• 15 °C
    Погода в Бресте
  • 1.9457
    Курс валюты в Бресте
    USD1.9457
    EURO2.314
    100 RUB3.344

Андрэй Хадановіч: «Чым больш цэнзуры, тым больш слухачоў прыйдзе на чытанні»

1 470 05.11.2013

У рамках Сёмага тыдня нямецкай мовы і культуры, які праходзіў 18 - 27 кастрычніка, у Берасце завітаў паэт і перакладчык, кіраўнік беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч. 24 кастрычніка ён сустрэўся з чытачамі ў абласной бібліятэцы імя М.Горкага, а пасля адказаў на пытанні карэспандэнткі «БГ».

— Як сённяшні паэт Андрэй Хадановіч ставіцца да таго паэта, якім ён быў 10 гадоў таму?

— Стаўлюся з лёгкай іроніяй і разуменнем. З лёгкай настальгіяй. На жаль, дні ідуць, маладзейшымі, прыгажэйшымі, па-добраму дурнейшымі мы не робімся. Добра быць аптымістам, верыць у тое, што ты ўсё можаш і ўсё паспееш. Верыць ва ўласны талент, «геніяльнасць». З часам усё гэта дзеліцца на крытычнасць, на сякі-такі досвед.

Мне гэты аўтар сімпатычны, але здаецца, што гэта ўжо не зусім я. Не той малады энтузіяст, які, пачуўшы сцверджанне, што па-беларуску нельга выразіць складаную думку, спрабуе нешта напісаць, падбірае беларускія словы. З яго смяюцца рускамоўныя калегі: «Не выпендрывайся, ты нашмат лепей можаш па-руску зрабіць». Я гэта разумею, але працягваю нейкі эксперымент, і раптам нешта пачынае атрымлівацца.

Трэба сказаць, што я прыйшоў да пісання псіхічна загартаваным. Я ж не дэбютаваў у 16 — 18 год, мне быў амаль трыццатнік. На той момант я дзесяць гадоў крэмзаў рускамоўныя вершы, і ёсць нават людзі, якія шкадуюць тых эксперыментаў. Але змяняецца час, змяняецца кантэкст, у якім ты жывеш.

Сёлета я дажыў да дзвюх выбраных кніжак. Скарыстаўшыся прапазіцыяй Валянціна Акудовіча, я выдаў кнігу сваіх выбраных твораў у яго серыі «Я кнігу маю». Гэтай кніжкай «Дежа вю» зручна карыстацца на выступах. Усё, што я хацеў бы прачытаць з напісанага цягам 10 — 12 гадоў, змешчана ў ёй. Ды і чытач не мусіць шукаць нейкі тэкст у шасці папярэдніх кніжках. І месца на паліцы эканоміць, і лес беражэ.

Іншым падвядзеннем вынікаў для мяне стала кніжка «Разам з пылам», дзе я сабраў пераклады, што рабіў на працягу 15 гадоў з розных моваў. Яна для мяне, можа быць, яшчэ важнейшая. Мне прыемна, што насуперак тым, хто казаў, што складаную думку нельга выразіць па-беларуску, някепска сябе пачуваюць у ёй французы Шарль Бадлер, Стэфан Малармэ, Гіём Апалінэр, англамоўныя паэты Джон Дон, Уільям Батлер Ейтс, Уістан Х’ю Одэн, палякі Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі, Чэслаў Мілаш, Збігнеў Гэрбэрт, рускія паэты Осіп Мандэльштам, Генадзь Айгі і Іосіф Бродскі.

Карацей, шмат чаго змянілася. Крытычней стаўлюся да сабе. Таксама да калег, у тым ліку і маладзейшых, што, па-мойму, занадта сур’ёзна ставяцца да сябе. Мне сёння больш падабаецца не гарацыяўская формула «Не, цалкам не памру», а тое, як яе ўдакладніў Чэслаў Мілаш: «Не, цалкам не памру. Ад мяне застанецца згадка ў энцыклапедыі ў 15-м томе, паміж Мілерам і Мікі Маусам». Вось прыкладна месца сучаснага чалавека ў свеце.

— На сустрэчы Вы згадвалі, што на Вас як паэта паўплываў прыклад бацькі, які ў пэўным сэнсе вёў «багемнае» жыццё. Як жывецца паэту ў сучаснай Беларусі?

— Ёсць цэлы набор недахопаў, але адначасова і цэлы набор перавагаў. Паэту, як і любому творцу, чым горш жывецца, тым лепей для яго творчасці. У сітуацыі, калі існуе цэнзура, оруэлаўскае дваедумства, калі на кухні чалавек адзін, а на працы другі, тыя, хто спрабуе працаваць са словам, пісаць цікавыя тэксты ў свеце, пазбаўленным праўды, маюць як бы «на халяву» дадатковае поле інтарэсу да іх творчасці. Чым больш цэнзуры, тым больш слухачоў прыйдзе на твае чытанні.

