Прислать новость
  • 17 °C
    Погода в Бресте

    17 °C

  • 2.5755
    Курс валюты в Бресте
    USD2.5755
    EURO3.0365
    100 RUB3.4258

Навукоўцы: «Радзівіл Чорны выдаў Біблію замест Статута»

Навукоўцы: «Радзівіл Чорны выдаў Біблію замест Статута»

685 30.05.2013 15:33

450-годоваму юбілею выдання Брэсцкай Бібліі быў прысвечаны круглы стол, які прайшоў у зале пасяджэнняў мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць-герой» 29 - 30 мая.

Унікальнае выданне ўбачыла свет 4 верасня 1563 года ў брэсцкай друкарні канцлера Вялікага княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. У Брэсцкую, або Радзівілаўскую, Біблію былі змешчаныя ўсе тэксты Старога і Новага Запаветаў, што зрабіла яе адным з самых поўных выданняў таго часу. Круглы стол «Брэсцкая Біблія – унікальны помнік культуры ХVI ст.: да 450-годдзя выдання» стаў працягам канферэнцый «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання», якія праводзіліся ў 2008 і 2012 гадах. Спецыялісты з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы і Латвіі абмеркавалі шэраг тэм, прысвечаных гісторыі Брэста ХVI стагоддзя, умовам выдання Брэсцкай Бібліі і іншым пытанням, звязаным з літаратурным помнікам.

Як адзначыў намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша, мерапрыемства, прысвечанае Брэсцкай Бібліі, знаходзіцца ў шэрагу з дзвюма навуковымі канферэнцыямі, прысвечанымі кніжнаму помніку, якія праходзілі вясной. «Найчасцей у Беларусі сустрэчы кнігазнаўцаў накіраваны на абагульненне напрацовак, якія вядуцца па розным выданням, а не разглядаецца адзін канкрэтны кніжны помнік, – расказаў Аляксандр Аляксандравіч. – Сёння мы маем новую форму. У сярэдзіне красавіка прайшлі міжнародныя літаратуразнаўчыя чытанні, прысвечаныя Статуту Вялікага княства Літоўскага, які сабраў спецыялістаў з Беларусі і памежных краін. Як вынік – мы маем комплексна падрыхтаваны навуковы зборнік матэрыялаў, які на днях мусіць пабачыць свет. Падобнае мерапрыемства адбылося літаральна тыдзень таму ў межах Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў. Прайшоў круглы стол, прысвечаны факсімільнаму ўзнаўленню Полацкага Евангелля, дзе яно было шматаспектна прааналізавана. Сёння мы маем трэццюю імпрэзу, дзе таксама будзем прытрымлівацца пазіцый шматаспектнага, міжнавуковага аналізу кніжнага помніка».

Реклама

Выступ кіраўніка Цэнтра даследаванняў Польскай бібліяграфіі Эстрэйхераў Ягелонскага ўніверсітэта Вацлава Валецкага быў накіраваны на тое, каб пазнаёміць прысутных з навуковым колам пытанняў, якія тычацца ўмоў узнікнення Брэсцкай Бібліі. Другая частка яго выступу прысвячалася анонсу рэфератаў, якія пазней былі прэзентаваны польскімі навукоўцамі з Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. У рэфератах разглядаліся пытанні генеалогіі літаратурнага помніка: у якіх умовах нараджалася Брэсцкая Біблія і якую культурную каштоўнасць уяўляе сабой яе тэкст.

Навукоўцы: «Радзівіл Чорны выдаў Біблію замест Статута»

Реклама

Доктар Томаш Настульчык расказваў пра ліст-прысвячэнне Мікалая Радзівіла польскаму каралю, а яго каляжанка, дактарант Кляўдына Шэўчык распавядала пра тэхнічны бок афармлення выдання, у якім можна прасачыць высокі ўзровень брэсцкай друкарні. Міхал Галембіоўскі разважаў пра прыгажосць перакладу «Песні Песняй», якая ў рамках Бібліі з’яўляецца не только святым тэкстам, але і добра прачытваецца сёння як тэкст культуры.

Пры гэтым Вацлаў Валецкі лічыць Брэсцкую Біблію помнікам польскай культуры. «У сваім выступе я хачу вызначыць рысы таго часу, умовы, у якіх з’явілася Брэсцкая Біблія: час, асяроддзе, грамадскі клімат, якія прывялі ў 1563 годзе да друкавання гэтай кнігі, аднаго з важнейшых помнікаў культуры старажытнай Польшчы і, мабыць, прыкладу найлепшай польскай сакральнай мовы ўсіх часоў», – адзначыў навукоўца.

Загадчык аддзела рэдкай кнігі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Мікалай Нікалаеў падзяліўся сваім вопытам даследвання Брэсцкай Бібліі. «Асобнікі кнігі раскіданы па розных краінах (усяго іх захавалася каля 40 – заўв. аўт.). Калі я пачаў цікавіцца ёй, аказалася, што большасць асобнікаў маюць вельмі цікавую гісторыю. Напрыклад, адзін з асобнікаў ёсць у архіве ваенна-марскога флота Расіі. На палях гэтай Бібліі прыпіскі на старабеларускай мове кірыліцай, на польскай лацінкай і арабскія. Гэтыя прыпіскі зроблены ў тых месцах, дзе гаворыцца пра язычнікаў. То бок нехта з вучоных-мусульман перакладаў Біблію спецыяльна для таго, каб даведацца, як хрысціяне трактуюць іншаверцаў. Асобнік у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы пазначаны чырвонымі літарамі кірылічнага алфавіту. Гэта разметка пратэстанцкай Бібліі для богаслужэння ў праваслаўнай царкве. Мы маем нейкі стэрыятып тытульнага аркуша Брэсцкай Бібліі, але іх некалькі розных варыянтаў. Хутчэй за ўсе гэта былі пробнікі, але можа, і цалкам перавыдадзеныя кнігі», – расказаў Мікалай Нікалаеў.

Вучоны падкрэсліў, што цікавасць вызывае і асоба «бацькі» Брэсцкай Бібліі Мікалая Радзівіла Чорнага, які з’яўляўся канцлерам і павінен быў стварыць друкарню, якая выдасць Статут. Замест гэтага ён стварыў друкарню, якая выдала ў праваслаўнай культуры пратэстанцкую кнігу на польскай мове. А шляхта чакала Статут да 1588 года. Таму на Біблію таксама можна глядзець з боку палітычных раскладаў таго часу.

Скончыў сваё паведамленне навукоўца расповедам пра дыяметр юбілейнага торта ў 450-ты дзень нараджэння Брэсцкай Бібліі. Торт на 450 свечак аказаўся не занадта вялікім – усяго 50 сантыметраў. «Ёсць думка, што веды можна ўявіць як кола, – адзначыў Мікалай Нікалаеў. – У сярэдзіне кола знаходзіцца тое, што мы ведаем, а за яго мяжой тое, што не ведаем. Чым больш павялічваецца дыяметр кола, дыяметр торта, тым больш павялічваецца мяжа нашага няведання. Брэсцкая Біблія не будзе выключэннем. Сённяшнім паседжаннем мы пашырым колькасць нашых ведаў, але павялічым колькасць нязведанага. І гэта добрая нагода для далейшай працы». 

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.