Серыю карцін мастачка зрабіла яшчэ ў 1991 – 1993 гадах. Па словах аўтара, магчымым гэта стала дзякуючы збегу некалькіх абставін. Па-першае, знаёмству з гісторыкам архітэктуры Ірынай Лаўроўскай. Па-другое, перадачы з маскоўскіх архіваў чарцяжоў і карт, на якіх быў адлюстраваны стары горад.
«Я нарадзілася ў Берасці і часта задавалася пытаннем, дзе тыя будынкі, якія павінны адлюстроўваць гісторыю горада. Я бачыла толькі раскопкі Берасця і пабудовы XIX стагоддзя, – успомніла Анастасія Фяцісава. – У той час інфармацыя пра гісторыю горада была засакрэчаная. І, калі я ўбачыла папку з чарцяжамі, якую перадалі з маскоўскіх архіваў па запыту краязнаўчага музея, апынулася, што сярэдневечны горад знаходзіцца пад фундаментамі Брэсцкай крэпасці. Мяне гэта вельмі ўразіла. Як праектоўца па адукацыі, я ўмею чытаць гэтыя чарцяжы і карты. І калі я ўбачыла храмы, якія зніклі падчас будаўніцтва крэпасці, я пачала працаваць. На маіх карцінах захаваны ўсе архітэктурныя дэталі старых пабудоў».
Сустрэча з мастачкай ладзілася ў межах грамадскай кампаніі «Берасце старадаўняе». «Мы ўжо амаль год працуем на тэму ўзнаўлення і папулярызацыі спадчыны, гісторыі горада, таго, што было, і таго, што, на жаль, ужо немагчыма ўбачыць на ўласныя вочы. У рамках кампаніі ўжо праводзілі сярэднявечную вечарыну, акцыю памяці на дзень народзінаў Мікалая Радзівіла Чорнага, берасцейскага старасты, фундатара першай друкарні. Мы працуем з візуальнымі вобразамі, сувенірнай прадукцыяй і спрабуем насыціць культурную прастору Берасця тымі сюжэтамі, гістарычнымі выявамі, якіх зараз не хапае. Перад усім гэта перыяд 13 – 18 стагоддзяў, які выпаў з візуальнай прасторы, – расказаў адзін з арганізатараў грамадскай кампаніі «Берасце старадаўняе» Віктар Клімус. – Гэта сустрэча – адна з шэрагу мерапрыемстваў, але па сваёй сутнасці яна ўнікальная. Сённяшная наша госця вельмі даўно не выстаўлялася і нават не прэзентавала свае працы ў Берасці. І таму мы можам пабачыць цудоўныя малюнкі ледзьве не ўпершыню».
На карціны можна было не толькі паглядзець, але і прыдбаць сабе, безумоўна, у выглядзе рэпрадукцый. Да 995-годдзя кампанія «Берасце старадаўняе» прадставіла камплект паштовак з 15 працамі Анастасіі Фяцісавай. На іх паўстаюць знакаміты Берасцейскі замак, кляштар дамініканцаў, кляштар езуітаў і іншыя пабудовы, якія, на жаль, не захаваліся.
Сёння Анастасія Фяцісава вандруе па Еўропе і піша сучасныя гарады. Але не адказваецца ад ідэі працаваць з архіўнымі дакументамі, калі на тое яе натхняе выгляд разбуранай сінагогі ці храма. На пытанне, як яна ставіцца да перабудовы сучаснага Берасця, мастачка адказала, што перабудову «трэба рабіць вельмі скрупулёзна і асцярожна. Але, калі я бачу, што захавалі хоць фасад, ужо ўдзячна архітэктарам. Мне здаецца, што щ Берасці ёсць архітэктары, якія з любоўю ставяцца да горада, ёсць і іншыя. Але спроба захаваць твар горада бачная. Я б тут з задавальненнем папрацавала».
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро