А мерапрыемстваў у гэты шчодры на юбілеі год будзе шмат. Сёлета мы адзначаем 130-годдзе са дня народзінаў выдатных беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама 100-годдзе народнага паэта Максіма Танка. Успомнім і Францішка Скарыну, які 495 гадоў таму выдаў першую беларускую друкаваную кнігу «Псалтыр», а таксама знакамітага дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегу, які нарадзіўся 455 гадоў таму.
На свята мовы ў файе цэнтра спачатку разгарнулася кніжная выстава, на якой супрацоўнікі абласной бібліятэкі прадставілі не толькі выданні юбіляраў, але і кнігі-лаўрэаты розных літаратурных прэмій. Побач размясцілася невялічкая, але вельмі цікавая выстава «Гартаючы вечныя старонкі» з фондаў краязнаўчага музея. Глядзячы на рарытэтныя выданні, ад якіх нават праз шкло веяла даўніной, так і хацелася дакрануцца да іх незвычайных вокладак, асцярожна пагартаць пажаўцелыя старонкі, адчуць іх пах. Тут можна было ўбачыць і «Тэстамент», выдадзены ў Лондане ў 1807 годзе, і «Ганну Карэніну» 1914 года выдання і іншыя кнігі, якія датуюцца ХVIII і нават ХVII стагоддзямі. Асобнае месца сярод іх займалі экзэмпляры перыяду Вялікай Айчыннай вайны – маленькія, тоненькія і вельмі каштоўныя – сведкі таго, што нават у ліхі час выданне кніг у краіне не спынялася.
«Я ўпэўнена, што ў кожнага з нас на генетычным узроўні захоўваецца родная мова, матуліна мова, – заўважыла на адкрыцці свята дырэктар абласной бібліятэкі імя М.Горкага Тамара Данілюк. – Дык давайце ж будзіць тыя нашы сэрцы, давайце іх хваляваць!»
І сэрцы хваляваліся. Падчас паэтычна-музычнай вечарыны гледачы мімаволі адгукаліся на чуллівыя словы, што гучалі ў вершах і песнях, разам з удзельнікамі імпрэзы паўтаралі знаёмыя з дзяцінства радкі беларускіх класікаў. Адгукаліся на музыку, якая то дарыла ўсмешкі і клікала пусціцца ў скокі, то навявала роздум і смутак. Некалькі гадзін, за якія была перажыта цэлая гама пачуццяў, праляцелі непрыкметна. Вялікае і шчырае дзякуй за гэта арганізатарам мерапрыемства, у першую чаргу абласному грамадска-культурнаму цэнтру і яго кіраўніку Святлане Каржук, дзе ўжо традыцыйна ладзяцца выдатныя мерапрыемствы.
Аднак не магу не ўнесці ў гэты матэрыял лыжку дзёгцю. І зрабіць гэта хачу праз сумныя, але, на жаль, слушныя словы, якія прагучалі на вечарыне з вуснаў нашай выдатнай літаратаркі Зінаіды Дудзюк: «Канешне, хацелася б, каб мова беларуская прыходзіла да нас не па святах, а кожны дзень. Але пакуль вось маем, што маем».
Дарэчы: Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца ў свеце 21 лютага. Менавіта ў гэты дзень у 1957 годзе ў тагачасным Пакістане былі растраляны ўдзельнікі дэманстрацыі ў абарону роднай мовы бенгалі. Праз 20 гадоў правінцыя Бангладэш стала асобнай дзяржавай, а ў 1999 годзе ЮНЕСКА абвясціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. Адзначаецца з лютага 2000 года з мэтай спрыяння моўнай і культурнай разнастайнасці.
Оцените статьюНаш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google