Варта тут згадаць бясспрэчна знакавыя імёны Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева. Такія творцы робяцца культавымі фігурамі і атрымліваюць пытанні, не толькі звязаныя з творчасцю, але і накшталт такіх, як жыць далей, як паводзіць сябе ў цяжкай сітуацыі. Гэта не гаворыць пра здаровае культурнае жыццё. Калі на сустрэчу з паэтам прыходзяць людзі, якіх больш цікавіць не творчасць, а нейкія спадарожныя моманты, гэта крышачку трывожна. У самога аўтара з’яўляецца спакуса сказаць не тое, што ён хоча сказаць, а тое, што ад яго хацелі б пачуць.

З іншага боку, мяне раздражняюць стэрэатыпы пра беларускае як ужо неактуальнае, калі «не сапсаваны культурай» чалавек думае, што ўсё, што пісалася па-беларуску, — гэта даўно мінулае. Гэта такое «таварыства мёртвых паэтаў».

Мая знаёмая працуе ў сферы адукацыі. І ў яе школе на пазакласным чытанні хтосьці па сваім выбары знайшоў лімэрыкі Хадановіча і прачытаў на памяць. Калі настаўніца спытала, што вучань ведае пра аўтара, той задумаўся на хвілінку і адказаў: «Здаецца, яго рэпрэсавалі разам з Уладзімірам Жылкам у 1930-х». Можна смяяца, што для рэпрэсаванага я някепска выглядаю. Але ў гэтай сітуацыі аўтар павінен не ленавацца, быць актыўным і мабільным. Хадзіць на спатканні з чытачамі, каб атрымліваць адваротную сувязь.

— У Берасце Вы не першы раз прыехалі.

— Так. Ужо склалася добрая традыцыя, што я пару-тройку разоў на год бываю ў Берасці. Мне б хацелася, каб Берасце, Горадня былі памежнымі не толькі ў геаграфічным сэнсе, але і ў культурным.Фармальна ў Беларусі ўжо няма «жалезнай заслоны», але ўсё роўна прысутнічае ксенафобская насцярожаннасць перад Захадам. Нас палохаюць Еўропай, і ў гэтым сэнсе добра, калі у Горадні, дзе рукой падаць да Польшчы і Літвы, у Берасці, дзе побач не толькі Польшча, але і Украіна, будзе прысутнічаць культура нашых суседзяў у лепшых праявах. Не можа быць нармальнай Беларусі без суседскага, цярпімага стаўлення, без зацікаўленасці да іншасці.

Так ужо гістарычна склалася, што мы маем па-добраму «шызафрэнічную» свядомасць. Мы ніколі не былі монаэтнічнай, монакультурнай, монаканфесійнай краінай. Мой старэйшы прыяцель Сакрат Яновіч, культавы пісьменнік з Беласточчыны, нязменна любіў расказваць пра сваіх дзеда ці бацьку. Яны былі непісьменнымі, але заўсёды маглі свабодна гаварыць на 5 — 6 мовах. Прыходзілі да польскага пана — свабодна гаварылі па-польску, прыходзілі да расійскага чыноўніка — гаварылі па-руску, прыходзілі да суседа — гаварылі па-ўкраінску, да гандляра-габрэя ў краму — разумелі на ідышы.

Посмадэрнісцкая карціна тыповага беларускага горада ці мястэчка ўяўляе сабой пляц, а на ім царкву, насупраць якой стаіць касцёл. А з трэцяга боку (добра, калі яе не ператварылі ў піўнуху ці нейкі склад) — сінагога, а з чацвёртага — райвыканкам з помнікам Леніна. І ўсе гэтыя сімвалы з гонарам стаяць і суседнічаюць. Наша культура, як палімпсест, напісана слаямі, адзін паўзверх другога. І было б хораша, каб гэтыя слаі не знішчалі адзін аднаго, а ўзаемна накладаліся і рабілі нас багацейшымі.

Мае калегі-беларусы могуць абражацца, але мы ніколі не будзем толькі беларускамоўнымі, як бы мне, скажам, не хацелася гэтага. Але мы ніколі не будзем і толькі рускамоўнымі.

— Але пытанне цярпімасці беларусаў дастаткова спрэчнае.

— Мы і нашы суседзі яшчэ не навучыліся карыстацца адной культурнай спадчынай. Мы гаворым, што Адам Міцкевіч наш паэт, таму што ён нарадзіўся ў Навагрудку. Літоўцы могуць сказаць, што Міцкевіч іх паэт, таму што ён пісаў «Літва — мая айчына». А палякі справядліва скажуць, што радзіма паэта — гэта яго мова. Але разам з тым культура належыць таму, хто ўмее ёй плённа карыстацца. Калі «Пан Тадэвуш» быў прыкладам для Якуба Коласа, калі ён пісаў «Новую зямлю», то ў гэтым сэнсе Міцкевіч наш. Калі ён натхняе калег з Польшчы, ён іхні.

