Прислать новость
  • 7 °C
    Погода в Бресте

    7 °C

  • 2.5354
    Курс валюты в Бресте
    USD2.5354
    EURO3.0615
    100 RUB3.4206

«Тры анёлы» Андрэя Божуля. У Брэсце прайшла прэзентацыя першай кнігі вершаў паэта

19.09.2013 11:35

У Брэсцкай гарадской арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» 17 верасня адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Андрэя Божуля «Тры анёлы - ахоўнікі мае…». Дарэчы, шлях брэсчаніна да выдання сваёй першай кніжкі быў вельмі няпростым. 

Каб павіншаваць Андрэя з гэтай нагоды, сабралася паседжанне творчага клуба «Выток», які ўжо не адзін год працуе пры спецыяльнай бібліятэцы-філіялу №12 інвалідаў па зроку. Прэзентацыя была падрыхтавана сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў гэтай бібліятэкі, гарадской і абластной арганізацый «БелТІЗ».

Прыйшлі на яе таксама знакамітыя мясцовыя паэты і пісьменнікі Надзея Парчук, Расціслаў Бензярук, Іван Арабейка, Сяргей Цыплюк, Ніна Енбулаева, Уладзімір Барысюк і іншыя. У адрас маладога калегі, якога яны даўно і добра ведаюць, ад іх прагучала шмат цёплых слоў і пажаданняў натхнення, творчых поспехаў у заваяванні новых літаратурных вяршынь. Таксама ў гэты дзень яго чакала нямала падарункаў.

Реклама

«Вершам Андрэя Божуля ўласціва самабытнасць, – лічыць яго настаўніца ў творчым станаўленні паэтка Ніна Парчук. – Ён мае свае стыль і манеру вершаскладання, уласнае светаадчуванне. Кніжачка, трэба сказаць, атрымалася даволі прывабнай знешне, ды і па зместу чыстай і светлай. Значная яе частка адведзена вершам на духоўную тэматыку і пра каханне. Асабліва прыемна чытаць іх будзе прыгожай палове, бо ў многіх аўтар услаўляе дзявочую красу, вобраз любай, узнёсла апявае жанчыну. Першая кніга – гэта нібыта першае дзіцятка… Але ёсць пэўная надзея, што яна не стане апошняй. Бог творцам-песнярам дапамагае пераадольваць любыя перашкоды, пасылае ім памочнікаў, таму, думаю, на выданне наступнай кніжкі Андрэя грошы абавязкова знойдуцца».

Хаця пісаць вершы Андрэй Божуль пачаў яшчэ ў падрастковым узросце і дагэтуль ужо шмат дзе друкаваўся, прайшло нямала часу, перш чым ён змог узяць у рукі сваю кніжку. Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай «Кніга з жыццём пераклікаецца», дзе сабраны зборнікі і часопісы, на старонках якіх ёсць ягоныя вершы. Гэта калектыўныя зборнікі «Добрае слова кажыце», «Убачыць сэрцамі», «За все тебя благодарю», «Дазволь прычасціцца». Некаторыя творы Андрэя Божуля ўбачылі свет у часопісе «Акно», альманасе «Жырандоля», у многіх іншых перыядычных выданнях, у тым ліку і ў «Брэсцкай газеце».

«Тры анёлы» Андрэя Божуля. У Брэсце прайшла прэзентацыя першай кнігі вершаў паэта

Жыве Андрэй Божуль у Брэсце, працуе ў ЖРЭУ. У яго пэўныя праблемы са зрокам, таму мае групу інваліднасці. Свае вершы ён піша на рускай і беларускай мовах. У Год кнігі малады аўтар стаў пераможцам у намінацыі «Паэзія» інтэрактыўнага літаратурнага конкурса «Душы цудоўныя натхненні», які праводзіла абласная арганізацыя таварыства інвалідаў па зроку. Са слоў Андрэя становіцца зразумела, што для яго паэзія пачынаецца, як гаворыцца, не ад першага фанарнага слупка. Ён разумее, што на літаратурным даляглядзе ззяюць такія творчыя вялічыні, як Лермантаў, Пушкін, Пастэрнак, Сіманаў, і свой адлік вядзе ад іх.

