Прислать новость
  • 10 °C
    Погода в Бресте

    10 °C

  • 2.546
    Курс валюты в Бресте
    USD2.546
    EURO3.0173
    100 RUB3.3034

«Фэст экскурсаводаў» заклікае краязнаўцаў падзяліцца гісторыяй свайго горада, мястэчка з тымі, хто жыве побач

121 25.02.2013 10:53

Шаноўныя сябры! Неабыякавыя краязнаўцы і экскурсаводы, гісторыкі і архітэктары, настаўнікі і супрацоўнікі музеяў, турфірмаў, раённых аддзелаў культуры! 20 - 21 красавіка ў Беларусі адбудзецца чарговы «Фэст экскурсаводаў», прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў, які адзначаецца ва ўсім свеце 18 красавіка па ініцыятыве ЮНЭСКА вось ужо 30 год. 

«Фэст экскурсаводаў» узнік у 2009 годзе з мэтай пазнаёміць жыхароў канкрэтных рэгіёнаў, гарадоў, вёсак, раёнаў і нават вуліц з тымі помнікамі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень. У свядомасці чалавека часта жыве ўпэўненасць, што, калі жывеш на адным месцы досыць доўга, усё пра яго ведаеш і нічога цікавага побач няма. І менавіта ў гэтым хаваецца прычына занядбанасці шматлікіх гістарычных будынкаў. Адкрыць вочы мясцовым жыхарам – вось што можа паспрыяць захаванню і адраджэнню таго ці іншага помніка!

«Фэст экскурсаводаў» – гэта шэраг бясплатных экскурсій па найцікавейшых мясцінах, па небанальных маршрутах і тэмах, якія будуць праведзеныя на працягу 2 дзён у розных кутках Беларусі. Кожны год мы спрабуем данесці інфармацыю пра бясплатныя экскурсіі менавіта да жыхароў тых раёнаў і вуліц, дзе яны будуць адбывацца.

Реклама

«Фэст экскурсаводаў» – гэта адкрытая акцыя.

Мы звяртаемся да краязнаўцаў і экскурсаводаў: прапануйце свае цікавыя пешаходныя маршруты! Падрыхтуйце тэму, якую вам даўно карцела раскрыць, але не было на яе камерцыйнага заказу. Ахвяруйце некалькімі гадзінамі, каб падзяліцца сваімі ведамі з тымі, хто хацеў бы больш даведацца пра родныя мясціны.

Мы шукаем актыўных людзей у абласных і раённых цэнтрах, мястэчках і вёсках для дапамогі ў арганізацыі сваіх міні- (а можа і не міні) фэстаў у рэгіёнах. У Мінску за 2 дні праводзіцца больш за 30 экскурсій. Нам бы хацелася, каб іншыя мясціны Беларусі не адставалі ў гэтай справе. Калі вы займаецеся даследаваннем гісторыі свайго горада, мястэчка, падзяліцеся ёй з тымі, хто жыве побач з вамі!

Реклама

Патэлефануйце ці напішыце нам – паведаміце пра сваё жаданне арганізаваць ці правесці экскурсію, і мы апублікуем яе ў агульным спісе экскурсій «Фэста экскурсаводаў», які будзе размешчаны на буйнейшых інтэрнэт-парталах і ў друкаваных СМІ!

Будзем радыя бачыць сярод удзельнікаў фэста і турыстычныя прадпрыемствы. Дадайце ў агульны спіс сваю бясплатную экскурсію! Гэта дазволіць большай колькасці людзей даведацца больш пра сваю малую Радзіму, а вам зробіць неблагую рэкламу.

У гэтым годзе ў межах фэста будуць распрацаваныя і праведзеныя экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Мінску. Мы паспрабуем раскрыць тэму, якую ў якасці «гадавой» прапанаваў міжнародны камітэт ICOMOS – ахова помнікаў адукацыі.Правядзем некалькі экскурсій для маленькіх дзетак, распрацуем адмысловыя маршруты для веласіпедных экскурсій, арганізуем гістарычныя вандроўкі па самых старых храмах. Дый шмат чаго яшчэ цікавага…

Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і чакаем новых удзельнікаў з цікавымі ідэямі!

Пішыце нам на адрас: fest@icomos.by

Тэлефоны для даведак: +375295571124 (Цімох), +375333413612 (Яўгенія), +375298969785 (Валянціна).

Реклама

Аргкамітэт «Фэста экскурсаводаў 2013» – ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС», ГА «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», краязнаўчы клуб «Дыярыуш» (БДПУ імя М.Танка), інтэрнэт-партал Holiday.by, турыстычная фірма «ТандэмТур».

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.