— На Вашу думку, мова, якой карыстаецца паэт, вызначае яго прыналежнасць да пэўнай культуры? Ці паэта, які піша па-руску, можна назваць беларускім?

— Гэтае пытанне мае некалькі адказаў, якія канфліктуюць адзін з адным. У Беларусі яно нездарова завострана, бо на ўсім стаіць палітычная пячатка. Атрымліваецца так, што рускамоўная інтэлігенцыя робіцца свайго роду закладніцай расійскай імперскай палітыкі. Груба кажучы, чым мацней парушаюцца лінгвістычныя правы беларускамоўных у маштабе ўсёй краіны, тым, на жаль, мацней парушаюцца ў творчым асяродку лінгвістычныя правы рускамоўнай часткі нашай супольнасці. Баюся, што рускамоўнаму аўтару зробіцца ў нас камфортна не раней, чым у маштабе ўсёй краіны зробіцца камфортна беларускай мове.

Я не зайздрошчу сваім расійскамоўным калегам-літаратарам. Калі яны не зашораныя інтэлектуальна і прытомныя грамадзяне, ім няма дзе сёння друкавацца. З аднаго боку, сумленны аўтар не будзе друкавацца ў падцэнзурных выданнях, а з другога — беларускамоўная інтэлігенцыя ставіцца крышачку раўніва да іх.

Мне здаецца, галоўнае — гэта думка самога аўтара, кім ён лічыць сябе. Беларускамоўнага грамадзяніна, які называе сябе рускім аўтарам, нельга заганяць у беларускія і наадварот. Нішто не замінае сёння рускамоўнаму аўтару з Беларусі лічыць сябе (і быць!) беларускім пісьменнікам. Усё залежыць ад таго, якое месца Беларусь займае ў карціне света аўтара.

На маю думку, гэта як у адносінах з рэлігіяй, вельмі далікатнае пытанне. Яно не вырашаецца адміністрацыйна. І, як бываюць феномены падвойнага грамадзянства, можа быць феномен падвойнай ідэнтычнасці.

— Вы досыць вольна абыходзіцеся з тэкстамі. Часам у іх няма знакаў прыпынку, вялікіх літар. Ад чаго гэта залежыць?

— Відаць, ад унутранага адчування, што зрабіць з канкрэтным тэкстам у канкрэтны момант. Дзесьці мне перашкаджаюць знакі прыпынку, дзесьці дапамагаюць. Гэта інтаітыўныя штукі, хай крытыкі з імі разбіраюцца.

Адзінае, на чым я настойваю, гэта на праве паэта быць іншым, калі ён хоча. Гэта ж не догма быць аднолькавым раз і назаўсёды. Жыццё змяняецца, а з ім і эстэтыка. Бываюць сітуацыі, калі хочаш размаўляць цытатамі і майстраваць цалкам з іх свой тэкст, а бывае, калі хочацца чагосьці іншага.

Так, пасля постмадэрнізму з’явіўся тэрмін «новая шчырасць». Прыйшло раптам пакаленне маладых аўтараў, якія не саромяцца ўжываць сур’ёзныя словы ў сур’ёзных кантэкстах. Яны будуць не толькі сцябацца з завышаных эмоцый, з патрыятычных кантэкстаў і г. д. Яны спрабуюць без пафасу, без мітынговых крыкаў і школьнага павучання, спакойна прагаварыць істотныя для іх рэчы, зноў вярнуць важным словам важны сэнс. Гэта і Марыя Мартысевіч, і Віталь Рыжкоў, і Уладзь Лянкевіч, і Антон Рудак — спіс далёка не поўны.

На гэтым фоне ўжываеш ты ці не знакі прыпынку — штука другасная. Трэба ўсведамляць, што зараз у беларускай культуры адбываюцца істотныя змены. Мне здаецца, што яна пераадольвае нейкія хваробы росту, як, скажам, нязграбныя падлеткі афармляюцца ў маладых людзей. Як літаратурная гераіня, што, юная і прыгожая, збіраецца на свой першы баль. Можа, гэта выявіцца ў шматлікіх перакладах на еўрапейскія мовы, у шэрагу міжнародных прэмій для нашых літаратараў і, нарэшце, у самым галоўным — сустрэчы беларускіх аўтараў з беларускімі чытачамі.

Комментарии

Добавить комментарий

Адрес вашего почтового ящика не будет виден остальным. Обязательные поля помечены *. На сайте действует премодерация. Это значит, что ваш комментарий будет опубликован только после проверки его модератором. Ваше сообщение будет опубликовано, если оно не нарушает правила. Узнать условия