• 15 °C
    Погода в Бресте
  • 1.9457
    Курс валюты в Бресте
    USD1.9457
    EURO2.314
    100 RUB3.344

Факсімільнае Тураўскае Евангелле прывезлі ў Брэст

2 418 24.12.2014

Прэзентацыя выдання - копіі знакамітага помніка славянскай пісьменнасці - прайшла ў абласной бібліятэцы 23 снежня.

Тураўскае Евангелле створана ў XI стагоддзі і лічыцца старажытнейшым помнікам кніжнай культуры, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На жаль, да нашых дзён дайшлі толькі 10 аркушаў, якія былі знойдены ў Тураве ў 1865 годдзе. З таго часу арыгінал захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх у Вільні. Вярнуць Тураўскае Евангелле пакуль атрымалася толькі ў якасці факсімільнага выдання.

«Да самой ідэі факсімільнага ўзнаўлення Тураўскага Евангелля ішлі даволі доўга. Гэта не першая спроба выдаць яго факсімільна або вярнуць арыгінал у Беларусь, — узгадаў намеснік дырэктара Нацыянальная бібліятэкі Беларусі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша. — Я магу прывесці такі прыклад. У пачатку 1990-х гадоў па лініі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь была спроба вярнуць Тураўскае Евангелле ў Беларусь. Спроба была звязаная з выхадам праз дыпламатычныя каналы на кіраўніцтва Літоўскай Рэспублікі з прапановай вярнуць на радзіму гэты каштоўны кніжны помнік. Усё завяршылася перадачай у фонды бібліятэкі Беларусі копіі Тураўскага Евангелля, прычым нават не яго самога, а выдання XIX стагоддзя, хромалітаграфіі, падрыхтаванай у 1868 годзе у Санкт-Пецярбурге, арыгінал якога ў нас і без таго быў». Перамовы вяліся і пасля гэтага выпадку, і сёння мы здолелі атрымаць якасную копію арыгінала выдання.

Тураўскае Евангелле — гэта Евангелле-апракос. Тэкст Свяшчэннага Пісання размешчаны не паводле парадку, да якога мы прывыклі: Евангелле паводле Матфея, паводле Марка і г. д., а згодна з тыднёвымі царкоўнымі чытаннямі, пачынаючы з Велікоднага тыдня.

Тураўскія лісты змяшчаюць дадатковыя запісы, два з якіх былі зроблены ў XVI стагоддзі ад імя князёў Астрожскіх.

Чаму гэты помнік важны для нас? На думку Аляксандра Сушы, можна вылучыць тры прычыны. «Па-першае, мы маем справу фактычна з адным з самых ранніх і бяспрэчна мясцовага паходжання кніжніх помнікаў. Па-другое, гэта сведчанне высокага ўзроўню духоўнасці і традыцый хрысціянства на беларускай зямлі. Наша гісторыя пачынаецца не ўчора і не пазаўчора, не 10 і не 100 гадоў таму назад. Ужо тысячу гадоў таму нашыя продкі не проста ўмелі чытаць, а стваралі помнікі духоўнасці, і гэтыя помнікі звязаны з хрысціянскай традыцыяй. Па-трэцяе, мы бачым сведчанне і фактычна асабісты ўдзел знакамітай гістарычнай асобы — князя Канстанціна Астрожскага. Можа быць, гэта не зусім зразумела, як у святой кнізе можна было пакінуць нейкія ўласнаручныя каментарыі. Але гэта з’ява была характэрна для беларускіх і ўкраінскіх земляў. Гэта сведчыць пра тое, што пергаменныя спісы выклікалі меншы давер, чым такі кніжны помнік. Фактычна пакінуць уласнаручнае абяцанне аб перадачы зямельных уладанняў, матэрыяльных каштоўнасцей царкве, храму ў Бібліі значыла паклясціся на Бібліі», — падкрэсліў Аляксандр Суша.

Перавыданне Тураўскага Евангелля стала працягам доўгатэрміновага праекта кампаніі Xerox і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па ўзнаўленні беларускіх помнікаў пісьменства. У 2012 годзе быў перавыдадзены віленскі «Буквар» 1767 года — самы ранні беларускі буквар, які захаваўся да нашых часоў.

Кніга была выпушчана тыражом 500 асобнікаў з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій. Апроч уласна факсімільнага ўзнаўлення ў выданне ўключаны навуковыя каментарыі. Па аднаму ўнікальнаму асобніку перадалі ў Брэсцкі, Баранавіцкі і Палескі дзяржаўныя ўніверсітэты. Атрымалі выданне і бібліятэкі Брэста, Баранавічаў і Пінска.

Комментарии

Добавить комментарий

Адрес вашего почтового ящика не будет виден остальным. Обязательные поля помечены *. На сайте действует премодерация. Это значит, что ваш комментарий будет опубликован только после проверки его модератором. Ваше сообщение будет опубликовано, если оно не нарушает правила. Узнать условия