Брэст! Я пішу табе ліст. Горад Брэст, ты брама маёй душы.
Горад Брэст - адзін з маіх любімых гарадоў Беларусі. Мне вельмі падабаецца тут месца, дзе рака Мухавец упадае ў Заходні Буг.
Святым і гераічным месцам для мяне з’яўляецца Брэсцкая крэпасць-герой. Ды і ў гісторыі Брэст - гэта браня нашай Бацькаўшчыны. Гэта пра такі мужны горад Анатоль Астрэйка напісаў:
Без лат, у латах і брані
Чые, чые тут ногі не хадзілі!
Мне і служыць давялося ў Савецкай Арміі ў Брэсце: тут дыслацыраваўся наш батальён на суправаджэнні ваеннага транспарту, які ў 80-я гг. ХХ стагоддзя вывозіўся з Польшчы і Германіі. У крэпасці ў 1986 годзе я прымаў прысягу.
Гэта гераічная зямля па праву можа славіцца і сваімі дасягненнямі, і рэкордамі. Я ганаруся тым, што Брэст першым з беларускіх гарадоў атрымаў яшчэ ў 1390 годзе самакіраванне паводле Магдэбургскага права, а прывілеем 1441 года ён быў аднесены да 15 галоўных гарадоў ВКЛ. Тут у 1553 годзе брэсцкі стараста М.Радзівіл заснаваў першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню, у якой у 1563 годзе была выдадзена Брэсцкая Біблія. У вёсцы Аркадзія Брэсцкага раёна на мяжы 19 - пачатку 20 стагоддзя была ўзведзена капліца ў гонар ураджэнца Брэстчыны, беларускага пісьменніка Афанасія Філіповіча (Афанасія Брэсцкага), якую ў 1988 годзе аднавілі і асвяцілі. У былым маёнтку Лышчыцы нарадзіўся беларускі мысліцель 17 стагоддзя Казімір Лышчынскі, а ў маёнтку Скокі - пісьменнік, палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай Юльян Нямцэвіч.
Давялося мне аднойчы працаваць і ў Брэсцкай абласной бібліятэцы, наведваць абласны краязнаўчы музей. Хочацца сказаць вялікі дзякуй добрым і інтэлігентным калектывам гэтых культурных устаноў. Адпачываў я і на курорце «Белае возера» з санаторыем «Бярэсце».
Мне, як вандроўніку, давялося ўбачыць прытокі Заходняга Буга - Мухавец, Лясную, Спанаўку, Серадовую рэчку, Капаёўку. Неаднойчы мне даводзілася адпачываць і вудзіць рыбу і на тутэйшых азёрах - ля Селяхоўскага і Мяднянскага… Даспадобы майму сэрцу і мясцовыя заказнікі - біялагічны Селяхі і ландшафтны Прыбужскае Палессе. Дарэчы, большая частка Брэсцкага раёна і размешчана ў межах Брэсцкага Палесся.
Шчаслівым чалавекам адчуваеш сябе і на ўлонні Мяднянскіх ельнікаў і Лютаўскіх букаў.
У вёсцы Чарнаўчыцы знаходзіцца самы старажытны помнік архітэктуры Брэсцкага раёна - Троіцкі касцёл 1583 года, а ў вёсцы Шумакі - Свята-Праабражэнская царква 1609 года. У вёсцы Збірагі збераглася царква Параскевы Пятніцы і званіца 1610 года.
Сама прырода-матухна назаўсёды ўвекавечана ў назвах тутэйшых вёсачак - Ліпнікі, Дубок, Падлессе Камянецкае. Бо якое ж Палессе без вялікага лесу?
У імені Брэстчына чуецца пах бруснічніку, што рос у лесе маленства. Помніцца, як пад ялінамі быў сухі ўзгорачак, на якім густа разрасталіся штогод верасы і бліскучы бруснічнік.
У імені Брэстчына мне чуецца брыль, які любіў насіць мой дзед Ясь.
Для мяне Брэстчына - гэта брыльянт. І як добра, што мае землякі ўжо даўно ўцямілі, што гэты алмаз трэба доўга шліфаваць, каб ён набыў сапраўдны бляск, каб ззяў, як сонейка Айчыны.
На Брэстчыне мясцовасць чыстая, зусім адкрытая. Такія чыстыя і душы маіх землякоў, адкрытыя ўсмешкі на іх тварах. А ў вачах іскрыцца мірнае і лагоднае сонца.
Квітней, родная Брэстчына, і ў 21-м стагоддзі!