Прислать новость
  • 17 °C
    Погода в Бресте

    17 °C

  • 2.6042
    Курс валюты в Бресте
    USD2.6042
    EURO3.0359
    100 RUB3.3779

Уладзімір Арлоў на Днях беларускай і шведскай літаратуры ў Львове: «Цяпер у адзін час існуюць дзве Беларусі»

175 22.05.2013 22:55

Дні беларускай і шведскай літаратуры прайшлі ў украінскім Львове. 17 - 18 мая пісьменнікі і музыкі са Швецыі і Беларусі правялі шэраг сустрэч, літаратурна-музычных вечарын і семінараў. 

Нагадаем, што літаратурныя сустрэчы традыцыйна праходзілі на беларускай землі больш за дзесяць год. Але з-за шэрагу прычын, у тым ліку таго, што арганізатару мерапрыемства Марыі Сёдэрберг не адкрылі візу ў Беларусь, свята літаратуры прыйшлося перанесці ў Украіну.

За два дні для ўдзельнікаў і гледачоў правялі семінары пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Наталка Бабіна, Андрэй Хадановіч. Асобным пунктам мерапрыемства стала «Паэзія за кратамі». У сценах музея-мемарыяла «Турма на Ланскога» старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, пісьменнік і перакладчык са шведскай і беларускай мовы Дзмітрый Плакс, украінскі літаратар Аксана Забужко і іншыя чыталі вершы Уладзіміра Някляева і вытрымкі з літаратуразнаўчых артыкулаў Алеся Бяляцкага. На сустрэчы прагучала навіна аб заснаванні Прэміі імя Францішка Аляхновіча ў галіне турэмнай літаратуры, ініцыятарамі якой выступілі Беларускі ПЭН-цэнтр і «Радыё Свабода». Узнагароду плануюць уручаць прафесійным пісьменнікам, якія трапілі ў турму і пішуць там.

Реклама

Акрэсліваючы ў размове з карэспандэнтам «БГ» кола праблем, з якімі сустракаецца сучасная беларуская літаратура, пісьменнік Уладзімір Арлоў выказаў думку, што яна знаходзіцца «ў сітуацыі, калі ўлада ў лепшым разе не звяртае ўвагі на літаратуру. Але, на жаль, гэта бывае далёка не заўсёды. Цяпер у адзін і той самы час, на адной і той жа тэрыторыі, у маім уяўленні, існуюць дзве Беларусі, у кожнай свая мова, свая сімволіка, сваё бачанне мінулага, свае мары пра будучыню. Той Беларусі, якая жыве ў часе, што не толькі спыніўся, але павярнуўся назад, беларуская літаратура ў яе лепшых праявах не патрэбна, таму што гэтая літаратура працуе на нацыянальную ідэю, нацыянальныя каштоўнасці, а значыць на каштоўнасці еўрапейскія. Адбываецца сітуацыя, калі ў беларускіх пісьменнікаў забіраюць беларускага чытача ў сувязі з русіфікацыяй сістэмы адукацыі, адсутнасцю якой-небудзь рэкламы, прапаганды літаратуры ў яе найлепшых праявах на радыё, тэлебачанні».

У супрацьпастаўленне замежны чытач, наадварот, праяўляе цікавасць да твораў беларускіх пісьменнікаў. Так, за апошнія гады ў Швецыі выдалі анталогію беларускай літаратуры «Слова як ластаўка жыве ў сэрцы», кнігі Барыса Пятровіча, Андрэя Хадановіча, Артура Клінава і шэрагу іншых пісьменнікаў. «Таму ствараецца парадаксальная сітуацыя, калі замежнаму чытачу ў тых краінах, дзе з цікаўнасцю сочаць за беларускай літаратурай, яна вядомая лепш, чым чытачу ў Беларусі. Але я лічу, што для літаратуры, як для кахання, няма горшых ці лепшых часоў, таму з аптымізмам гляджу ў будучыню нашай літаратуры», – дадае Уладзімір Арлоў.

Пытанне, як перайсці на беларускую мову, карэспандэнт «БГ» задала пісьменніцы Наталцы Бабінай: «Гэта акт адвагі. Трэба ўзяць сябе ў рукі нават у Мінску. Ні я, ні мая дачка, якая заўсёды гаворыць па-беларуску, ніколі не сутыкаліся з нейкай грубасцю, нас ніхто не абхаміў. Але вы сутыкнецеся з тым, што вас могуць не разумець. Спадар Уладзімір Арлоў расказваў, як папрасіў у афіцыянта чырвонага віна, а ён не ведаў, што такое «чырвонае». Такое бывае. І тады патрэбна ўдакладняць, паўтараць іншымі словамі. Калі вы досыць валявы чалавек, вам гэта ўдасца. А гэта выдатна – пачынаць размаўляць на той мове, якую вы лічыце роднай».

Реклама

Пісьменнік і перекладчык Андрэй Хадановіч прысвяціў свой семінар пытанням мастацкага перакладу. На яго думку, «мастацкі пераклад не мусіць быць чымсьці мёртванароджаным, бо кожны тэкст быў суперактуальным для таго часу, калі пісаўся. І гэтае ўражанне павінен перадаць пераклад».

Хадановіч выводзіць з другога плану асобу перакладчыка, які ў апошнія гады стаў накшталт ананімнага сааўтара. «У перакладзе паэзіі і складаных рэчаў у прозе перакладчык становіцца важным сааўтарам, агентам пісьменніка ў сваёй культуры. Таму, мне здаецца, перакладчык павінен выходзіць з цені аўтара і рабіць у поравень з ім. Раней была традыцыя выдаваць кнігі перакладчыка, так выйшлі кнігі Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Сёмухі. Потым традыцыя перапынілася, але я дзякуючы дапамозе Саюза беларускіх пісьменнікаў падрахтаваў кніжку «Разам з пылам. Калекцыя перакладаў», і я паставіў сваё імя на вокладку», – расказаў літаратар у размове з карэспандэнтам «БГ». Хадановіч не толькі прачытаў, але і праспяваў тэксты Яцэка Качмарскага, Леанарда Коэна і іншых.

Гэтае добрае пачынанне падтрымалі на літаратурна-музычнай вечарыне Даніэль Вікслунд і Зміцер Вайцюшкевіч, якія аб’ядналіся ў інтэрнацыянальны дуэт і адыгралі для слухачоў амаль паўтарагадзінны канцэрт. Завяршылася літаратурная вандроўка 19 мая падарожжам у Драгобыш на радзіму польскага пісьменніка Бруна Шульца.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.