бы там ні было, усё сканчаецца добра. Праблемы ўдаецца агучыць, і, магчыма, гэта становіцца першым крокам да іх вырашэння. Не ўнёс драматург карэктывы толькі ў гісторыю Ганны Стабблфілд. Адказ на тое, ці мела рацыю прафесар этыкі, прыйдзецца шукаць самастойна. І наўрад ці ён будзе адназначным.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google, добавьте в избранное в Yandex Новости

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.