«Але ж гэта зусім не значыць, што мне няма чаму вучыцца ў нашых мясцовых паэтаў, – дадае Андрэй Божуль. – Некаторым з іх я многім абавязаны, таму хочацца сказаць ім вялікі дзякуй. Менавіта яны мне заўсёды дапамагалі, тлумачылі, які радок атрымаўся добра, а над чым яшчэ трэба папрацаваць. На самай справе, мой доўгі шлях да першага зборніка найбольш цяжкім быў з пункту гледжання фінансаў на яго выданне».

Кажуць, анёл-ахоўнік павінен быць у кожнага чалавека. У Андрэя Божуля іх, па яго асабістаму прызнанню, цэлых тры. Галоўным ён лічыць сваю маці Людмілу Іванаўну, якая для яго і мудрая дарадчыца, і строгі суддзя яго творчасці.

«Нехта мяркуе, што маці ў любым выпадку аб сваім дзіцяці будзе гаварыць толькі добрае, – выкарыстала прадстаўленае ёй слова Людміла Іванаўна. – Але я сапраўды ганаруся, што мне зусім не прыходзіцца крывіць душою, калі кажу, што мой сын – добры, сціплы, чулы, адказны і працалюбівы чалавек. А што тычыцца яго вершаў, дык адны мне вельмі падабаюцца, іншыя – крыху менш. Калі з нечым бываю зусім не згодна, то сын першым даведваецца аб гэтым».

Реклама

Два астатніх анёла брэсцкага паэта таксама жанчыны. Яны, вядома, іграюць значныя ролі ў яго жыцці, якое даўно неразрыўна звязана з творчасцю. На думку Андрэя, у тым, што нарэшце выйшаў яго зборнік вершаў, ёсць значны ўклад паэткі Надзеі Парчук, а таксама загадчыцы спецыяльнай бібліятэкі Людмілы Валюшка. Ім ён і прысвяціў верш, які і даў назву ўсёй кніжцы. Там ёсць такія радкі: «Есть у меня три ангела-хранителя // На этом свете, на земном пути – // Три мироносицы и вдохновителя, // Способные простить, любить, спасти».

Людміла Антонаўна з усмешкай успомніла, што, калі толькі завязвалася іх творчае супрацоўніцтва, Андрэй, каб пацікавіцца яе меркаваннем, стаў высылаць ёй у SMS асобныя радкі сваіх новых вершаў. А яна спачатку не зразумела і нават палічыла, што гэта нехта такім чынам прызнаецца ёй ў каханні.

Прэзентацыя першай кнігі маладога паэта праходзіла ў вельмі цёплай творчай атмасферы. Павіншавалі яго са значнай падзеяй у жыцці і ўручылі падарункі намеснік старшыні абласной арганізацыі «БелТІЗ» Андрэй Левіцкі і старшыня гарадской Вера Жук. Прагучала шмат добрых вершаў не толькі віноўніка гэтай урачыстасці, але і іншых аўтараў, якія прышлі, каб парадавацца за яго. Амаль што ў кожнага з іх знайшоўся сярод вершаў Андрэя той, які падабаецца больш за астатнія. Гэта дазволіла ўсім прысутным пазнаёміцца з яго лепшымі радкамі. А, напрыклад, паэтка Ніна Енбулаева здзівіла вельмі ўдалым экспромтам, які нарадзіўся, па яе словах, пад уплывам вершаў Андрэя Божуля. Класічная музыка ў выкананні навучэнцаў Брэсцкага музычнага калежа надала мерапрыемству нейкага асобага шарму і лірычнасці.

Вершы Андрэя Божуля:

Через года прошла любовь…

Смысл жизни

За все меня прости…

Зовёшь меня в даль за собою идти…

Как много зеркал, отражающих нас…

О Беларусь, земля родная!

В крепости розы цветут…

Есть у меня три ангела – хранителя…

Ах пани Ирина!

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.